Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераварот у Менску


Дракахруст: Пра тое, што Крэмль такія пляны мае і гэта і зробіць, напісалі палітыкі на эміграцыі Ўладзімер Барадач і Дзьмітры Бандарэнка. У нашай перадачы Экспэртыза Свабода палітоляг Арсень Сівіцкі адзначыў, што гэта цалкам рэальна, паводле яго ў 2010 годзе Масква гэта ўжо спрабавала зрабіць і мела досыць канкрэтныя распрацаваныя пляны, проста паводле Сівіцкага ў апошні момант Лукашэнка тады пайшоў на саступкі.

Тлумачэньне, чаму Крэмль зараз можа гэтага захацець і зрабіць — востры, шматплянавы крызіс у двухбаковых адносінах — газ, нафта, харчы, мяжа. Ну і як вынік — інфармацыйная вайна, як было і з Украінай у свой час. Паказьнікам вастрыні канфлікту стаў дэмарш Лукашэнкі, адмова ехаць на саміты ЭАЭС і АДКБ.

Тым ня менш мне асабіста падаецца, што наўрад ці Крэмль будзе ці паспрабуе скінуць Лукашэнку. Не, пляны такія могуць існаваць, і нават напэўна як варыянт яны прапрацоўваюцца, і нават Менску даюць гэта зразумець, але што справа дойдзе да рэалізацыі — мне здаецца малаімаверным.

Расейская палітыка пры ўсім яе рэвізіянізме ўсё ж мае кансэрватыўную палітыка-філязофскую базу. Ва Ўкраіне яна змагалася з тым, што лічыла пераваротам, у Сырыі яна змагаецца на баку фармальнай афіцыйнай улады. Расея не скідала Януковіча, Расея не скідае Асада.

У яе ўяўленьні яна хутчэй прадухіляе непажаданыя зьмены, чым спрыяе пажаданым. База ў Крыме была і да Майдану, а магла б і зьнікнуць пасьля перамогі рэвалюцыі, Асад быў і да вайны. Масква і там і там абараняла ў яе разуменьні status quo.

Сытуацыя ў Беларусі Маскву ў цэлым задавальняе. Ёсьць прэтэнзіі — у асноўным, што надта шмат Лукашэнка хоча грошай, хацелася б напэўна сухапутных і авіябазаў на выпадак канфлікту з НАТО. Але рэзкія крокі Масквы на міжнароднай арэне — гэта не рэалізацыя жаданага, а прадухіленьне непажаданага.

Ёсьць, праўда, і выключэньне, бадай што адно — адхіленьне ад улады ў 2010 годзе прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева.

Наступнае пярэчаньне — наяўнасьць ці адсутнасьць кантэксту. Ва Ўкраіне, у Сырыі, у тым самым Кіргізстане былі забурэньні, востры ўнутраны палітычны канфлікт, раскол элітаў. У Беларусі ў 2010 годзе, калі дапусьціць, што тады былі пляны зьмяніць Лукашэнку, былі прэзыдэнцкія выбары. Ну якія такія канфлікты, якія выбары ёсьць цяпер у Беларусі? Зьняць кіраўніка сувэрэннай краіны — гэта не апэрацыя спэцназу.

Можа, і яна, але з пэўным кантэкстам. У тым ліку і інфармацыйным. Заявы пасла Расеі Сурыкава і прэсавага сакратара МЗС Расеі Захаравай наконт арышту ў Беларусі рэгнумаўцаў — доказ хутчэй адсутнасьці, чым наяўнасьці плянаў зрынуць кіраўніка Беларусі.

Так не рыхтуюць пераварот. Калі б быў намер, дык абаранялі б з усіх сілаў, раўлі б пра «рускіх герояў», пакутнікаў «засьценкаў бандэраўца-Лукашэнкі», білі б прамой наводкай галоўныя інфармацыйныя «калібры» — фэдэральныя тэлеканалы. Як тое і сапраўды было ва Ўкраіне.

А тут — ледзь не выбачэньне, апраўданьне дзеяньняў Менску. Так не рыхтуюць перавароты.

Яшчэ раз: паслаць батальён расейскага спэцназу — не пытаньне. Як некалі да прэзыдэнта Аўганістану Аміна. Ну і чым гэта скончылася ў Аўганістане для СССР?

Гэткая апэрацыя, ніяк не падрыхтаваная ні інфармацыйна, ні палітычна — скрайне рызыкоўная задума. А хто гарантуе, што наступнік будзе лепшы для Масквы, што дасьць ёй больш, чым яна мае цяпер у Беларусі?

Як казаў Напалеон, штыхі — добрая справа, адзін недахоп — на іх немагчыма сядзець. Ці ёсьць на чым сядзець расейцам у Беларусі ў варыянце зрынаньня Лукашэнкі — гэта зусім не відавочна.

Ільяш: Мне падаецца, што пытаньне аб адхіленьні Лукашэнкі ад улады цяпер у Крамлі проста не стаіць.

Cкажу банальную рэч: якім бы нязручным суседам ні быў Лукашэнка, лепшага за яго на сёньня Масква ўсё роўна ня знойдзе. Палітычнае поле і нават намэнклятурнае поле ў Беларусі зачышчанае за 20 гадоў настолькі дасканала, што нават у выглядзе вайсковага перавароту адхіленьне Лукашэнкі ад улады мне ўяўляецца неверагодным — у краіне проста ня знойдзецца свайго Аўгуста Піначэта. Таму мяняць Лукашэнку Крэмль можа толькі на паўнавартасную расейскую акупацыю — але ці патрэбна гэта Пуціну?

Прынамсі сёньня — не. Гаворка нават ідзе не пра тое, ці здольная Расея цяпер на яшчэ адну зьнешнепалітычную авантуру, ці пацягне яна яе ў ваенным і эканамічным пляне. Гаворка ідзе пра тое, што Менск ў вачах Пуціна не перайшоў пакуль тую «чырвоную рысу», пасьля чаго пытаньне трэба вырашаць у ваеннай плашчыні. Я ня веру ў тое, што ў Крамля ёсьць зацьверджаны плян захопу ўсяго сьвету ці прынамсі ўсёй постсавецкай прасторы. Затое я веру, што сьвядомасьць расейскага кіраўніцтва — гэта сумесь папулізму, крымінальшчыны і імпэрыялізму. І ў гэтай сыстеме каштоўнасьцяў сымбалі велічы значаць больш рэальнай велічы.

Напрыклад, шмат хто з аналітыкаў зьвяртаў увагу на тое, што цяперашні кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў мае значна больш незалежнасьці ад Расеі, чым у свой час хацелі Джахар Дудаеў ці Аслан Масхадаў. Але з Кадыравым Масква не ваюе. Чаму? Таму што той клянецца ў любві Расеі і абяцае памерці за Пуціна. Відаць, для Масквы гэта больш важна, чым рэальнае становішча рэчаў.

Тое самае можна сказаць і пра Лукашэнку. Пакуль Лукашэнка будзе працягваць казаць пра вернасьць саюзу з Расеяй, пра гатовасьць памерці на заходніх межах і пра братоў-расейцаў — Масква будзе яго цярпець. Сварыцца, але цярпець.

Дарэчы, доказам таго, што Расея пакуль не рыхтуе скіданьне Лукашэнкі, можна лічыць пазыцыю афіцыйнага расейскага боку наконт аўтараў Рэгнуму (пра што ўжо згадваў Юры). Сапраўды, іх арыштаў проста не заўважылі.

Калі б усё было сур’ёзна, у расейскіх СМІ ўжо пачалася б поўнамаштабная кампанія супраць Лукашэнкі і «беларусабандэраўцаў» — на прыкладзе Ўкраіны мы ведаем, як гэта адбываецца. Іншая справа, што Пуцін (як дарэчы і Лукашэнка) схільны да імпульсіўных рашэньняў, і хто ведае, што можа адбыцца ў адносінах Масквы і Менску заўтра.

Глод: У кантэксьце пытаньня, якое сфармуляваў Юры Дракахруст, я хачу зьвярнуць увагу на выступ старшыні палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі тры дні таму на сэсіі парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі.

Спадара Андрэйчанку я ведаю яшчэ ад таго часу, калі ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Гэта вельмі асьцярожны палітык, які звычайна пазьбягае любых публічных выступаў. А калі ён пра нешта і гаворыць, то заўжды ўжывае вельмі стрыманыя ацэнкі. Але ж 26 сьнежня Ўладзімера Андрэйчанку было не пазнаць. З трыбуны парлямэнцкага сходу ў Маскве ён у прысутнасьці кіраўніка Дзярждумы РФ Вячаслава Валодзіна заявіў, што апошнія дзеяньні расейскага кіраўніцтва нэгатыўна ўплываюць на інтэграцыйныя працэсы і могуць іх наагул затармазіць.

Андрэйчанка казаў, што Беларусь зрабіла свой выбар на карысьць стратэгічнага саюзу з Расеяй на сьвітанку сваёй незалежнай гісторыі і з таго часу заўсёды заставалася яму верная. Гэтая вернасьць, паводле Андрэйчанкі, была пацьверджаная ня словамі і дэклярацыямі, а канкрэтнымі справамі і рашэньнямі, Беларусь — адзіны саюзьнік Расеі, які стварыў абʼяднаную групоўку войскаў для абароны нашых народаў, Беларусь — адзіная з краінаў сьвету, якая прызнала расейскую мову дзяржаўнай, Беларусь — адзіная эўрапейская дзяржава, якая не далучылася ні непасрэдна, ні ўскосна да варожых Расеі блёкаў і кааліцыяў, Беларусь — адзіная з рэспублік былога СССР, якая адкрыта паставіла ўсебаковую інтэграцыю з Расеяй у цэнтар сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі.

Сьпікер палаты прадстаўнікоў зьвярнуў увагу на тое, што ў расейскай інфармацыйнай прасторы робяцца спробы перафарматаваць вобраз Беларусі і беларусаў: «З найлепшых сяброў і адданых саюзьнікаў нас спрабуюць прадставіць як няшчырых, несамастойных партнэраў, якія жывуць за кошт Расеі і якія ў кожны момант могуць стаць русафобамі і паўтарыць шлях Украіны».

Як я разумею, ён агучыў тое, што хацеў бы сказаць Уладзіміру Пуціну Аляксандар Лукашэнка. Маўляў, мы для вас столькі зрабілі, а вы нам грошай шкадуеце, кошты на газ не зьніжаеце, колькасьць нафты памяншаеце. То бок беларускі прэзыдэнт абураны. З таго часу, калі яшчэ Барыс Ельцын сьпісаў адным махам зь Беларусі мільярд даляраў, якая яна была вінная Расеі, Лукашэнка прызвычаіўся, што адмоваў яму быць ня можа.

Але ж апошнім часам Масква пачынае лічыць свае рэсурсы. І паступова адыходзіць ад прынцыпу — грошы ўзамен за пацалункі. А з гэтым беларускі кіраўнік пагадзіцца ня можа. Адсюль і незадаволенасьць, і нэрваваньне.

Сказаць, што ў Масквы зусім няма грошай, нельга. Напрыклад, сёлета Пуцін сьпісаў каля трох мільярдаў даляраў доўгу Манголіі. Значыць, Масква па-ранейшаму застаецца шчодрым кармільцам. Але ўжо не Беларусі. А Лукашэнка з гэтымі рэаліямі пагаджацца ня хоча.

Значыць застаецца «альбо» — «альбо». То бок альбо зноў карміць Лукашэнку, альбо шукаць яму замену. Вось такая дылема, на мой погляд, цяпер у Крамля. Але я ўпэўнены, што пра «зьняцьце з пасады» кіраўніка беларускай дзяржавы размова пакуль не ідзе. Гэта, хутчэй, магчымасьць на 2017 альбо на 2018 гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG