Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто, калі ня ён? Ты!


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».
Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Апошнім часам мяне неймаверна цешаць паведамленьні кшталту «выдадзім літаратуру нобэлеўскіх ляўрэатаў разам» альбо «прафундуй Нашу Ніву», «Падтрымаем фінансава кампанію на колы і сьцягі МФ». Чаму? Давайце па парадку.

Колькі месяцаў таму ўсе мы радаваліся, што журналісцкі праект «Имена» стварыў прэцэдэнт, калі самі чытачы забясьпечылі рэдакцыю фінансавай падтрымкай. Праект «Имена» сам па сабе ўнікальны для Беларусі паводле зьместу: гэта і журналісцкія расьсьледаваньні, і дабрачынная дзейнасьць, і значны сацыяльны экспэрымэнт: ці можа грамадзтва само вырашаць свае сацыяльныя праблемы? Апынулася, што можа. А дакладней кажучы, можаМ.

Ня проста падтрымлівай рублём — а рабіся суб’ектам грамадзка-палітычнага жыцьця праз свае ўнёскі.

Ня так даўно мой сябра Алесь Кіркевіч напісаў у сваім блогу тэкст «Змагарская дзесяціна». Пасланьне простае — падтрымлівай сваіх грашыма, галасуй рублём. Я хачу трошку разьвіць гэтую думку. Ня проста падтрымлівай рублём — а рабіся суб’ектам грамадзка-палітычнага жыцьця праз свае ўнёскі.

Ты ня ведаеш, чым можна дапамагчы гэтай краіне? Як прынесьці карысьць? Якім чынам зрабіць яе лепшай? Дай грошай тым, хто ведае, што трэба рабіць. У цябе ёсьць памкненьне, але няма бачаньня альбо часу? Падтрымай фінансава тых, хто ўжо шукае рэалізацыі, хто гатовы.

Нашы фінансавыя ўнёскі ў культурніцкія праекты, грамадзкія, сацыяльныя — гэта таксама і наш адказ на надакучлівае пытаньне: «А хто калі не ён?» Менавіта гэта мы чуем раз на пяць гадоў падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Хто, калі ня ён? — Ты! — Ты, і яшчэ раз Ты!

Ты можаш даць свае грошы тым, каго падтрымліваеш у абсалютна любой сфэры.

Ты можаш фінансаваць якасную беларускую літаратуру для сябе і сваіх дзетак. Ты можаш падтрымліваць беларускамоўныя пераклады фільмаў, каб дзесяткі тысяч чалавек, паглядзелі іх у кінатэатры. Ты можаш прафундаваць «Нашу Ніву», каб рэдакцыя газэты змагла праводзіць далейшыя расьсьледаваньні і гэтым умацоўвалася беларуская незалежнасьць. Ты можаш даць свае грошы тым, каго падтрымліваеш у абсалютна любой сфэры. Ты — можаш.

Проста падумай, табе 20 гадоў казалі, што ты ні на што ня здольны і нічога не варты. Але правілы гульні мяняюцца: мы сваімі фінансамі можам рабіць усё тое, чаго б хацелі ад дзяржавы, ад палітыкаў, кнігавыдаўцоў, лідэраў меркаваньняў і г. д. Раней мы крыўдавалі і злаваліся, калі не атрымлівалі жаданага, а зараз — крыўдуй на сябе, калі ня ўдарыў пальцам аб палец ды не зрабіў крок насустрач мары.

Фундаваньне — гэта цьвёрды крок насустрач адказнай і актыўнай грамадзянскай супольнасьці.

Фундаваньне — гэта цьвёрды крок насустрач адказнай і актыўнай грамадзянскай супольнасьці. Крок, каб народ стаўся народам, а не бязвольнай масай. Ня важна, што ты падтрымліваеш: кнігі, музыку, фільмы, мастацкія галерэі, госьпісы, палітычныя кампаніі. Важна, што ты заяўляеш: «Я — ёсьць. І мне важна, як я буду жыць далей у гэтай краіне. Я не стаю збоку, але хачу ўзяць у гэтым удзел».

Мы пакуль ня можам вярнуць сабе права голасу на выбарчых участках, але можам вярнуць сабе права выбару і права ўдзелу ў жыцьці краіны праз фінансаваньне тых ці іншых ініцыятываў.

Ну дык налятайма! Няхай сайты кшталту talaka.by стануць хатнімі старонкамі ў нашых браўзэрах ды віснуць ад колькасьці наведнікаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG