Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна перадала сэпаратыстам Данбасу 15 іхных паплечнікаў

Сёньняшні здымак з украінскай перадавой
Сёньняшні здымак з украінскай перадавой

Украінскі бок «у знак добрай волі» перадаў 29 сьнежня прадстаўнікам самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «рэспублік» 15 чалавек — 9 мужчын і 6 жанчын, сярод іх ёсьць цяжка хворыя.

Яны былі асуджаныя паводле абвінавачваньня ў злачынствах, зьвязаных з удзелам у незаконных узброеных фармаваньнях і парушэньнем цэласнасьці Украіны.

Як заяўляюць у Кіеве, вызваленьне гэтых асобаў заклікана паскорыць абмен палоннымі з так званымі «ДНР» і «ЛНР».

27 сьнежня сэпаратысты перадалі кіраўніку ўкраінскага Цэнтру вызваленьня палонных «Афіцэрскі корпус» Уладзіміру Рубану таксама «ў якасьці жэсту добрай волі» двух ўкраінскіх грамадзянаў — судзьдзю Апэляцыйнага суду Марыюпалю Анжаліку Прэсьнякову і журналістку з Івана-Франкоўску Вольгу Сворак.

Паводле Рубана, жанчын вызвалілі дзякуючы дамоўленасьцям 7 сьнежня ў Менску з дэпутатам Вярхоўнай Рады Надзеяй Саўчанкай.

У гэты дзень Саўчанка таемна сустракалася ў беларускай сталіцы зь лідэрамі «ДНР» і «ЛНР» Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім.

Праз гэтыя перамовы Саўчанку выключылі спачатку з фракцыі «Бацькаўшчына» ў Вярхоўнай Радзе, а пазьней — са складу ўкраінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Вярхоўнай Рады.

У апублікаванай 29 сьнежня заяве МЗС Украіны падкрэсьліваецца, што Расея незаконна ўтрымлівае на сваёй тэрыторыі «ня менш за 17 украінцаў, яшчэ больш грамадзянаў Украіны ў анэксаваным Крыме і звыш ста — у акупаваных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей».

У замежнапалітычным ведамстве краіны ўскладаюць на Маскву адказнасьць за невыкананьне прынцыпу абмену «ўсіх на ўсіх», замацаванага ў Менскіх пагадненьнях аб урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе.

Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, у турмах на падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях Данбасу цяпер утрымліваюцца 109 украінцаў. У «ДНР» і «ЛНР» заяўляюць, што ў рамках формулы «ўсіх на ўсіх» гатовыя вызваліць толькі 47 украінцаў у абмен на 690 сваіх паплечнікаў, у тым ліку і асуджаных Украінай за цяжкія злачынствы. Афіцыйны Кіеў такое патрабаваньне сэпаратыстаў называе непрымальным.

XS
SM
MD
LG