Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З жыцьця катоў, якія жывуць як людзі, і людзей, якія зайздросьцяць катам


Алена Германовіч

Алена Германовіч

На калядныя сьвяты яны зьехалі за мяжу. У адной з эўрапейскіх краінаў раней атабарыліся іх дзеці. Бацькі засталіся ў Беларусі, але часам езьдзяць да дачок, зяцёў і ўнукаў.

Адна праблема — каты. Але і яе пэнсіянэры пасьпяхова вырашаюць, давяраючы догляд прыяцелям, якія жывуць па суседзтву. Каты жывуць у розных кватэрах, бо, па словах гаспадароў, «ня любяць адзін аднаго». Таму было вырашана расьсяліць іх, тым больш што дазваляе жыльлёвая плошча — дзьве кватэры ў адным доме. Суседзям пэнсіянэры пакінулі рыбу, шмат рознай рыбы, і яшчэ нейкі адмысловы корм. Яшчэ пакінулі грошы, каб даглядчыкі катоў набывалі для зьвяркоў сьвежую рыбу. Для катоў распрацаваны рацыён, якога трэба няўхільна прытрымлівацца, каб харчаваньне было збалянсаваным і зьмяшчала неабходныя вітаміны, мінэралы і мікраэлемэнты для добрага функцыянаваньня кацінай страўнікавай сыстэмы, і каб блішчэла поўсьць і так далей. Спачатку яны кормяць аднаго ката, затым — другога, які ляжыць на канапе ў іншай кватэры і часам гадзіць на дарагія дываны, і гэта трэба прыбіраць. Такі паганы і подлы характар, відаць, калі вечарамі працуе «мінёрам» і псуе бэльгійскія дываны.

На разьвітаньне гаспадары кватэраў з катамі, трохі саромеючыся, папрасілі суседа яшчэ аб адной паслузе. «Мы ведаем, вы шмат чытаеце, у вас жа так шмат кнігаў! А нашым катам так жа самотна будзе бяз нас, яны ж небаракі, сядзяць суткамі ў чатырох сьценах. Разам жа яны ніяк не могуць ужыцца — ня любяць адзін аднаго... І напэўна пакутуюць ад самоты. Не маглі бы вы чытаць ім кнігі? Любыя кнігі, тыя, што вы чытаеце. Ну якая ж вам розьніца — ці вы дома чытаеце, для сябе, ці ў нашай кватэры будзеце чытаць, толькі ўслых, каб яны чулі і не пачуваліся так самотна?», — прасілі, заглядалі ў вочы тыя муж і жонка, стоячы ля дзьвярэй з чамаданамі. Сусед згадзіўся. Усё-ткі гэта ж сябры, і так даўно жывуць побач, і трэба ж дапамагаць адзін аднаму. Урэшце, чытаць услых — гэта ж не загана, калі просяць, то чаму не?

Ён распавядаў, што зараз якраз перачытвае «Майстра і Маргарыту». Уяўляю, як напружваюцца і ашчэрваюцца каты, як электрызуецца іх поўсьць, як незадаволена яны мяўкаюць, калі сусед чытае пра Бангу, вернага сабаку пракуратара Понція Пілата. Яны соладка заплюшчваюць вочы, прыцішваюць тахканьне сэрца, калі слухаюць пра Ката-Бегемота, які цягне з бочкі керчанскага селядца, ці пра Арчыбальда Арчыбальдавіча, які, скумекаўшы, што да чаго, бяжыць у цемру з двума балыкамі пад крысом. Каты нэрвова дзяруць кіпцюрамі дарагую абіўку канапы, зрэнкі іх расшыраюцца, калі стары сусед голасам дыктара чытае пра тое, як у Армавіры злавілі чорнага ката, зьвязалі лапы гальштукам, і так прыцягнулі ў міліцыю.

Вечарам, калі стары пойдзе дахаты, каты пэўна зноў будуць весьці дывэрсійную дзейнасьць — возьмуцца за закладку мінаў на дыванах. О такая ўдзячнасьць!

Кот Бегемот. Фота Елены Мартынюк

Кот Бегемот. Фота Елены Мартынюк

...Назаўтра, пасьля расповеду пра катоў, я паўтары гадзіны была адзіным і ўдзячным слухачом маналёгу адной начальніцы невялікага аддзелу буйнога прадпрыемства. Слушнасьць яе словаў пацьвярджалі яе ж падначаленыя, якія сядзелі тут жа, і са скрухай ківалі галовамі, маўляў, так, так, усё праўда, так і ёсьць. Яна распавядала, што буйное начальства апошнія гады проста азьвярэла: прэмій і матэрыяльнай дапамогі даўно ніхто ў вочы ня бачыў, нормы падвышаюць, «ганяюць як тых сабак», за кожную «правіннасьць» караюць жорстка. Але самае непрыемнае, па словах жанчыны, што людзей зараз за людзьмі ніхто і ня лічыць. «Ведаеце, як начальнік нас называе? І гэта ўсе ў нас ведаюць: Быдла! Ён на нас так кажа: Быдла! За вочы, а можа і ў вочы сказаць. Паўсюль ва ўсім мы вінаватыя. Раней на сходах маглі б і падзякаваць, і паперку нейкую даць, кшталту граматы, ці нешта такое. Зараз — не. Толькі адно: вы няздары, вы нічога не можаце, вы ўвесь час памыляецеся, вы тое, вы сёе. Бясконцыя абразы, больш нічога. Проста апускаюцца рукі, і нічога ня хочацца рабіць, бо такі прэсінг увесь час. І ніхто слова ня скажа на сходах. Некага падымуць і „пясочаць“. Астатнія сядзяць моўчкі, абы іх не чапалі. Кажуць — савецкія часы, ці паганыя 90-я. Няпраўда, у савецкія часы хоць граматы давалі, калі грошай было мала, ці пахваліць маглі, у прэзыдыюм пасадзіць. Дробязь, а прыемна. У 90-я — тады нам хоць цікава было жыць, усім было цікава, сьвет зьмяніўся, нейкая надзея была, усе пачалі круціцца, нешта зарабляць, прыдумляць. А зараз... Мы працуем зь людзьмі, а яны таксама сталі злосныя, увесь час абураюцца, просяць кнігу скаргаў, зрываюць на нас сваю злосьць, нібыта мы ў нечым вінаватыя. Можа, гэта ад таго, што ўсім зараз цяжка, можа, што грошай не хапае. Але ж мы таксама людзі!», — яна казала гэта голасам без ніякіх адценьняў ці эмоцый. Падначаленыя моўчкі слухалі, падтаквалі. Яна скончыла маналёг і, напэўна, узгадала, што таксама — начальнік. «Так, я не зразумела, чаму сядзім? Як у цябе зараз час адпачываць? Давай ідзі працуй! А вы што тут сабраліся? Хіба ваша працоўнае месца тут? Ну-ка на свае месцы! Ты! Чаму расхрыстаная, чаму валасы не прыбраныя? Што — навучыць, як правільна насіць форму?», — накінулася кабета на тых маладзейшых, «ніжэйшых». Тыя толькі зьдзіўлена лыпалі вачамі: здаецца, толькі ж хвіліну таму так душэўна сядзелі і размаўлялі! Але паслухмяна пачалі папраўляць «форму», прыбіраць валасы, разьбегліся па сваіх месцах. Начальнік ёсьць начальнік, чаго там.

...Вечарам той пэнсіянэр скардзіўся, што каты ўжо ня хочуць есьці карпаў і шчупакоў, і ім трэба шукаць іншую нейкую рыбу, перціся праз увесь горад на кірмаш, шукаць омуля там ці сьцерлядзь, ці стронгу, ня ведаю, што ім спадабаецца, гэтым катам, якія ня любяць адзін аднаго, і жывуць праз гэта ў асобных апартамэнтах.

Чаму я ня кот? — пакутліва разважаю вечарам, калі перада мной пытальнікам зьяўляюцца «новыя выклікі часу» — часу, які думае, што я здольная фінансаваць новую столь у школе, сыстэму аховы здароўя, камунальныя паслугі, забаўкі сына Сашы, і сваіх траіх хворых сваякоў. «Прыйдзе час, калі жывыя будуць зайздросьціць нябожчыкам» — узгадваю радкі з Бібліі. А катам? Пра катоў там нічога не напісана ў тым Апакаліпсісе?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG