Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цкаваньне сваіх: Як мы выпальваем адно аднаго


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Калі мне было чатырнаццаць, я арганізавала ў Берасьці штотыднёвае наведваньне сацыяльнага прытулку — месца, дзе жывуць дзеці, у чыіх бацькоў ёсьць апошні шанец выправіцца і вярнуць іх у сям’ю. Разам з аднагодкамі штонядзелю я езьдзіла на вуліцу МОПРа, 7, каб пагуляцца з малымі. Адміністрацыя нам не замінала, выхавацелькі былі ўдзячныя за дапамогу, а самі дзеці вельмі радаваліся якой-кольвек разнастайнасьці ў рэжыме.

Затое навакольныя нас пераважна крытыкавалі і казалі, што мы займаемся няправільнай дабрачыннасьцю — не прывозім торбаў зь ежай, сшыткамі і алоўкамі, а толькі гуляем і размаўляем з дзецьмі. Толькі праз некалькі гадоў у мэдыях сталі казаць пра так званую таксычную дабрачыннасьць, да якой адносілі акурат падарункі, якія дзіцячыя дамы і сацыяльныя прытулкі традыцыйна атрымліваюць вялікі хвалямі перад сьвятамі некалькі разоў на год. Мы ж тады рабілі ўсё інтуіцыйна і сыходзілі з уласных магчымасьцяў, але нас літаральна дзяўблі з усіх бакоў, і досыць хутка са мной здарылася тое, што сёньня называюць эмацыйным выгараньнем.

Яшчэ некалькі гадоў любая дабрачыннасьць падавалася мне чымсьці няправільным.

Паездкі ў прытулак падаваліся мне бессэнсоўнымі, і да дзяцей зьявілася пэўная абыякавасьць. Я пачала думаць, што тая несправядлівасьць, зь якой яны сутыкнуліся ў жыцьці, — зьява, неабходная для глябальнага балянсу дабра і зла. Пра існаваньне эмацыйнага выгараньня і тым больш пра мэтады барацьбы зь ім я тады не ведала, так што проста перастала езьдзіць у прытулак. Яшчэ некалькі гадоў любая дабрачыннасьць падавалася мне чымсьці няправільным, але, на шчасьце, гэтыя думкі я трымала пры сабе і не дапамагала «выгараць» іншым.

Але і тады, і цяпер менш за ўсё разумею, чаму з асаблівай асалодай актывістак і актывістаў цкуюць умоўныя «свае» — людзі, якія таксама займаюцца нейкім актывізмам і таксама ўвесь час сутыкаюцца з абясцэньваньнем і крытыканствам. Здавалася б, гэтыя людзі павінны неяк праяўляць салідарнасьць і як мінімум не дадаваць свой голас у падтрымку ідэй кшталту «у Афрыцы дзеці галадаюць, а вы тут дурнотай нейкай займаецеся». Абаронцы жывёлаў увесь час чуюць, што нельга займацца катамі і сабакамі, пакуль пакутуюць людзі; тыя, хто абараняе уцекачоў, выслухоўваюць, што займацца трэба «сваімі» людзьмі; а праваабаронцаў, якія ладзяць кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня, абвінавачваюць у тым, што яны клапоцяцца пра злачынцаў.

Калі да нападаў так званай канапавай арміі я даўно звыкла, то такі падыход з боку нібыта «сваіх» працягвае палохаць

І выглядае як мінімум дзіўна, калі Антон Матолька, на чый адрас штодзень сыплюцца абвінавачваньні ў няправільным актывізме, спачатку тлумачыць, што кожны чалавек павінен займацца чымсьці сваім, і што ў краіне, дзе ёсьць палітзьняволеныя, дарэчна займацца і пытаньнямі правільнай паркоўкі, а потым абвінавачвае фэміністак у тым, што мы нібыта ігнаруем «сапраўды важныя» пытаньні. І калі да нападаў так званай канапавай арміі я даўно звыкла, то такі падыход з боку нібыта «сваіх» працягвае палохаць, бо гэта — прызнак эмацыйнага выгараньня.

Ня мае значэньня, чым ты займаесься, — цябе заўжды будуць папракаць у прадажнасьці, неразумнасьці і жаданьні ўвагі да сябе асабіста.

Ня мае значэньня, чым ты займаесься, — цябе заўжды будуць папракаць у прадажнасьці, неразумнасьці і жаданьні ўвагі да сябе асабіста, будуць казаць, што ў цябе проста надта шмат часу, табе няма чым заняцца, і ўвогуле гэта ўсё дзіцячая псыхалягічная траўма ўплывае (калі траўмы няма, крытыканы абавязкова яе прыдумаюць). А калі табе будзе цяжка — яны абвінаваць цябе ў слабасьці і няздольнасьці па-сапраўднаму адстойваць свае прынцыпы. І застаецца толькі два выйсьця — альбо працягваць займацца ўласнай справай, памятаючы, што кожнаму сваё, альбо спыніцца і адпачыць.

Але часам абіраюць трэці варыянт — заняць месца ў ланцужку прыніжэньняў і абясцэньваньняў і пачаць даводзіць былым паплечніцам і паплечнікам, што яны робяць усё няправільна, і што іх дзеяньні толькі шкодзяць і ўвогуле дыскрэдытуюць Вялікую Ідэю. Гэтая пазыцыя нікому яшчэ не дапамагла і не дапаможа, але людзі, што пачынаюць займацца гэтым грэблівым маралізатарствам, і не імкнуцца дапамагчы — яны стараюцца давесьці навакольным і самім сабе, што іх дзейнасьць заслугоўвае павагі і падтрымкі. Яны робяць гэта, поўныя адчаю, і, сутыкнуўшыся з абурэньнем і супрацьстаяньнем, адчайваюцца яшчэ мацней.

Кола ўзаемных прэтэнзій пашыраецца і пашыраецца, павялічваецца ўзровень напружанасьці і агрэсіі, але вельмі важна пасьпець спыніцца, пакуль крытыка ідэй не перарасла ў цкаваньне асобаў.

А адказ на пытаньне, чаму ў Беларусі такая слабая грамадзянская супольнасьць, на мой погляд, даволі просты: эмацыйнае выгараньне. Мы выпальваем адно аднаго.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG