Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халоднае надвор’е павялічвае рызыку сардэчнага прыступу і інсульту. Пра гэта інфармуе сайт www.sharecare.com

У адных толькі Злучаных Штатах Амэрыкі кожны год у 700 тысяч чалавек здараецца сардэчны прыступ і амаль 800 тысяч атрымліваюць інсульт. Прыблізна шостая частка гэтых выпадкаў аказваецца фатальнай.

Гэтая бяда можа здарыцца з чалавекам у кожную пару году, але зімой назіраецца ўсплёск. Чаму? «Ёсьць шмат розных тэорый, — кажа Бэнджамін Янг, доктар мэдыцыны са штату Каларада. — Магчыма, з прычыны нізкіх тэмпэратур. Ніхто дакладна ня ведае, чаму гэта адбываецца». Як жа трэба сябе паводзіць тым, у каго ёсьць рызыка сардэчнага прыступу ці інсульт?

Прызнаць ролю надвор’я

Нізкія тэмпэратуры прымушаюць крывяносныя судзіны звужацца, што ўскладняе працэс пампаваньня крыві сэрцам і павышае крывяны ціск. Гэта павялічвае рызыку сардэчнага прыступу або інсульту, асабліва калі маюць месца і іншыя фактары рызыкі, такія як атлусьценьне, высокі ўзровень халестэрыну або дыябэт. Спалучэньне нізкіх тэмпэратур і фізычнай нагрузкі, напрыклад, чыстка сьнегу (і, адпаведна, большая патрэба ў кіслародзе) таксама можа павялічыць рызыку сардэчнага прыступу ды інсульту.

Асьцерагайцеся іншых фактараў

Але ня ўсе лекары вінавацяць халоднае надвор’е. Вынікі праведзенага ў штаце Каліфорнія дасьледаваньня паказваюць, што ўзровень зімовай сьмяротнасьці ад сардэчнага прыступу і інсульту можа быць зьвязаны з рэзкімі зьменамі тэмпэратуры на працягу зімы.

Ёсьць і іншыя фактары, кажа доктар Янг. Сьвяточныя стрэсы і сэзонная дэпрэсія могуць адыгрываць пэўную ролю. Некаторыя навукоўцы называюць адсутнасьць фізычных практыкаваньняў і няправільнае харчаваньне на працягу зімовых месяцаў, як і празьмернае ўжываньне алькаголю падчас зімовых сьвятаў.

Трэба ведаць прыкметы прыступу

Сымптомы ў розных людзей вельмі адрозьніваюцца. Сярод прыкметаў інсульту страта або пагаршэньне зроку, праблемы з балянсам, слабасьць у адной палове цела або абвісаньне паловы твару. Сярод прыкметаў інфаркту боль у грудзях, ціск у грудзях ці нават праблемы з дыханьнем, а таксама млоснасьць пры фізычнай нагрузцы. Гэтыя прыкметы могуць зьнікаць пасьля адпачынку.

Паляпшэньне здароўя сэрца

Вы можаце ўжыць некаторыя захады, каб зьменшыць рызыку на працягу зімовых месяцаў. Вось яны:

Не перанапружвайцеся пры ачыстцы ўласнага падворку ад сьнегу.

Цёпла апранайцеся, калі плянуеце бавіць час на вуліцы.
Старайцеся пазьбягаць стрэсавых сытуацый падчас вакацый. Калі гэта не ўяўляецца магчымым, пашукайце спосабы кантролю стрэсу.

Прытрымлівайцеся прадпісанага вам пляну лячэньня.

Памятайце пра рэгулярныя фізычныя практыкаваньні і здаровую ежу.

І не забывайцеся на лекі, калі вы падарожнічаеце.

Апрача гэтага, трэба не забывацца на працягу ўсяго году кантраляваць узровень халестэрыну і крывяны ціск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG