Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2017 – невядомы й трывожны


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Заява расейскага аналітыка й былога супрацоўніка Адміністрацыі прэзыдэнта РФ Міхаіла Хазіна на паседжаньні палітычнага клюбу «Русский кругозор» засьведчыла, што наступны год для постсавецкай прасторы наўрад ці будзе спакойным.

Міхаіл Хазін: «Далей усё залежыць ад таго, што мы хочам. Мы хочам захаваць Украіну цэлай, але ляяльнай Расеі. Тады трэба вяртаць Данбас са зьменай кіраўніцтва ў Кіеве... Далей пачынаецца контрпрапаганда. Насельніцтва насамрэч не ў захапленьні там. Так, там ёсьць, груба кажучы, некалькі мільёнаў чалавек, якіх выправіць нельга. Ну іх трэба часткова ліквідаваць, а часткова – выгнаць».

Міхаіл Хазін не зьяўляецца ўплывовай фігурай, але такія правакацыйныя заявы могуць стацца спускавым мэханізмам вельмі сумных падзей, калі глеба для іх ужо падрыхтаваная.

Памятаю, як у сярэдзіне 1990-х, у самы крывавы пік вайны ў Югаславіі, я глядзеў навіны пра ваенныя дзеяньні, этнічныя чысткі й разьню паміж народамі, што складалі адну з самых прасунутых краінаў былога камуністычнага блёку й думаў, як гэта так нам пашанцавала, што СССР разваліўся практычна безбалесна.

Паводле правілаў распаду імпэрыяў, гэта адно зь нешматлікіх выключэньняў. А можа і ўвогуле адзіны выпадак.

Можна, вядома, спасылацца на тое, што ўвагу й сілы Расеі цалкам адцягнула на сябе Чачня, што кіраўніцтва Расеі было пад уплывам ідэяў свабоды, што абрынулася на СССР імкліва й раптоўна.

Але, на маю думку, пасьля Віскулёў мы пазьбеглі постімпэрскага канфлікту, бо нацыянальная сьвядомасьць народаў, якія складалі СССР, была дзесяцігодзьдзямі прыдушаная інтэрнацыянальнай дактрынай краіны Саветаў.

Але любая нармальная краіна ня можа разьвівацца без апоры на нацыянальную глебу. Кожны год незалежнага існаваньня мацуе нацыянальную сьвядомасьць, нават без усялякае прапаганды нацыянальнага альбо, як ва ўмовах нашае краіны, і пры ўдушэньні нацыянальнага дзяржаўнай сыстэмай.

Папросту людзі прызвычайваюцца жыць самі й адказваць за сябе й свае ўчынкі. Але й былая мэтраполія ня можа пазбыцца сваёй імпэрскасьці і так ці іначай будзе імкнуцца аднавіць былы статус і былыя межы.

Спатрэбілася каля дваццаці гадоў, каб тлеючыя то там, то сям канфлікты паміж нацыянальным і імпэрскім набралі вагі й дасягнулі гарачае фазы. Прыднястроўе ў Малдове, Абхазія й Паўднёвая Асэтыя ў Грузіі, нарэшце, выліліся ў вайну зь дзясяткамі тысяч забітых на Данбасе ва Ўкраіне.

Мы, як тая Чарнагорыя ў Югаславіі, доўгі час пазьбягалі сур'ёзных абвастрэньняў з Расеяй. Мы прадавалі ёй сваю ляяльнасьць за крэдыты, нафту й газ. Але тое самае рабіла і Ўкраіна, пакуль не набыла крытычнае масы нацыянальнай сьвядомасьці. І адразу пыхнуў крывавы канфлікт, таму што нявызначанасьць існуе толькі кароткі прамежак часу, далей жыцьцё падводзіць да мяжы, дзе трэба немінуча рабіць выбар.

Альбо зноў у склад імпэрыі, альбо – сапраўдная незалежнасьць.

Нягледзячы ні на што, нацыянальная сьвядомасьць, як натуральны жыцьцёвы працэс, прабіваецца ва ўсім: у публічнай прасторы, у грамадзтве, у спорце, нават у дзеяньнях беларускай улады.

Імпэрыя імкнецца зьнішчаць нацыянальную сьвядомасьць народаў, якія яна захапіла. Раней ці пазьней.

Я гляджу, як пасьля Ўкраіны, нягледзячы на ўсю нашу ляяльнасьць, рэзка пайшла ўгару крывая расейскае імпэрскае прапаганды ў дачыненьні да Беларусі. Спачатку казачкі й рускія фашысты, пасьля рэгнумы й спутнікі і пагромы, далей РПЦ, нарэшце, цалкам афіцыйны кіраўнік цалкам афіцыйнага Рсейскага Інстытуту Стратэгічных Досьледаў (РИСИ) пры расейскім МЗС. Інстытут, заснавальнікам якога ёсьць прэзыдэнт Расеі й аналітыка якога кладзецца яму на працоўны стол.

Дырэктар РИСИ, генэрал расейскае выведкі Леанід Рашэтнікаў – гэта цяжкая вагавая катэгорыя расейскае прапаганды на Беларусь. Далей ужо не прапаганда, але практычныя дзеяньні расейскага МЗС і Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, і, калі спатрэбіцца, збройных сілаў.

Заява Міхаіла Хазіна наконт Украіны даволі паказальная і ўнівэрсальная што да расейскае палітыкі ў дачыненьні да сваіх суседзяў скрозь усе часы. Што заява Хазіна, што заява Рашэтнікава сёньня, што заява графа Мураўёва паўтара стагодзьдзя таму. Таго самага Мураўёва-вешальніка, які душыў у крыві вызвольнае паўстаньне Каліноўскага. Таго самага расейскага генэрала, у гонар якога нядаўна прыход Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі адслужыў малебен за спачын душы.

Наш Нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч на нядаўняй сустрэчы ў Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, адказваючы на пытаньні, сярод іншага, таксама выказала перасьцярогу наконт бягучых стасункаў з Расеяй:

«Штосьці ёсьць у расейскай гісторыі такое, што ўклала сьвядомасьць гэтай нацыі, у якой свабода — гэта нейкая няісная катэгорыя. Спытай расейца, і ён адкажа: „Якая там яшчэ Беларусь!“. Тое самае скажа і пра Ўкраіну».

Мне зусім ня хочацца падзеяў паводле югаслаўскага сцэнару на нашых абсягах, але я казаў ужо пра непазьбежны канфлікт нацыянальнага і імпэрскага, таму наступны 2017 год, год вогненнага пеўня й стогадовая мяжа рэвалюцыі 1917 году прымушаюць глядзець на ягоны прыход без ілюзій, напружана й трывожна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG