Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Сытуацыя ў Эўропе нагадвае 30-ыя гады мінулага стагодзьдзя"


Я быў перакананы, што перагляд межаў — гэта архаізм, ад якога застаўся толькі сьлед і які не цікавіць сучасных палякаў. І так сапраўды было. Але апошнім часам я пачынаю ўсё часьцей чуць галасы імпэрыяльных дэманаў, піша публіцыст, аглядальнік парталу Wirtualna Polska Алег Барцэвіч.

Шмат гадоў таму, прыехаўшы на вучобу ў Польшчу, я загаварыў на Кракаўскім прадмесьці з дабрадушным чалавекам сталага веку. Здаецца, ён спытаўся дарогі. Я адказаў:

— На жаль, не магу вам дапамагчы, бо я не мясцовы.

— А адкуль вы прыехалі?

— Зь Беларусі.

— А зь якой мясцовасьці?

— Горадня.

— О, дык гэта прыгожы польскі горад.

Алег Барцэвіч

Алег Барцэвіч

На імгненьне я страціў дар мовы, але ня стаў абражацца на нацыянальнай глебе і растлумачыў пану, што так, некалі гэты горад быў у складзе Польшчы, але сёньня ён знаходзіцца ў Беларусі, і дай Бог, каб ужо ніхто не захацеў гуляць у крывавую зьмену межаў, бо беларусы жывуць з палякамі ў згодзе (як і зь іншымі народамі), і толькі ўзурпатар Лукашэнка нам усё псуе. Добразычлівы пан у прынцыпе пагадзіўся, і мы разьвіталіся ва ўзаемнай павазе. Апрача таго, я зразумеў, што ён прадстаўнік даваеннага пакаленьня, які нарадзіўся ў тых, а ня іншых рэаліях, і мае права на настальгію.

апошнім часам я пачынаю ўсё часьцей чуць галасы імпэрскіх дэманаў.

З тых часоў я быў перакананы, што перагляд межаў — гэта архаізм, ад якога застаўся толькі сьлед і які не цікавіць сучасных палякаў. І так сапраўды было. Але апошнім часам я пачынаю ўсё часьцей чуць галасы імпэрскіх дэманаў. Адзін з прыкладаў. На вясельлі ў Быдгашчы малады чалавек віншуе ў мікрафон маладую пару і ні з пушчы ні з поля кажа: «І каб мы дачакаліся, калі Львоў зноў стане польскім!». Альбо ўчорашні допіс знаёмага (у мінулым чальца мясцовага самакіраваньня і дзяржаўнага чыноўніка, зьвязанага з адной з парлямэнцкіх сілаў), дзе ён хваліць за адвагу сьвятара з Падляшша, які кажа пра «вяртаньне Віленшчыны ў матчыну старонку». І ўсё часьцей бачу ў сеціве малюнкі, як гэты, дзе да Польшчы далучаныя кавалкі сучаснай Літвы, Беларусі і Ўкраіны.

Калі я чую заявы кшталту «Мы забяром ад бандэраўцаў Львоў», то адказваю на гэта: «Ты глядзі, каб заўтра ніхто не пагрукаў па Брэслаў і Штэтын (Уроцлаў і Шчэцін). Кажу гэта дзеля таго, каб дагрукацца да некаторых, патлумачыць, якая небясьпека хаваецца ў магчымым адкрыцьці скрыні пандоры ў абліччы рэвізіі сучасных дзяржаўных межаў. Зрэшты, жахлівыя эфэкты гэтага ўжо можна пабачыць ва Ўкраіне.

Але не магу пахваліцца, што на ўсіх гэтая засьцярога дзейнічае эфэктыўна. Я задумваюся: чаму гэтыя маргінальныя дэманы пачалі прачынацца цяпер? Паводле маёй тэорыі, сьвет цяпер напярэдадні грандыёзнага шухеру, і некаторыя, у тым ліку і ў Польшчы, хацелі б злавіць у гэтым гармідары сваю «нацыянальную рыбку».

Сытуацыя вельмі нагадвае 30-ыя гады мінулага стагодзьдзя. У Эўропе пашыраецца ізаляцыянізм, на ўладу ў асобных краінах прэтэндуюць сілы, якія прапануюць дбаць выключна пра свой спэцэфічны «нацыянальны» інтарэс замест таго, каб аб’ядноўвацца супраць глябальнага зла. Нагадаю, як гэта ўсё сканчаецца. У 1938 годзе Польшча бярэ ўдзел у падзеле Чэхаславаччыны (Заользе, у якім таксама жыло шмат палякаў). А ўжо праз год Гітлер са Сталіным дзеляць Польшчу разам з паловай Эўропы.

Я прашу, заклікаю: давайце не паўтараць гістарычных памылак, ня дбаць пра свае комплексы. Змагаймася разам супраць карычневага зла. Кожны бачыць, адкуль яно сёньня бярэцца.

Алег Барцэвіч - журналіст, публіцыст. Супрацоўнічае зь беларускімі, а таксама польскімі СМІ. Жыве ў Варшаве

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG