Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архіяпіскап Логін: няхай Калядная зорка зьзяе ў сэрцах


Калядны зварот да вернікаў архіяпіскапа Наваградзкага Сьвятаслава Логіна, Першагерарха Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

«Перадусім, на тое мы й Хрысьціяне, ведаючы ўсе навукі быцьця, якое мінае, патрабуем рэчы вечнае — Духоўнага збаўленьня.» (Францішак Скарына, прадмова да ўсяе Бібліі, 1517г.)

Любыя браты і сёстры ў Хрысьце!

Ізноў мы сьвяткуем Нараджэньне Хрыстовае — сьвята прыходу ў чалавечым целе на Зямлю Сына Божага, другое асобы Прасьвятое Тройцы. За дзьве тысячы гадоў, якія мінулі ад гэтае гістарычнае падзеі, чалавецтва матэрыяльна вельмі разьвілася ў навуцы, тэхніцы й дабрабыце, але духоўныя праблемы засталіся — нянавісьць, войны, захоп чужых земляў... Гэта значыць, што навука Ісуса Хрыста і шлях, які Ён паказаў людзям, ёсьць сёньня і будуць заўсёды вельмі актуальныя для ўсіх нас. Таму кожны год сустракаем Каляды ўрачыста й радасна, з надзеяй на перамогу Хрыстовае любові, якую Ён прынёс людзям, каб яны дасягнулі Ўладарства Божага, якое Ён прапаведваў.

Сьвятаслаў Логін, Архіяпіскап Наваградзкі, Першагерарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
Сьвятаслаў Логін, Архіяпіскап Наваградзкі, Першагерарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Беларускі народ, які далучыўся да Хрысьціянства болей за тысячу гадоў таму, а пяцьсот год таму выдаў Біблію на роднай мове, на працягу свае вялікае гісторыі ня толькі пабожна цярпеў нягоды у часы акупацыі заходнімі ці ўсходнімі суседзямі, але й заўсёды жыў праўдзіва, змагаючыся за сваю тоеснасьць. А сіла і сьвятасьць — у праўдзе. Таму з Божаю дапамогаю народ выстаяў, захаваўшы свой край і аднавіўшы сваю дзяржаву.

Цяпер таксама адчуваем небясьпеку дзяржаўнасьці Беларусі ад бязбожнага ўсходняга суседа, таму асабліва за змагароў за яе волю й незалежнасьць моліцца Беларуская Царква, таксама — за ўсіх беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў замежжы, просячы ў Госпада міру сваім суайчыньнікам у новым 2017 годзе, каб захоўваў нашу Бацькаўшчыну ад нашэсьця чужынцаў.

Няхай жа Бэтлеемская Зорка зьзяе на Калядных ялінках у кожнай хатцы ў гэтыя сьвяточныя дні, а ў сэрцах і душах кожнага чалавека — няспынна на працягу ўсяго ягонага жыцьця.

Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго!

Зь любасьцю й малітвамі,
+ Сьвятаслаў Логін,
Архіяпіскап Наваградзкі, Першагерарх
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Каляды 2016 / 2016 л.Б.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG