Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японская журналістка апісала свае ўражаньні ад знаёмства з Алексіевіч


У мінулым месяцы Японію наведала нобэлеўская ляўрэатка — беларуская пісьменьніца Святлана Алексіевіч. Яе знаходжаньне ў Японіі было нядоўгім, паколькі яна наведвае розныя краіны ва ўсім сьвеце, аднак яна адказвала на пытаньні прэсы, наведала месца аварыі АЭС «Фукусіма-1» і атрымала ганаровую доктарскую ступень у Такійскім унівэрсытэце замежных моваў. Алексіевіч зьехала, выказаўшы некалькі глыбокіх думак, піша журналістка Кёко Нумана (Kyoko Numano) для «Ніхон кэйдзай» (пераклад — inosmi.ru, charter97.org).

«Я ня толькі рыхтавала візыт Алексіевіч у Японію, зьяўляючыся адным з прадстаўнікоў запрашальнага боку, але і правяла зь ёй у Японіі шмат часу. Мне вельмі пашанцавала мець зносіны з гэтым чалавекам адкрыта, спакойна і цёпла.

Паколькі беларуская пісьменьніца цягам доўгіх гадоў сур’ёзна вывучала ўзаемаадносіны паміж індывідам і соцыюмам, а таксама дасьледавала такія тэмы, як вайна і аварыі на АЭС, яна валодае вельмі дапытлівым і вострым розумам.

У першы ж дзень свайго знаходжаньня ў Японіі яна нечакана спытала ў мяне:

«Чаму Японія стала праводзіць палітыку самаізаляцыі?» Калі я пачала блытана адказваць, адразу ж рушыла наўздагон іншае пытаньне: «Чаму ў Эўропе толькі Галяндыя зьяўлялася выключэньнем?» — піша журналістка.

Калі ў Фукусіме Алексіевіч размаўляла з пацярпелымі ад аварыі на АЭС, яна старалася суцешыць іх, але пры гэтым таксама задавала вострыя пытаньні ціхім голасам для таго, каб зразумець іх стан пасьля трагедыі.

Усе творы Алексіевіч складзеныя з сотняў падобных успамінаў. Яны сабраныя ў мастацка-дакумэнтальным цыклі «Галасы ўтопіі». Заключная кніга гэтага цыклю, якая называецца «Час сэканд хэнд», напоўненая ўспамінамі «маленькіх людзей», якія жывуць у змроку і расчараваньні пасьля развалу СССР.

У гэтай кнізе Алексіевіч апавядае пра людзей, якія пакутуюць, ня ў стане адаптавацца да рынкавай эканомікі, што існуе паводле законаў джунгляў. Яна паказвае, наколькі камуністычная ідэалёгія зачаравала сэрцы людзей. Паводле словаў Алексіевіч, ейны бацька таксама зьяўляецца прадстаўніком пакаленьня, зачараванага ўтопіяй. Ён прасіў, каб яго пахавалі разам з партыйным білетам Камуністычнай партыі.

Пасьля таго як адбылося крушэньне сацыялізму, які быццам бы імкнуўся да таго, каб зрабіць усіх роўнымі, ля стырна апынуліся нуварышы. Грамадзтва стала пакланяцца грошам. Пэнсійная сыстэма фармалізавалася. Імкліва распаўсюджвалася сацыяльнае расслаеньне. Так і не знайшоўшы новую грамадзкую форму, краіна пайшла шляхам сэканд хэнду, імкнучыся да таго, каб дамінаваць у сьвеце, стаўшы магутнай ваеннай і эканамічнай дзяржавай.

Тым ня менш гэта характэрна ня толькі для Расеі. Цяпер ва ўсім сьвеце распаўсюджваецца тэндэнцыя да таго, каб толькі зарабляць грошы і пляваць на людзей, ахову здароўя і экалёгію.

«Аднак я мяркую, што нельга дзеля прыбытку гандляваць усім, чым заўгодна. На маю думку, амаральна экспартаваць зброю і ядзерныя тэхналёгіі, а таксама будаваць казіно, выклікаючы ў людзях запал да азартных гульняў.

Калі шанаваць мараль, то неабходна адмовіцца ад дэвізу: пасьля нас хоць патоп».

Алексіевіч казала, што грамадзтву патрэбная новая філязофія: не вяртаньне да камуністычнай ідэалёгіі, не імкненьне да зарабляньня грошай і ня пошук выратаваньня ў рэлігіі.

Філязофія не азначае нешта складанае. У сваім творы «Чарнобыльская малітва» яна піша, што хоча даведацца сэнс жыцьця чалавека і сэнс таго, чаму мы жывем на Зямлі. Падзагаловак кнігі — «Кроніка будучыні». Ва ўсіх нас ёсьць адказнасьць перад будучыняй", — піша Кёко Нумана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG