Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі знайшлі яшчэ адно невялікае радовішча нафты. Чаму гэта важна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вытворчае аб’яднаньне «Беларусьнафта» паведаміла пра знаходжаньне радовішча нафты Вугальскае ў межах Рэчыцка-Вішанскага блёку. Запасы радовішча папярэдне ацэньваюцца ў 1,695 млн тонаў нафты.

Ці шмат гэта?

Апошнія 4 гады амаль столькі, як цэлае Вугальскае, здабывалі штогод ва ўсёй Беларусі — каля 1,645 млн т за год. Сорак гадоў таму аб’ёмы здабычы былі большымі, амаль 8 млн т за год, ды з таго часу асноўныя радовішчы ўступілі ў заключную стадыю здабычы. Усяго аб’ёмы нафты, якую можна здабыць у Беларусі, ацэньваліся летась у прыблізна 50 млн т, нафту здабывалі на 58 радовішчах.

Значна больш нафты Беларусь атрымлівае з Расеі. З 2016 году, паводле ранейшых дамоўленасьцяў, Расея мелася пастаўляць штогод 24 млн т нафты, але праз нафтагазавы канфлікт скараціла пастаўкі да 18 млн т. Адзін толькі «Лукойл» мае паставіць у Беларусь у 2017 годзе 2,5 млн т нафты — у паўтара раза больш, чым меркаваныя запасы Вугальскага.

«Беларусьнафта» прызнае: нафта ў радовішчы адносіцца да катэгорыі цяжкадаступных (глыбіня выведнай сьвідравіны — 5,2 км), але ёсьць станоўчы фактар: анамальна высокі пляставы ціск спросьціць здабычу.

Навошта тады здабываць?

Экспэрт у нафтагазавай галіне інтэрнэт-выданьня belrynok.by Тацяна Манёнак распавядае Свабодзе, што аб’ёмы радовішча Вугальскае сапраўды невялікія, але «гэта лепш, чым не было б зусім».

Радовішча, кажа яна, ня зможа забясьпечыць істотны аб’ём нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў (а НПЗ працавалі на палову магутнасьці праз скарачэньне паставак нафты з Расеі). Але падзея знакавая: магчымасьці здабычы нафты ў Беларусі мусілі б зьніжацца, некалькі гадоў таму меркавалася, што аб’ёмы яе будуць усё больш падаць. Ды цягам апошніх 4 гадоў аб’ёмы здабычы нафты трымаюцца на адным і тым жа ўзроўні дзякуючы сучасным тэхналёгіям і намаганьням нафтавікоў.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Справа ў тым, што ўвесь аб’ём нафты, здабытай у краіне, Беларусь экспартуе згодна пагадненьняў з расейскім бокам, а нафтавыя мыты ідуць у беларускі бюджэт, — тлумачыць Манёнак. — Я так разумею, што інвэстыцыі, што робяцца ў здабычу нафты, значна меншыя за той эфэкт, што атрымлівае Беларусь ад экспарту ўласнай нафты.

І самастойная здабыча нафты падтрымлівае ўзровень кваліфікацыі беларускіх нафтавікоў, якія займаюцца аналягічнымі праектамі ў Расеі, Эквадоры, Вэнэсуэле, імкнуцца пашырыць спэктар і тэрыторыі сваіх паслуг».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG