Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Новым паралельным дзяржаве годам: глябалізацыя нам дапаможа!


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Чытаю пра кнігу Андрэя Горвата «Радзіва Прудок» і разумею, што для мяне самы знакавы фотаздымак 2016 — гэта як аўтар падпісвае сваю першую кнігу, седзячы ў кавярні Купалаўскага тэатру.

Тут на здымку галоўнае ня кідаецца адразу ў вочы. Гэта чарга, якую бачна ў вакне на заднім пляне.

Людзі з чаргі посьцяць свае гісторыі ў фэйсбуку аўтара як яны мерзьлі, каб атрымаюць жаданую кнігу «Радзіва Прудок» і якія яны шчасьлівыя.

Сваю першую кнігу аўтар выдаў праз сыстэму краўндфандынгу. Гэта калі ахвочыя наўперад скідаюцца грашыма на інтэрнэт-пляцоўцы пад пэўны праект. Андрэй Горват стартануў вельмі сьціпла — мінімальным накладам трыста асобнікаў. Але ахвочых назьбіралася столькі, што там жа на старонцы ў фэйсбуку адзінагалосна раяць дадрукоўваць кнігу, пачынаючы ад тысячы асобнікаў.

У кантэксьце беларускіх рэалій гэта вельмі пасьпяхова, калі ўлічыць, што папярэдне не было шырокай рэклямнай кампаніі.

А яшчэ мяне кранула, што многія з тых, хто стаяў у чарзе па кнігу, пакідалі аўтару падарункі. Гэта самыя дарагія трыста асобнікаў, якія я бачыў. Бо чалавечае цяпло бясцэннае.

Усё вышэй апісанае сталася магчымым дзякуючы глябалізацыі — інтэрнэту. І адбылося паралельна дзяржаве, яе ўнутранай палітыцы, у якой сродкі вырабу і распаўсюду інфармацыі максымальна манапалізаваныя.

А ты кідаеш Менск, едзеш хоць у беларускую вёску, хоць на іншы кантынэнт, ствараеш свой прадукт і атрымліваеш водгук. Ты незалежны. Найперш ад дзяржавы.

Калісьці мроілася беларуская дзяржава сама па сабе. Хоць якая. Рэспубліка ці манархія, цэнтралізаваная ці дэцэнтралізаваная. І дзяржава зьявілася. Пасьля зьявілася мара, каб дзяржава стала беларускай не формаю, а зьместам. Здавалася, вось будуць пры ўладзе прабеларускія людзі, яны пачнуць зьмены.

Зьмены пачаліся. Толькі не дзякуючы дзяржаве, а паралельна ёй. Апроч «Радзіва Прудок» у 2016 праз сыстэму краўндфандынгу былі рэалізаваныя самыя розныя праекты. Людзі самі сабе зьбіралі грошы на тое, што цікава, а ня тое, што прапануюць з гары. Самы масавы праект — фінансавая падтрымка сацыяльнага мэдыя «Имена».

Выглядае, што ўсё толькі пачынаецца. Бо пасьля інфармацыі пра магчымую ліквідацыю каналу «Белсат» я нават сустрэў развагі, кшталту, ці не замахнуцца грамадзкасьці на супольнае фінансаваньне свайго тэлебачаньня.

Глябалізацыя дапамагае і дапаможа ўсім, хто захоча. Памятаю, як пужалі глябалізацыяй, маўляў, яна ўніфікуе сьвет: усе будуць гаварыць адной мовай і спажываць адну культуру. Насамрэч большасьць беларусаў ужо пажылі ў такім асобна ўзятым глябалізаваным сьвеце — СССР. Скончылася тым, што навязанае зьверху вонкавае адзінства ляснулася, рассыпалася мноствам адметнасьцяў: культурных, сацыяльных, мэнтальных, геаграфічных і палітычных. Кожны абраў больш блізкае сабе.

Як дзяржава ёсьць толькі формай, абалонкай, так і інструмэнты глябалізацыі ёсьць толькі інструмэнтамі, якія кожны выкарыстоўвае на свой глузд.

Свая дзяржава можа колькі заўгодна стрымліваць ініцыятыву людзей, але ў асягальнай будучыні падобныя захады беспэрспэктыўныя, бо гарызантальныя сувязі дзякуючы інструмэнтам глябалізацыі будуць павялічвацца. Хацелася б, вядома, каб у ідэале дзяржава дапамагала прыватным ініцыятывам, але тое, што яна можа зрабіць ужо цяпер — проста не замінаць.

Зьмест дзяржавы — гэта людзі. Гэта яны ўжо цяпер уплываюць на абалонку і з часам яе зьменяць. Бо спачатку выкінуць дзяржаву як сыстэму са сваёй галавы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG