Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму асудзілі удзельніка Плошчы Кондруся


Уладзімер Кондрусь пасьля суду.
Уладзімер Кондрусь пасьля суду.

Які быў палітычны сэнс судзіць чалавека па справе, па якой даўно вызваленыя ўсе асуджаныя?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Карбалевіч: 26 сьнежня абвешчаны прысуд жыхару Рудзенска Ўладзімеру Кондрусю. Яго судзілі за ўдзел у масавым пратэсьце 19 сьнежня 2010 году. Яму прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым амбуляторным лячэньнем і вызвалілі ў зале суду. Нагадаю, што падчас папярэдняга паседжаньня суду 16 лістапада падсудны Кондрусь спрабаваў перарэзаць сабе вены ў судовай залі. Праваабаронцы Беларусі прызналі Ўладзімера Кондруся палітвязьнем.

Гэтая справа выглядала дзіўнай з самага пачатку. Трэба пачаць з таго, што гэтага чалавека арыштавалі па наводцы незалежных мэдыяў, якія палічылі яго правакатарам і надрукавалі ягоны фотаздымак.

Другі дзіўны чыньнік палягае ў тым, што ўлады распачалі працэс паводле падзей 2010 году. Усе фігуранты тых падзей былі аб’яўлены праваабаронцамі і Захадам палітвязьнямі. Іх вызваленьне было галоўнай умовай нармалізацыі адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ, ЗША. Усе палітзьняволеныя былі вызваленыя, у выніку чаго пачаўся працэс паляпшэньня адносін афіцыйнага Менску з Захадам. І на гэтым тле зьяўленьне новага фігуранта па гэтай справе выглядала дысанансам.

Таксама дзіўным выглядае прысуд, няхай да «хатняй хіміі», чалавеку, якога прызналі не зусім псыхічна здаровым. Паводле псыхіятрычнай экспэртызы, «Кондрусь пакутуе на зьмяшаны шызоідны разлад псыхікі».

Беларускую палітыку можна тлумачыць з гледзішча псыхалёгіі аднаго чалавека.

Я даўно кажу, што беларускую палітыку можна тлумачыць з гледзішча псыхалёгіі аднаго чалавека. Лёгіка гэтых дзеяньняў уладаў я б патлумачыў той псыхалягічнай траўмай, якую атрымаў Лукашэнка ад падзей 19 сьнежня 2010 года. Паводле яго, у гэтага «злачынства» няма тэрміну даўнасьці. Прычым, не ў юрыдычным сэнсе, а ў палітычным. Усе актыўная удзельнікі павінны быць пакараныя, усім трэба адпомсьціць.

Другі момант. Лукашэнку шчыміць тое, што ён быў вымушаны пайсьці на саступкі, Захаду, выканаць іх папярэднія ўмовы і вызваліць палітзьняволеных. Ён іх вызваліў, але псыхалягічная рана засталася. І таму цяпер ён спрабаваў дагуляць прайграны бой.

Прысуд Кондрусю ў чымсьці нагадвае прысуд Эдуарду Пальчысу. Іх не маглі апраўдаць, іх павінны былі пакараць, але не павінны трымаць у турме. Бо іх лічылі б палітвязьнямі і гэта ўскладніла б адносіны з Захадам. Таму і такі адносна мяккі прысуд. Мяккі ў параўнаньні з іншымі фігурантамі «справы 19 сьнежня 2010 году».

Цыганкоў: Сапраўды такім прысудам чарговы раз улада вызначыла сваё стаўленьне да падзеяў 19 сьнежня 2010 году. Варта прыняць да ўвагі разважаньні пра псыхалягічную траўму, якую атрымаў Аляксандар Лукашэнка ад тых падзеяў, але тут можа справа не ў псыхалёгіі аднаго чалавека, але ў дзяржаўнай сыстэме. Калі яна закруцілася, вызначыла, што гэта чалавек прымаў удзел у тых падзеях, то ўжо не можа спыніцца, а павінна скончыць гэтую справу, паставіць кропку.

Прысуд абсалютна ў парадыгме апошніх прысудаў, перш за ўсё ў дачыненьні да Эдуарда Пальчыса.

Але прысуд абсалютна ў парадыгме апошніх прысудаў, перш за ўсё ў дачыненьні да Эдуарда Пальчыса. Калі нельга не пакараць, але нельга пасадзіць. Бо калі даць рэальны тэрмін, гэта пагоршыць адносіны з Захадам, адкіне іх на ўзровень, калі ў Беларусі былі палітвязьні. Цяпер жа паводле міжнародных праваабаронцаў у Беларусі палітвязьняў няма. Ёсьць некаторыя спрэчныя справы, напрыклад, Бандарэнкі, але ў цэлым улада імкнецца прытрымлівацца прынцыпу «без палітвязьняў».

Сыстэма знайшла балянс паміж гэтымі задачамі, адначасова пакарала апошняга ўдзельніка падзеяў Плошчы і паказала, што яна застаецца сабой, па-ранейшаму заточанай на рэпрэсіі, але ў дадзенай сытуацыі яна дастаткова мяккая. Бо ў нас, маўляў, лібэралізацыя, і ўмоўная ўнутрыпалітычнага жыцьця, і рэальная ў адносінах з Захадам.

Такі прысуд паказаў, што гэта больш важная задача і ня тое, чым беларуская ўлада можа ахяраваць нават дзеля сваіх нейкіх прынцыпаў.

Дракахруст: Не зусім пагадзіўся б з тлумачэньнем, якое прапанаваў Валер, што ўлада хоча пакараць усіх, хто быў датычны да падзеяў 19 сьнежня 2010 году, што для яе гэта такі сакрум, маўляў, ніхто ня сыдзе без пакараньня. Варта прыгадаць, што пасьля тых падзеяў было арыштавана некалькі сотняў чалавек, каля 600 чалавек. Урэшце даўжэйшыя тэрміны зьняволеньня атрымалі некалькі дзясяткаў, каля паўсотні.

Калі кіравацца лёгікай, якую прапануе Валер, то ўлада пасадзіла б усіх астатніх 550 чалавек.

Калі кіравацца лёгікай, якую прапануе Валер, то ўлада пасадзіла б усіх астатніх 550 чалавек, якія пасьля 19 сьнежня былі затрыманыя. Гэтага ж не робіцца. Мне здаецца, што ў дадзеным выпадку справа проста ў тым, што нейкаму афіцэру трапіў адпаведны здымак, інфармацыя, і пачалі працаваць па інфармацыі.

А вось навошта пачалі — добрае пытаньне. Можна ж было проста махнуць рукой, спыніць справу, як гэта было з многімі фігурантамі. Як з тымі, хто не патрапіў за краты на папярэднім сьледзтве, гэтак і з тымі, хто патрапіў, як, скажам, Анатоль Лябедзька. Так, ён сядзеў падчас папярэдняга сьледзтва і нямала, 3 месяцы, здаецца, а потым справу проста закрылі. Па справе Міхалевіча — проста яе закрылі, не пачалі раскручваць.

А вось чаму Кондруся асудзілі? Гэта ўбудоўваецца ў цэлы шэраг рознага кшталту справаў, у якім і справа Пальчыса, і нядаўні інцыдэнт на мяжы з Міхалевічам. Гэта такі падыход улады. Так, пакуль ёсьць дамоўленасьць з Захадам, гэта сьвятое, палітвязьняў быць не павінна, але трэба, што называецца, грамадзтва трымаць у тонусе. Трэба, каб людзі не забывалі, дзе яны жывуць, што могуць і пасадзіць ці прыгразіць гэтым. Такога кшталту справы, такія ўколы працягваюцца ўвесь час, і баюся, што яны і будуць працягвацца.

І мне гэтая справа Кондруся бачыцца ў гэтым рэчышчы, як такі напамін грамадзянскай супольнасьці ў стылі савецкай песьні — «наш бронепоезд стоит на запасном пути». Гэта якраз дэманстрацыя «браняпоезда», які стаіць на запасным шляху, але можа выехаць і на «асноўны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG