Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдовіч, «тоўсты чыноўнік» і канвэер бездапаможнасьці


Наста Захарэвіч

Наста Захарэвіч

Калі зьявіліся першыя зьвесткі па «справе пэдафілаў», было амаль немагчыма ўспрыняць лічбы, якія агучваліся, — не дзясяткі і нават ня сотні, а тысячы пацярпелых. Мне падаецца, такое нельга назваць нават сэрыяй злачынстваў, бо тысячы дзяцей — гэта, выбачайце, ня сэрыя, а канвэер.

Тысячы дзяцей — гэта, выбачайце, ня сэрыя, а канвэер.

А цяпер трэба паверыць у тое, што Вячаслава Давыдовіча, аднаго з фігурантаў гэтай справы, за сэксуальныя дзеяньні у дачыненьні да непаўналетніх прысудзілі ўсяго да чатырох гадоў калёніі агульнага рэжыму. Гэты тэрмін часткова аб’ядналі зь іншым (за эканамічнае злачынства), і разам атрымалася пяць гадоў зьняволеньня, большую частку якіх Давыдовіч ужо адсядзеў. Крыху менш, чым праз два гады ён вернецца на свабоду.

Судовыя паседжаньні праводзіліся ў закрытым рэжыме, і шырокая грамадзкасьць ня можа даведацца нюансы гэтай справы, але інфармацыя пра артыкулы, па якіх спрабавалі даказаць віну і ў выніку судзілі і не судзілі Давыдовіча, ёсьць у адкрытым доступе. Шмат хто цяпер вінаваціць суд у занадта мяккім рашэньні, але суд даў максымальнае пакараньне з прадугледжаных артыкуламі, па якіх было прад’яўлена абвінавачаньне. Так што пытаньні варта задаваць не судзьдзі, а тым асобам, якія займаліся абвінавачваньнем.

Чаму сэксуальныя дзеяньні у дачыненьні да дзяцей, якія відавочна знаходзіліся ў залежным стане ад злачынцаў, былі прызнаныя негвалтоўнымі?

Галоўнае пытаньне такое: чаму сэксуальныя дзеяньні у дачыненьні да дзяцей, якія відавочна знаходзіліся ў залежным стане ад злачынцаў, былі прызнаныя негвалтоўнымі? Першапачаткова ж Давыдовіча абвінавачвалі па другой і трэцяй частках артыкула 167 Крымінальнага кодэксу (Гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару), але выніковае абвінавачваньне было па артыкуле 168 (Палавыя зносіны і іншыя дзеяньні сэксуальнага характару з асобай, што не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту). Калі каротка, то гэта значыць, што не было ні гвалту, ні прымусу, ні пагрозаў, ні бездапаможнага стану пацярпелых.

І тут мы прыходзім у поле інтэрпрэтацый. Для таго, каб адказаць на пытаньне, якое я задала вышэй, трэба перш за ўсё вызначыцца з дэфініцыямі. Што такое прымус? Як вызначыць ягоныя межы? Як яго адрозьніць ад угаворваньняў? Што можна лічыць пагрозай і ці павінна яна гучаць яўна і адназначна, каб паўплываць на рэальныя рашэньні пацярпелых? Бездапаможнасьць стану вызначаецца толькі фізычнымі характарыстыкамі ці нечым яшчэ?

Інтэрпрэтацыі паняцьцяў — вялізная пастка любога заканадаўства, бо даць дэфініцыю паняцьця — значыць абмежаваць яго. І прэзумпцыя невінаватасьці, якая не дазваляе трактаваць «памежныя» сытуацыі як доказ віны абвінавачваных, часам дазваляе злачынцам пазьбягаць строгага пакараньня. Вось і атрымліваецца ў выпадку з Давыдовічам, што ён браў хлопчыкаў зь дзіцячых дамоў, прывозіў іх у свой катэдж, дзе «зьдзяйсьняў дзеяньні сэксуальнага характару з асобамі, што не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту» сам, і дзе тое ж самае рабілі і іншыя дарослыя, але ніякага прымусу ў гэтым усім нібыта не было.

Тое, што хлопцы масава па ўласным жаданьні нібыта мелі сэксуальныя зносіны з дарослымі мужчынамі — гэта нейкая ненавуковая фантастыка.

Я ня ведаю, ці быў там прымус фізычны — ці зацягвалі хлопцаў у пакой, ці заставаліся ў іх сінякі і драпіны, ці былі страсеньні мозгу ці іншыя траўмы. Але тое, што хлопцы масава па ўласным жаданьні нібыта мелі сэксуальныя зносіны з дарослымі мужчынамі — гэта нейкая ненавуковая фантастыка. Тым не менш, гэтая фантастыка афіцыйна прызнаная рэальнасьцю.

Я лічу, што прэзумпцыя невінаватасьці абавязкова павінна прымяняцца ў дачыненьні да ўсіх падазраваных у крымінальных злачынствах. Адначасова з гэтым я лічу, што падыход да прымяненьня некаторых артыкулаў павінен зьмяняцца. Бо надта шмат атрымліваецца сытуацый, калі «ўсе ўсё разумеюць, але фармальных доказаў няма».

Але як фактычна маглі б сёньня пацярпелыя даказаць, што тады да іх прымяняўся гвалт ці былі пагрозы? Напрыклад, кагосьці з іх білі, і заставаліся сінякі. Як гэта даказаць праз гады? Ніяк. А факт залежнасьці хлопцаў ад Давыдовіа відавочны, і гэтая залежнасьць магла б інтэрпрэтавацца як бездапаможны стан. Бо бездапаможнасьць — гэта на самой справе не толькі пра фізычную няздольнасьць адбіцца ад крыўдзіцеля.

Магчыма, адказ на галоўнае пытаньне — той самы «тоўсты чыноўнік», які прымушаў падлеткаў займацца з ім аральным і анальным сэксам.

А можа быць рэч і не ў інтэрпрэтацыях. Магчыма, адказ на галоўнае пытаньне — той самы «тоўсты чыноўнік», які прымушаў падлеткаў займацца з ім аральным і анальным сэксам. Можа, калі мы даведаемся ягонае імя і ён не будзе мець улады, акажацца, што зьдзеклівае мяккае абвінавачваньне Давыдовічу прад’явілі таксама пад пагрозай?

Як кажуць, пажывем — пабачым. Толькі вось хлопчык Паша, які расказваў пра «тоўстага чыноўніка», і які ў выніку павесіўся, ужо не пабачыць нічога. Як і ягоная маці, якая павесілася праз год.

А Давыдовіч менш чым праз два гады выйдзе з калёніі. І сьпіцца яму па начох, я ўпэўнена, някепска. Прынамсі на судзе ён выглядаў добра. Нават усьміхаўся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG