Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Ўкраіна захаваюць спрошчаны памежны рэжым для авіяцыі ў часе надзвычайных сытуацый


Беларусь і Ўкраіна плянуюць найбліжэйшым часам падпісаць новае міжурадавае пагадненьне пра супрацу ў галіне авіяцыйнага пошуку і выратаваньня ў часе надзвычайных сытуацый.

«Праект пагадненьня ўжо падрыхтаваны і пагоджаны зь беларускім бокам. Урад зацьвердзіў і ўпаваўнаважыў кіраўніка нашай службы Міколу Чачоткіна падпісаць яго ад імя ўкраінскага ўраду. Зараз мы вядзем перамовы зь беларускім бокам пра тэрміны падпісаньня дакумэнту», — паведаміла Радыё Свабода кіраўніца ўпраўленьня эўрапейскай інтэграцыі і міжнароднага супрацоўніцтва Дзяржаўнай службы з надзвычайных сытуацый Алена Быкава.

У сваю чаргу кіраўнік упраўленьня авіяцыі ды авіяцыйнага пошуку і выратаваньня Дзяржаўнай службы Ўкраіны надзвычайных сытуацый Ігар Рунаеў удакладніў, што новае пагадненьне заменіць аналягічнае папярэдняе, тэрмін дзеяньня якога ўжо сплыў. «Гэта агульнапрынятае ў Эўропе пагадненьне пра супрацу, якое прадугледжвае магчымасьць бесьперашкоднага перасячэньня выратавальнаю авіяцыяю дзяржаўнай мяжы ў выпадку надзвычайных сытуацый», — патлумачыў Ігар Рунаеў.

У той жа час, паводле прадстаўніка Дзяржаўнай службы Ўкраіны надзвычайных сытуацый, за апошні час ані Ўкраіна, ані Беларусь ня малі патрэбы ў наданьні авіяцыйнай дапамогі ў надзвычайных сытуацыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG