Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны кодэкс ЭАЭС: галаваломка подпісу Лукашэнкі


Чаму ён падпісаў толькі праект мытнага кодэксу Эўразійскага саюзу і што гэта азначае? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: 28 сьнежня Аляксандар Лукашэнка ўхваліў сваім указам праект дамовы аб мытным кодэксе Эўразійскага эканамічнага саюзу ў якасьці асновы для правядзеньня перамоваў.

Указ прадугледжвае, што дамова будзе падпісаная пры дасягненьні пагадненьня ў межах ухваленага праекту. На правядзеньне перамоваў па дамове ўпаўнаважаны Дзяржаўны мытны камітэт.

Варта нагадаць, што новая рэдакцыя мытнага кодэксу саюзу была падпісаная 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэньні найвышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады. Подпісы пад гэтым дакумэнтам паставілі кіраўнікі Расеі, Казахстану, Армэніі і Кіргізстану. Кіраўнікі гэтых чатырох краінаў падпісалі дакумэнт, як паведамляецца, канчаткова і без агаворак.

Кіраўнік Беларусі на саміт у Пецярбург наагул не паехаў без тлумачэньня прычынаў.

На адмысловай нарадзе 9 сьнежня Лукашэнка запатрабаваў забясьпечыць захаваньне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры прыняцьці Мытнага кодэксу ЭАЭС. Ён адзначыў неабходнасьць «даць аб’ектыўную ацэнку праекту, узважыць усе „за“ і „супраць“, пралічыць наступствы і магчымыя рызыкі». Тады ён пазначыў толькі адну канкрэтную прэтэнзію да праекту — што ў канчатковы варыянт дакумэнта не ўвайшла прапанова Беларусі аб паэтапным зьніжэньні нормаў бязмытнага ўвозу тавараў фізычнымі асобамі.

На першы погляд, гэтая прапанова не выглядае такой ужо прынцыпова важнай. Іншыя пярэчаньні публічна не агучваліся.

Але рашэньне кіраўніка Беларусі падпісаць дакумэнт як праект, а не як канчатковае міждзяржаўнае пагадненьне, не азначае згоды.

Некаторыя назіральнікі расцанілі гэта як капітуляцыю, поўнае прыняцьцё ўмоваў Масквы. Між тым пакуль рашэньне Менску такім ня ёсьць. Калі б Лукашэнка праз два дні пасьля пецярбурскага саміту падпісаў кодэкс, як гэта зрабілі чатыры прэзыдэнты, тады можна было б казаць пра істотную саступку, адыход ад пазыцыі, фактычна заяўленай на нарадзе 9 сьнежня.

Трэба сказаць, што сваім палавінчатым рашэньнем кіраўнік Беларусі паставіў у даволі нязручнае, мякка кажучы, становішча, як расейскага калегу Ўладзіміра Пуціна, так і кіраўнікоў Кіргізстану, Казахстану і Армэніі.

Калі Беларусь нязгодная з шэрагам прынцыповых момантаў новага кодэксу, нашто было выносіць яго на падпісаньне і тым больш падпісваць? Перамовы па кодэксе ішлі працяглы час. Які практычны сэнс мае подпіс пад праектам?

Эканамічны саюз, у адрозьненьне ад шлюбу, не прадугледжвае працэдуры заручынаў.

Беларусь хоча працягваць перамовы па кодэксе. А іншыя чатыры краіны хочуць працягваць гэтыя перамовы? Гледзячы па тым, што яны падпісалі кодэкс канчаткова — не. Фактычна іх подпісы дэзавуаваныя рашэньнем Менску. Няма агульнай згоды — няма супольнага рашэньня. Значыць, дзейнічае папярэдняя рэдакцыя кодэксу.

Гэта вынікае і зь лёгікі міждзяржаўных адносінаў, і з прыроды кодэксу. Эканамічны саюз — гэта ўнівэрсальныя правілы. Але ў межах саюзу даволі складана весьці гаспадарку, калі адзін суб’ект саюзу гандлюе па адных правілах, а іншыя — па іншых.

Не, нешта прамежкавае прыдумаць можна. Як, скажам, у Эўразьвязе цяпер адмова Галяндыі ратыфікаваць дамову аб асацыяцыі з Украінай істотна ўскладняе яе выкананьне і іншымі чальцамі Зьвязу. Але хто хоча ў ЭЗ, той выконвае палажэньні дамовы з Украінай. Аднак супольнай волі саюзу ў гэтым пытаньні няма.

Гэткае самае прамежкавае рашэньне ня выключанае і ў Эўразійскім саюзе адносна новага кодэксу. Аднак «чыстае» рашэньне — новага кодэксу няма. Або 4 удзельнікі прымусяць, угавораць, нарэшце, дамовяцца зь пятым, як ён і патрабуе, або подпісы чатырох па сутнасьці нічога ня важаць.

Могуць і прымусіць, і ўгаварыць, і нават дамовіцца, але гэтага яшчэ не адбылося. Развагі пра тое, што Расея ня мае сродкаў на шчодрыя падарункі Беларусі, што ўплыў у Маскве Лукашэнкі зьменшыўся, што апошнім часам беларускі кіраўнік заўсёды саступаў Крамлю — усё гэта магчыма так і ёсьць. Аднак подпіс пад праектам кодэксу нічога з гэтага не пацьвярджае.

Карбалевіч: Палавінчатае рашэньне Лукашэнкі — гэта і працяг тактыкі шантажу Масквы, і прапанова да торгу. Кодэкс меўся ўступіць у сілу з 1 студзеня 2017 году. І паводзіны Лукашэнкі тарпэдуюць гэта.

Што тычыцца юрыдычнага боку справы. Праблема ў тым, што ўсе краіны-ўдзельніцы ЭАЭС ставяцца да падпісаных дакумэнтаў вельмі выбарачна. То бок, выконваюць толькі тыя палажэньні, якія выгадныя і не выконваюць тых, якія нявыгадныя. Бо, напрыклад, аднабаковыя санкцыі адной краіны — Расеі — супраць трэціх краінаў (ЭЗ) бяз згоды іншых удзельнікаў мытнага саюзу або харчовая вайна РФ супраць Беларусі — гэта ўсё відавочныя парушэньні самога прынцыпу, духу і літары ідэі мытнага саюзу. Таму з прававога гледзішча Лукашэнка тут ня надта вылучаецца. Так робяць усе. Іншая справа, што цяпер Лукашэнка робіць гэта дэманстратыўна, з выклікам. У гэтым уся розьніца.

Таму сытуацыю варта разглядаць менавіта з палітычнага гледзішча. Гэта прапанова Маскве: давайце таргавацца. Маўляў, што вы мне прапануеце за тое, каб я падпісаў кодэкс? У Лукашэнкі было некалькі варыянтаў паводзінаў у гэтым рэчышчы. Можна было паехаць на саміт у Санкт-Пецярбург і там адмовіцца падпісаць мытны кодэкс. Другі варыянт: можна было ўвогуле ніяк не рэагаваць на тое, што падпісаныя чатырма прэзыдэнтамі ў Санкт-Пецярбургу дакумэнты даслалі ў Менск. Маўляў, яшчэ не атрымалі, пошта дрэнна працуе. Лукашэнка выбраў іншы варыянт.

Цыганкоў: Я б не ва ўсім пагадзіўся з ацэнкамі Юрыя, асабліва ў той плашчыні, што Лукашэнка праяўляе пэўную самастойнасьць. Я проста не зусім згодны з ацэнкай ступені і глыбіні гэтай самастойнасьці.

Давайце прывядзем адну лічбу. Сёлета на долю Расеі прападае 45,6% беларускага экспарту, на долю Эўразьвязу — 25,3 %. А што было ў 2011-ым? Расея — 34% беларускага экспарту, Эўразьвяз — 39%. То бок нягледзячы на ўсе афіцыйныя заявы пра пераарыентацыю экспарту, на дывэрсыфікацыю, эканамічная залежнасьць ад Расеі толькі павялічылася.

Як вы сабе ўяўляеце, што Беларусь ня будзе выконваць новы мытны кодэкс? Гэта што — беларускія тавары будуць успрымацца ў Расеі як замежныя, як заходнія?

Дракахруст: Паводле старога кодэксу. Калі не прымаецца новы кодэкс, то дзейнічае стары.

Цыганкоў: Юрыдычна тут ня ўсё так адназначна. Колькі ёсьць прыкладаў, калі нейкая краіна не падпісвае нейкі дакумэнт, і тады іншыя ўдзельнікі нейкага аб’яднаньня проста жывуць па новым дакумэнце, не зьвяртаючы ўвагу на «непадпісанта».

Дракахруст: Не магу цалкам з вамі пагадзіцца. Кодэкс — гэта не дэклярацыя. Там прапісаныя стаўкі мытаў, і ігнараваць іх складана. Так, такія крызісы здараюцца, мы памятаем, як нядаўна Галяндыя адмовілася ўхваліць дамову аб асацыяцыі з Украінай. Так, іншыя краіны цяпер могуць гандляваць з Украінай паводле гэтай дамовы. Але дамовы ўсяго Эўразьвязу з Украінай няма, бо выпала адна шашка — Галяндыя. І гэта істотная праблема.

Цыганкоў: Так. Але ў Эўразійскім саюзе усяго 5 краінаў, а не 27, і ім прасьцей дамовіцца гандляваць паміж сабой паводле новага мытнага кодэксу, ігнаруючы Беларусь. А ў стратэгічным сэнсе традыцыйная для Аляксандра Лукашэнкі дыпляматыя скандалу прыносіць штораз менш дывідэндаў.

Проста прывыклі, проста ўжо не рэагуюць. Разумеючы гэта, цяпер і Лукашэнка зрабіўся больш асьцярожным, бо адчувае, што козыры не ў яго на руках. Бо Масква цудоўна ўяўляе, што гэтая дыпляматыя скандалу вельмі абмежаваная. Лукашэнка ня можа разьвярнуцца і сказаць, што Расея яму не патрэбная, і ён пабяжыць на Захад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG