Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяточны стол ў доўгажыхароў. Пяць карысных парадаў на 2017 год


У гэтым артыкуле закранем маю ўлюбёную тэму «Што ядуць доўгажыхары», але зь нечаканага боку — пагаворым пра тое, што доўгажыхары ядуць падчас сьвятаў.

У агульным і цэлым дыета доўгажыхароў з розных частак сьвету вызначаецца вялікай колькасьцю гародніны і садавіны, пераважна вэгетарыянскім рацыёнам і вельмі памяркоўным спажываньнем алькаголю. Але доўгажыхары — таксама людзі і, як кажуць, нішто чалавечае ім не чужое. Падчас сьвятаў яны дазваляюць сабе адхіленьне ад рацыёну. Аднак, вы ня ўбачыце на іх стале салаты Аліўе або селядца пад шубай.

Акінава

Калісьці я напісала аб традыцыйнай дыеце жыхароў востраву Акінава. У тым рэгіёне людзі жывуць даўжэй за ўсіх на сьвеце. Дыета астраўлян нізкакалярыйная і нізкабялковая. У звычайным жыцьці астраўляне харчуюцца пераважна гароднінай (а самае ганаровае месца на стале займае салодкая бульба) і тофу. Падчас сьвятаў на іх стале аднак можна ўбачыць рыбу і сьвініну. Сьвініну яны традыцыйна ядуць ўсяго толькі некалькі разоў на год, памер порцыі пры гэтым невялікі. Нават падчас сьвяточнай стравы жыхары Акінавы п’юць сьвежазавараны СанПін (язьмінавую гарбату), а таксама мясцовы брэндзі з проса Аваморы (Awamori).

Сардынія

На Сардыніі знаюць гатаваць. Там ядуць смачна ня толькі на сьвяты. Большасьць страў на калядным стале, вядома, зробленыя сваімі рукамі з мясцовых прадуктаў. Тыповая сардынская калядная вячэра складаецца зь пяці ці болей страваў. На апэрытыў падаюць фаршыраваныя алівы, маленькія pizzettas (міні-піцы), хлеб, мясцовую вяндліну і каўбасы. Можна наесьціся аднымі гэтымі апэрытывамі. Але ж за імі пойдуць закускі (так званыя «прымі»): нёкі з рагу (бульбяныя клёцкі з густым таматава-мясным соўсам) альбо равіёлі, напоўненыя рыкотай і шпінатам у соўсе з таплёнага алею з шалфеем; альбо лязаньня. Пасьля закусак чарга галоўнай стравы — хрумсткага смажанага парасяці або дзіка (сэзон паляваньня ў разгары). На гарнір падаецца фэнхель і смажаная бульба з размарынам. На дэсэрт, акрамя тырамісу, падаюцца мочаная ў грапе (мясцовы моцны алькаголь) садавіна.

Сардынцы п’юць віно ўмерана, але амаль штодзённа. Натуральна, на сьвяточным стале яно таксама прысутнічае. Доўгажыхары п’юць віно зь вінаграду гатунку Cannonau. Гэтае віно, дарэчы, мае ў два-тры разы вышэйшы ўзровень карысных для нашых артэрыяў фляваноідаў, чым іншыя віны.

Ікарыя

Грэкі з востраву Ікарыя, вядомыя доўгажыхары, дазваляюць сабе падчас сьвяточнай трапэзы мяса, якое ў звычайным жыцьці рэдка прысутнічае на стале. Сьвяточны абед займае літаральна цэлы дзень і плаўна перацякае ў вячэру. Рыхтавацца пачынаюць ужо з раніцы. Гатуюць разам і не шкадуюць намаганьняў і часу на гатоўку. Павольна тушанае мяса, якое папярэдне марынуецца шмат гадзін, павольна тушаная гародніна і пірагі (як гароднінныя, так і салодкія) — традыцыйныя стравы сьвяточнага стала. Мясцовы моцны алькагольны напой ракія таксама прысутнічае на стале. Зразумела, усё гатуецца зь вялікай колькасьцю аліўкавага алею і запраўляецца мясцовымі сушанымі зёлкамі — арэгана (мацярдушкай), чаборам, маяранам.

Так-так, скажаце вы, атрымліваецца, за сьвяточным сталом, доўгажыхары ядуць тое самае, што і звычайныя людзі — мяса, пірагі, алькаголь. І ядуць нямала! Гэта так. Фундамэнтальнае адрозьненьне — у тым, як харчуюцца доўгажыхары ў звычайным жыцьці. У сьвяты яны больш падобныя да нас, звычайных сьмяротных.

Мне здаецца, Новы год — гэта добрая нагода завесьці сабе некалькі новых карысных звычак. Чаму б не пераняць іх у доўгажыхароў? Ніжэй прапаную вам набор зь пяці здаровых звычак, якія варта паспрабаваць зрабіць сваімі ўласнымі ў новым годзе.

1. Рухайцеся

Усе доўгажыхары шмат рухаюцца. Але робяць яны гэты ня ў спартовай залі, але натуральным чынам: яны шмат ходзяць пешкі, шмат працуюць на вуліцы, шмат гатуюць (гатаваньне ежы — выдатны спорт).

2. Праводзьце час на сьвежым паветры

Усе доўгажыхары праводзяць шмат часу на вуліцы. Сьвежае паветра — гэта вітамін D, кісларод, рух.

3. Ежце пераважна расьлінную ежу

Спрэчкі аб тым, якая сыстэма харчаваньня — самая лепшая, ніколі ня загаснуць. Ніхто, аднак, не аспрэчвае той факт, што асновай здаровага харчаваньня павінна быць ежа расьліннага паходжаньня. Расьлінная ежа багатая вітамінамі, мінэраламі і біяаактыўнымі рэчывамі. Гэтая ежа па-сапраўднаму сілкуе энэргіяй.

4. Зрабіце ўсьвядомленую паўзу ў сярэдзіне дня

Доўгажыхары маюць сваю рутыну, якая ратуе іх ад стрэсу. Японцы кожны дзень успамінаюць сваіх продкаў, грэкі сьпяць днём, а на Сардыніі ад гадзіны дня да пяці — усё зачынена!

5. Зрабіце сям’ю і сяброў прыярытэтам

Усе доўгажыхары без выключэньня маюць моцныя сямейныя і сацыяльныя сувязі, якія маюць станоўчы ўплыў на карысьць агульнага здароўя і даўгалецьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG