Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Была ў Горадні беларуская школа, больш няма


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Ніякавата чытаць: некаторыя органы сьцяўшы зубы адрэагавалі на рашэтнікаўскія інсынуацыі наконт мовы беларусаў. Чаму?

Мабыць адчулі скурай, што за гэтым можа быць нешта яшчэ. Пакуль нябачнае, цьмянае, што можа хаваць у сабе нечаканую пагрозу. Таму адрэагуем на папярэджаньне. А як інакш можна разумець? Бо што для іх мова? Нішто.

Знайшоў днямі паперу, над якой хоць сьлёзы пралівай. Гэта зьвесткі аб «мовах навучаньня» ў школах Горадні на 1996 год. Праз год пасьля рэфэрэндуму супраць роднай. Закладзеныя пры Шушкевічу падмуркі нацыянальнай адукацыі яшчэ не былі разбураныя цалкам, як здарыцца неўзабаве. Хай мне не закідаюць, што рэшткі яшчэ недзе існуюць: я тут маю на ўвазе канкрэтна Горадню.

Зьвесткі аб «мовах навучаньня» ў школах Горадні на 1996 год
Зьвесткі аб «мовах навучаньня» ў школах Горадні на 1996 год

Шостых клясаў зь беларускай мовай навучаньня дваццаць гадоў таму яшчэ было не нашмат меней ад расейскіх. 82 і 111. Чацьвёртых, што гучыць сёньня зусім неверагодна, амаль аднолькава: 87 і 90. Аднак пайшла актыўная работа па скарачэньні першых клясаў. 160 з расейскай мовай навучаньня і толькі 22 — зь беларускай. Бацькі гэтых дзяцей яшчэ трымаліся, яшчэ не адмаўляліся ад распачатага пры Шушкевічу руху на нацыянальнае адраджэньне. Хаця ім актыўна тлумачылі, што «дзяржаўная палітыка» цяпер такая, што дзецям будзе цяжка ў жыцьці, што вышэйшай адукацыі на роднай мове яны ўсё роўна атрымаць ня змогуць, бо ў Рэспубліцы Беларусь гэта не прадугледжана, што мова вышэйшай школы ў нас нязьменна расейская.

Зьвесткі гэтыя падрыхтавала для мяне, для «Свабоды», выпісаўшы ад рукі, галоўны спэцыяліст гарадзкога аддзелу адукацыі, подпіс — неразборлівы, я прозьвішча таксама ня памятаю. Ясна: беларускія школы адкрывалі і закрывалі аднымі й тымі рукамі. Хаця былі людзі ў галіне адукацыі, якія з душой успрынялі родную мову, шчыра стваралі нацыянальную школу.

Хоць быў супраціў, начальства гнула сваю «новую», насамрэч прынамсі хрушчоўскіх часоў, лінію вельмі гвалтоўна. «Супраць лому няма прыёму». Закрылі школы, усе да адной. Зрабілі да апошняй з расейскай мовай навучаньня, як «у добрыя савецкія ўрэмена». Схапіліся за клясы, каб ніводнага ў беларускім горадзе Горадня не засталося. І адрапартавалі: няма больш! Ура!

І зрабілі беларусаў, якія не хацелі скарыцца, людзьмі другога гатунку. Цяпер, каб дамагчыся беларускай клясы, трэба было змагацца, час і нэрвы траціць. Як, скажам, пры Пілсудзкім было некалі. Але ўсё роўна бяз выніку. Дзяржаўная палітыка цяпер такая! Вам што, невядома гэта? Вы дзе жывяце, у які час?! Што вам няясна?

А цяпер думаюць: вестунамі чаго на будучыню могуць зьяўляцца тыя Рашэтнікавы, закіды пад што завуаляваныя могуць аказацца? А што да мовы, ім як не было справы, так і ня будзе. Запаветы рашэтнікавых былі выкананыя даўным-даўно: няма ў Горадні беларускай школы, нават забыліся, што гэта такое наогул. Хоць нават з польскай мовай навучаньня існуе. Так што ня бачна падстаў быць незадаволенымі тым Рашэтнікавым, ён жа «свой».

Вы не паверыце: дваццаць гадоў таму ў Горадні існавала яшчэ 366 клясаў зь беларускай мовай навучаньня! Але восень 1996-га была змрочнай, гайкі пачалі закручваць з патройнай сілай. Да поўнай «перамогі» на школьным фронце заставалася зусім няшмат часу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG