Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеці ледзь не пабіліся, ці я Зюзя ці Дзед Мароз»? — цікавыя гісторыі ад беларускамоўных дзядоў-маразоў



Як гэта — быць беларускамоўным Дзедам Марозам, ці Сьвятым Мікалаем, ці нават Зюзем, распавялі нашай аўтарцы Паліне Масьлянковай мужчыны, якія ў калядны час раз-пораз апранаюць кажух і бараду, каб пацешыць дзяцей і прынесьці ў дом казку.


Васіль Дранько-Майсюк, драматург, літаратурны рэдактар часопіса «Вясёлка»:

Васіль Дранько-Майсюк

Васіль Дранько-Майсюк



На абсалютна дабрачынных пачатках я пераўвасабляюся ў Дзеда Мароза ўжо тры сэзоны, а эпізадычна гэта здаралася і тады, калі я вучыўся ў Акадэміі мастацтваў. Мяне запрашаюць і ў беларускамоўныя, і ў расейскамоўныя сем’і, а я гутару па-беларуску, і праблемаў ніколі не было. Дзецям галоўнае, каб было вясёлае сьвята, каб зь імі гулялі, каб ім стварылі сапраўдны спэктакль. Звычайна гэта тэатар аднаго актора. Напрыклад, Дзед Мароз прыходзіць зь нейкім мяшком, а ў ім нейкі зьвярок, а дзеці павінны здагадацца, што гэта за зьвярок. Расказваецца гісторыя гэтага зьвера і чаму ён трапіў у гэты мяшок — то бок цэлы спэктакль, які дапамагаюць стварыць самі дзеці, ратуюць зьвярка ад якіх-небудзь ваўкоў ці вупыроў — у залежнасьці ад узросту. Вельмі было цікава, калі ў адным катэджы я пачаў распавядаць, што па лесе ходзяць ваўкі і хочуць зьесьці парсючка, а тут раптам выходзіць вялізны сабака, ваўкадаў, які і сыграў ролю таго ваўка. Ён, аказваецца, быў вучоны і падыгрываў мне: сядаў, калі трэба было сесьці, вазіў на сьпіне малое дзіця і нават верш прачытаў: «Гаў-гаў!» Ідэальна, калі ў сьвяце ўдзельнічаюць усе: і дарослыя, і дзеці, і нават жывёлы.

Першапачаткова мы абгаворваем з дарослымі месца імрэзы, колькі будзе дзяцей і якога ўзросту, ці трэба запаліць ялінку, ці будуць дзеці вершы расказваць, ці баяцца яны цемры або гучных гукаў. Але мову не абгаворваем. Бывае, канешне, нейкае слова незразумелае даводзіцца патлумачыць ці перакласьці, але гэта крыху штучныя праблемы наконт неразуменьня мовы.


Сяргей Доўгушаў, лідэр фальклёрнага гурта «Vuraj»:

Сяргей Доўгушаў

Сяргей Доўгушаў



Я бываў Дзедам Марозам ня раз: і па кватэрах хадзіў, і хворых дзетак віншаваў, і на беларускамоўнай ялінцы выступаў. А вось ужо пару гадоў ладжу свае калядныя праекты: сёлета гэта калядная казка «Пра казу і Пятра» паводле кнігі Ігара Кузьмініча.

Я рабіў гэта аўтэнтычна, прыходзіў у дом з музычнымі інструмэнтамі, са званочкамі ці шархунамі, граў на дудцы ці жалейцы. Спачатку можна было пачуць бомы, як едзе Дзед Мароз на санях, потым я заходзіў, вітаўся вершавана, сьпяваў і праводзіў нейкія музычныя гульні і конкурсы. Бывала, адразу дзеткі абкружаць і пачынаюць вершы расказваць, а часам сядзяць, глядзяць — і даводзіцца імправізаваць. Калі шмат было дзетак, то я раздаваў інструмэнты, і мы калядную песьню сьпявалі разам.

Калі я заходзіў у хату, дзеці вылупвалі вочы, часам нават пужаліся, і ім ужо было ўсё адно, на якой мове я размаўляў. Але бацькі рыхтавалі, што прыйдзе Дзед Мароз, што трэба будзе расказаць вершык, таму ў прынцыпе ім было зразумела, чаму гэты дзед прыйшоў і чаго ён хоча. Нейкага непаразуменьня на глебе мовы ніколі не было. Казка прыходзіць у дом, а на якой яна мове, гэта няважна. Аднаго разу на беларускамоўнай ялінцы дзеці паспрачаліся, ці гэта Дзед Мароз, ці Сьвяты Мікалай, ці Зюзя і ледзь не пабіліся. Але часьцей я ўсё ж быў Дзедам Марозам, бо для Зюзі трэба зусім іншы вобраз і рэквізыт«.


Алесь Квіткевіч, заснавальнік інтэрнэт-крамы Prastora.by:

Алесь Квіткевіч

Алесь Квіткевіч


Аднойчы сталася так, што Крысьціна Вітушка — самая, бадай, «Ялінкавая» пэрсона ў сучаснай Беларусі — запрасіла мяне выступіць у ролі Сьвятога Мікалая на беларускамоўным сьвяткаваньні перад дзеткамі і іх бацькамі. Я тады ня дужа ведаў, на што пагаджаюся, дый часу на нейкія там разважаньні асабліва не было — трэба было даваць згоду, а назаўтра ўжо ўлазіць у чырвоны строй і нацягваць бараду... А потым ужо давялося імправізаваць ды прыгадваць што-нішто з уласнага маленства. Паколькі сама падзея была тры гады таму, то дакладна сказаныя словы і вершы, якія чыталі дзеткі, за гэты час з галавы ўжо выпетрыліся, але засталося самае галоўнае — адчуваньне, што, аказваецца, быць беларускамоўным Дзедам Марозам або Сьвятым Мікалаем зусім проста!

Я толькі цяпер наогул асэнсаваў той досьвед. І прыйшоў да высновы, што дзеткі — самая ўдзячная і непасрэдная аўдыторыя з усіх магчымых. Можа, гэта яшчэ дадалася атмасфэра чароўнасьці і сьвята, але асноўнай маёй аўдыторыі было ў той дзень няважна, падрыхтаваны ты Дзед Мароз ці не, спрактыкаваны ў дадзенай справе або першы раз у жыцьці стаіш перад імі ў такім абліччы — яны з радасьцю дзеляцца з табою сваімі думкамі і назіраньнямі, не хаваючы пры гэтым эмоцыяў. І прычым усе цудоўна разумеюць беларускую мову, і кожны — хто колькі ведаў — стараўся на ёй адказваць на загадкі і чытаць вершыкі... Таму ўспаміны засталіся самыя цёплыя, так што я цяпер, ужо маючы сваю дачку ў двух з паловаю гадовым узросьце, падумваю, ці не паўтарыць той цікавы досьвед падчас Каляднага маркету.


Раман Абрамчук, музыка, краязнавец, гід па Менску на ровары:

Раман Абрамчук

Раман Абрамчук



Нас калядаваць запрашалі ў розныя сем’і, іх чапляў крэатыў і нацыянальны калярыт з элемэнтамі каляднага абраду. Ідэя была ў спалучэньні абраду калядоўшчыкаў і Дзеда Мароза ці Сьвятога Мікалая. Мы выступалі ў фармаце, які нясе нацыянальную культуру і ў той самы час зразумелы сучасным дзецям праз фігуру Дзеда Мароза. Мы спрабавалі адысьці ад Сьнягуркі, у нас часьцей быў Сьвяты Мікалай і анёл, а таксама каза і мядзьведзь.

Малыя дзеці слаба разумеюць мову — гэта факт. Але ёсьць сьвядомыя бацькі, якія хоць і не гавораць па-беларуску, але робяць шмат працы, каб дзеці ведалі мову. Калі ўжо зусім не разумелі, я мог і перакласьці альбо на эмоцыях і мове жэстаў нешта патлумачыць. Часам дзеці нам ня толькі вершы чыталі, але і на цымбалах гралі, і як каўбоі скакалі.

Аднойчы 31 сьнежня мы з анёлам Валянцінай Кароткінай вярталіся з абходу кватэраў позна ўвечары, даехалі да цэнтру і шукалі, дзе б шампанскага выпіць. Дык селі акурат у карэту ля ратушы, разаслалі нашы кажухі і там сустрэлі Новы год. Праз хвілін 10 падышлі да нас Віктар Шніп і Людміла Рублеўская, аказваецца, у іх гэта традыцыя штогод ля ратушы сустракаць Новы год .


Уладзімер Брэк, пэдагог у дэкрэтным адпачынку:

Уладзімер Брэк

Уладзімер Брэк



Усё пачыналася з батлейкі. У палацы дзяцей і моладзі мы зь дзеткамі ставілі спэктаклі і выступалі ў Чырвоным касьцёле. Калі мяне запрашалі ў беларускамоўныя садкі, я быў Дзедам Марозам. А вось калі я выступаю ў касьцёле, тады я Сьвяты Мікалай. Тут я яшчэ прыдумаў сярэдні варыянт — Дзед Мікалай.

Запрашалі часам і ў сем’і. Па сцэнары ў нас спачатку Сьнягурка заходзіць, загадкі загадвае, а потым выходжу я. Аднаго разу дзяўчынка не ўспрыняла Сьнягурку, і мне давялося яе ўвесь вечар забаўляць, ледзь вылузнуўся, на карачках пад вокнамі ўцякалі. Таму па кватэрах хадзіць я даўно перастаў — гэта, скажам, такая няўдзячная праца, для пачаткоўцаў. Гэта прыблізна як кіно для сапраўднага тэатральнага актора.

Дзеткі разумеюць усе мовы. Нават калі б зь імі па-ангельску ці па-летувіску размаўляў, яны б усё адно зразумелі. У нас такой праблемы ніколі не было. У беларускамоўных садках заўжды праграма была па-беларуску, а ў лягапэдычных групах чамусьці па-расейску, маўляў, яны і так ледзь гавораць, навошта ім яшчэ беларуская мова. Мяне гэта заўжды бянтэжыла, бо дзеткі такія ж самыя, яны нічым не адрозьніваюцца ад дзетак з іншых групаў, але беларуская мова для іх лічыцца непатрэбным бонусам.


Васіль Грыбоўскі, беларускамоўны вядоўца:

Васіль Грыбоўскі

Васіль Грыбоўскі



Пакуль мой досьвед абмяжоўваецца карпаратыўнымі замовамі, я віншаваў айцішнікаў па офісах і рэстарацыях. Чароўным кіёчкам выконваў пажаданьні на наступны год. Да суседзяў хадзіў. Аб 11 гадзіне вечара абыходзіў усіх і віншаваў. Там, натуральна, быў моўны мікс, таму што не ўсе мае суседзі ведаюць ці нават разумеюць беларускую мову, таму даводзілася часам пераходзіць на расейскую, каб дзеткі адчулі сьвята. Ім падрыхтавалі падарункі ў выглядзе вялікіх цукерак, якія былі напханыя рознымі смакоцьцямі і салодзікамі.

А летась мая чатырохгадовая донька знайшла ў шафе мой строй, падвяла мяне і сказала: «Тата, я ўсё зразумела, Сьвяты Мікалай — гэта ты». Мне прыйшлося ёй распавесьці гісторыю, што ў Сьвятога Мікалая дужа шмат працы, на зямлі ў яго не стае памочнікаў, нікому не кажы, твой тата — адзін з памагатых Сьвятога Мікалая. І яна захоўвае маю таямніцу.


Алег Манулін (ён жа Леапольд Мазгакруцікаў), заснавальнік музэя цікавай навукі Elemento:

Алег Манулін

Алег Манулін


Калі я працаваў Дзедам Марозам, мяне запрашалі ў розныя сем’і, але праблемаў з мовай ніколі не было, мяне цудоўна разумелі дзеці, калі я прыходзіў да іх у дом ці ў садок з падарункамі. Праграма наша складалася з гульняў, пытаньняў, віктарынаў, пасьля дзеткі сьпявалі песенькі і чыталі вершы, аднаго разу нават «Пагоню» чыталі Багдановіча.

Што да цікавых выпадкаў, то аднойчы падчас нейкай імпрэзы дзяўчынка павінна была спытаць, ці не чуваць там званочкі і грукат капытоў коней ці аленяў, але нешта забалбаталася і сказала: «Ці не чуваць там грукат капытоў Дзеда Мароза?»

Мне вельмі падабалася працаваць з дзецьмі, таму я і застаўся ў гэтай сфэры. У мяне падрастае дачка, ёй паўтара гады, і не выключана, што для яе неяк зноў давядзецца пераўвасобіцца ў Дзеда Мароза.

Юры Ўсьціновіч, вядоўца тэматычных імпрэзаў і сьвятаў:

Юры Ўсьціновіч

Юры Ўсьціновіч



Сем’і, у якія мяне запрашалі, часьцей былі беларускамоўныя. Мы разыгрывалі сцэны барацьбы Сьвятога Мікалая з жудасным Зюзем, які хоча ўсё замарозіць. Трэба было растапіць, расчараваць закаванае сьвятло-цяпельца, якое зіму прагоніць, вясну наблізіць. А ў школках звычайна па сцэнары вадзілі карагоды, запальвалі ялінку — нічога адметнага.

Калі выступаеш перад замежнікамі, то яны часьцей кажуць «Давайце па-беларуску, бо нам жа цікава паслухаць». Такіх выпадкаў было зь дзясятак. А нашы людзі замаўляюць часьцей па-расейску, маўляў, не зразумеем, але правакацыйна пачынаеш весьці па-беларуску, глядзіш на рэакцыю — у прынцыпе, колькі разоў удавалася ўсё адно на свой капыл перайначыць і па-беларуску праводзіць нейкае мерапрыемства.

А зь дзеткамі было таксама некалькі мэтамарфозаў. Спачатку падыходзяць і кажуць: «А не могли бы вы разговаривать по-русски, потому что то, что вы говорите, совсем не понятно». А ўсё адно працягваеш праграму беларускай мовай, і пасьля гэтыя ж дзеткі падыходзяць і задаюць кучу пытаньняў альбо па-беларуску, альбо на трасянцы. Такія выпадкі былі, і яны радуюць.


Андрэй Вітушка, дзіцячы рэаніматоляг, які абараніў дысэртацыю па-беларуску:

Андрэй Вітушка

Андрэй Вітушка



Мне давялося быць Дзедам Марозам ажно два разы. У беларускамоўным садочку і ў гімназіі, дзе вучыцца сын Мірон. Гэта складана фізычна, строй вельмі цёплы, і табе становіцца горача. А яшчэ гэты нос, і барада, і шапка — ва ўсім гэтым убраньні складана гаварыць, і рухацца, і вадзіць карагоды з дзецьмі.

А дзеці рэагавалі вельмі пазытыўна. Недзе зь пятай ці дзясятай хвіліны яны пачалі крычаць, што гэта тата Мірона, доктар Вітушка, а некаторыя ім не паверылі і да канца імпрэзы лічылі мяне Дзедам Марозам. Гэта міла, весела. Я ў прынцыпе вельмі люблю бавіцца зь дзецьмі. Галоўнае, нікога не забыць, каб усе пасьпелі распавесьці вершыкі і атрымаць свае падарункі. Паколькі гэта былі беларускамоўныя ўстановы, збольшага і вершы гучалі па-беларуску, але не абышлося, канешне, без «В лесу родилась ёлочка» і «Белая береза под моим окном». Шмат было і традыцыйных калядных песенек. А пад канец імпрэзы дзеці пачалі мяне называць Сьвяты Мікалаевіч, паколькі я Андрэй Мікалаевіч))) А на працы зь мяне жартавалі, што я ўвайшоў у ролю і цяпер вазьму адпачынак з прычыны таго, што ў мяне «Ялінкі».


Фота — з архіву герояў і Крысьціны Вітушкі, арганізатаркі беларускамоўных ялінак.

XS
SM
MD
LG