Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высылка дыпляматаў і ўвядзеньне санкцыяў стануць для Пуціна нагодай апусьціць жалезную заслону, — расейскі палітоляг


Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

35 расейскіх дыпляматаў будуць высланыя з ЗША цягам 72 гадзінаў. Такую заяву прэзыдэнта ЗША Барака Абамы распаўсюдзіла 29 сьнежня прэсавая служба Белага дома.

Меры былі прынятыя пасьля шматлікіх прыватных і публічных папярэджаньняў у адрас расейскага ўраду і неабходныя як адказ на расейскія спробы «нанесьці шкоду інтарэсам ЗША насуперак прызнаным міжнародным нормам паводзінаў».

Таксама абмежавальныя захады закрануць Фэдэральную службу бясьпекі і Галоўнае выведнае ўпраўленьне Ўзброеных сіл Расеі. Пад пэрсанальныя санкцыі трапілі і расейскія хакеры Аляксей Бялан і Яўген Багачоў. Паводле дакладу амэрыканскіх спэцслужбаў, падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі хакеры чынілі кібэратакі на аб’екты інфраструктуры, урадавыя і адукацыйныя ўстановы ЗША з мэтай крадзяжу дадзеных.

— Абама ўжо гаварыў пра тое, што ён не хацеў акцэнтаваць увагу на тэме санкцыяў падчас выбараў, каб не ствараць уражаньня ўмяшаньня зь ягонага боку ў выбарчы працэс. Пасьля перамогі Трампа перад Абамам паўсталі дзьве важныя задачы: ня даць Трампу ўмацаваць свой палітычны імідж і даць адназначны адказ Крамлю, — сказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін у інтэрвію Свабодзе.

Паводле экспэрта, факт узлому электроннай пошты Гілары Клінтан востра абмяркоўваўся на ўзроўні кіраўніцтва ФБР і стаў гарачай тэмай для амэрыканскай прэсы. На пытаньне Свабоды, чаму высылка дыпляматаў і ўвядзеньне санкцыяў прыпалі менавіта на гэты момант, экспэрт адказаў:

— Варта адзначыць, што санкцыі Абамы — гэта санкцыі адміністрацыі; куды больш цяжкія наступствы для Расеі могуць мець уведзеныя кангрэсам так званыя сэктаральныя санкцыі. Абаму было прынцыпова важна зрабіць гэты крок перад тым, як пайсьці, бо цяпер Трампу будзе вельмі няёмка адмяняць абмежавальныя захады — у такім выпадку стане відавочна, што Расея ня проста ўмешвалася ў выбарчую кампанію, але ўмешвалася менавіта на баку Трампа, — падкрэсьліў Дзьмітры Арэшкін.

— У якасьці рэакцыі на падзею Крэмль пачне тое, што называюць «закручваньнем гаек». Узмацніцца ціск на «замежных агентаў» — праваабаронцаў, незалежных журналістаў, апазыцыйных актывістаў. Для Пуціна гэта ня проста магчымасьць распачаць чарговую хвалю антыамэрыканскай рыторыкі, але нагода апусьціць жалезную інфармацыйную заслону, — лічыць палітоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG