Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Савушкін» як прывід ультраправай партыі


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Апошнім часам некаторым грамадзянам давялося публічна, у тым ліку праз суд, адказаць за непавагу да беларускай мовы.

Прэцэдэнт стварыў журналіст Глеб Лабадзенка яшчэ ў 2013 годзе. Тады падзея здавалася фантастычнай, а будучыня беларушчыны ў Беларусі — фатальнай. Але час зьмяніўся.

Зьмяніўся найперш агульны трэнд на ўзроўні вялікіх і буйных бізнэс-арганізацый. Колькасьць беларускамоўнай рэклямы паболела ў разы.

Дзяржава перахапіла ад грамадзкасьці трэнд з нацыянальным арнамэнтам. Дзяржава абмяркоўвае ў ток-шоў тэму беларускай нацыянальнай ідэі. А прыдзяржаўная партыя ЛДПБ заяўляе вуснамі аднаго са сваіх лідэраў пра неабходнасьць «здаровага нацыяналізму».

Лукашэнка віншуе праваслаўных на Раство па-беларуску, а побач зь ім у Катэдральным саборы стаіць дзяўчынка ў белай сукенцы з чырвоным пасам.

Гаворка не пра нейкія фундамэнальныя палітычныя зьмены. Гаворка пра трэнд.

А тут фірма «Савушкін прадукт» хлусіць пра тое, што дубляваньне на ўпакоўцы тавараў беларускай мовай «значна» (!) уздаражыць прадукцыю. Хлусіць, бо скрозь адваротныя прыклады. Часам нават на таварах расейскага паходжаньня можна сустрэць беларускую мову, хоць у Расеі відавочна ніхто не прымушае вытворцу.

Умоўны «савушкін» ня ловіць мышэй, не адчувае зьмены. Такіх «савушкіных» багата на розных узроўнях.

«Савушкін» не разумее, што ўжо прычыніў сабе калі не матэрыяльныя, дык рэпутацыйныя страты. Здавалася б — пайдзі насустрач хоць бы дэкляратыўна. «Якія згубы, каму насустрач?!» — зьдзівіцца «савушкін».

Умоўны «савушкін» усё яшчэ з пагардай да беларускай мовы ў дыскусіях у сацсетках цьвердзіць пра 90% расейскамоўных беларусаў, не разумеючы, што стаўленьне да якой-кольвек мовы можа быць ня толькі тэхнічным, але і эмацыйным.

«Савушкін» не зьбіраецца ісьці насустрач умоўным «10%», не разумеючы, што працэнтаў значна болей. Бо калі на ўсіх перапісах насельніцтва большасьць называе беларускую мову роднай, гэта значыць, што большасьць ставіцца да беларускай мовы прыязна, зь цеплынёю, нават калі не ўжывае яе штодня.

«10%» — гэта актыўныя ў жыцьці грамадзяне, часта лідэры думкі ў сваіх асяродках, гэта матываваныя людзі, якія з кожным годам усё больш самаарганізоўваюцца, умеюць карыстацца легальнымі сродкамі ўплыву на грамадзкую думку і дзяржаўныя структуры: зьбіраць подпісы, пісаць пэтыцыі і звароты, калі трэба — заявы ў суды.

Адмаўляючы беларускай мове ў правах, «савушкіны» правакуюць канфлікт у грамадзтве, нібыта прадстаўляючы асобную — выключна расейскацэнтрычную групу людзей, якім няма справы да ўсяго беларускага.

І тым самым «савушкіны» выступаюць у ролі ультраправых, якія грэбуюць правамі грамадзянаў паводле, напрыклад, моўнай прыкметы.

Гэта ў традыцыйна цэнтрысцкім грамадзтве, дзе большасьць імкнецца вырашаць канфлікты праз дамовы, а не супрацьстаяньне.

Упэўнены, што «ультраправасьць» умоўных «савушкіных» збольшага ненаўмысная. Яны жывуць у савецка-расейскай традыцыі і для іх беларускасьць малавядомая і незразумелая, падаецца нейкім фальклёрным антуражам з «Дажынак».

Ня думаю, што ў Беларусі рэальна сфармаваць нейкую прарасейскую палітычную сілу, якая б арганізавана пачала супрацьстаяць беларушчыне і працаваць на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасьці.

Мэнталітэт «савушкіных» — хутчэй рудымэнт, у якім жыцьцё падтрымліваецца тым, што Беларусь існуе ў расейскім інфармацыйным полі.

Тым часам умоўныя «10%» грамадзянаў нясьпешна, але ўпэўнена зьмяняюць статус беларускай мовы і беларушчыны як ідэі наагул. Гэтыя «10%» — людзі самых розных сфэраў. Ад вясковага краязнаўцы да чыноўніка высокага рангу.

Хочацца, каб усё болей людзей далучалася да супольнага дзеяньня ў адстойваньні сваіх інтарэсаў.

«Вы праўда верыце, што сваімі пастамі ў фэйсбуку ці артыкуламі у “апазыцыйных” СМІ на кагосьці ўплываеце?» — спытаўся ў мяне нядаўна беларусацэнтрычны чалавек з вышэйшай адукацыяй і імем у прафэсійнай сфэры на ўзроўні Эўропы.

Я ня веру, я ведаю, бо бачу. Бачу, што на актыўнасьць у сеціве ідзе афіцыйная рэакцыя, бо сеціва даўно сталася часткай рэальнасьці.

Таму падтрымліваю пэтыцыю за дзьве мовы на этыкетках, якая мае быць накіраваная ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў. Не гуляць у «веру—ня веру», а паставіць подпіс і паглядзець на эфэкт, які залежыць ад колькасьці галасоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG