Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская эканамічная мадэль блізкая да вычарпаньня», — вынікі дасьледаваньня


Курс эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў вычарпаў сябе і павінен быць заменены.

Такія высновы робяць Венскі інстытут міжнародных эканамічных дасьледаваньняў і Цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC у кнізе «Беларуская эканоміка: выклікі заглухлых рэформаў».


Расейскія субсыдыі як «плата за ляяльнасьць»

У сваім дасьледаваньні экспэрты адзначаюць, што галоўнай асаблівасьцю эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў апошнія 22 гады сталі вялікія фінансавыя і энэргетычныя субсыдыі з боку Расеі — менавіта яны далі магчымасьць беларускім уладам раз за разам адкладаць рэформы. У сваю чаргу субсыдыі «надаваліся ў абмен за палітычную ляяльнасьць і хаўрусьніцтва».

Шмат у чым менавіта падтрымка Расеі абумовіла моцна адрозны ад іншых дзяржаваў сцэнар посткамуністычнай трансфармацыі ў Беларусі.

«Дзяржаўны капіталізм», дзе больш дзяржавы

Эканамісты цьвердзяць, што беларуская эканамічная мадэль спалучае ў сабе зародкі прадпрымальніцтва і рэшткі цэнтралізаванай камуністычнай сыстэмы, што можна ахарактарызаваць як «дзяржаўны капіталізм». Пры гэтым «дзяржаўнага» ў такой мадэлі больш, чым «капіталістычнага».

Дзяржаўныя прадпрыемствы працуюць у прывілеяваных умовах у параўнаньні з прыватнымі. Банкі фінансуюць дзяржаўныя кампаніі, выдаючы ім ільготныя крэдыты, а пры гэтым самі банкі субсыдуюцца ўрадам праз кампэнсацыю розьніцы ў працэнтавых стаўках.

«Дырэктыўнае крэдытаваньне прывяло да перакосу на рынку і мела сур’ёзныя нэгатыўныя наступствы: расхалоджваньне зацікаўленасьці дзяржаўных прадпрыемстваў у рэструктурызацыі, пагаршэньне якасьці банкаўскіх партфэляў і, што закранула ўсе галіны эканомікі, нерацыянальнае разьмеркаваньне рэсурсаў», — адзначаюць аўтары дасьледаваньня.

Мадэль, якая вядзе да нестабільнасьці

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што з 1996 па 2008 год дзякуючы расейскай падтрымцы ў Беларусі назіраліся дастаткова высокія тэмпы эканамічнага росту. Аднак з 2008 году пачаліся нэгатыўныя тэндэнцыі, зьвязаныя перш за ўсё зь неэфэктыўнасьцю дырэктыўнага крэдытаваньня і папулісцкай палітыкай рэгуляваньня даходаў насельніцтва. У выніку гэта прывяло да росту дзяржаўнага доўгу, інфляцыі і эканамічнай нестабільнасьці: Беларусь за 6 гадоў (2009-2015) перанесла тры маштабныя дэвальвацыі.

Карэктаваньне эканамічнай палітыкі пасьля 2014 году

Экспэрты падкрэсьліваюць, што «мінулы курс эканамічнай палітыкі вычарпаў сябе і павінен быць заменены». Фактычна такая замена ўжо адбываецца.

Да канца 2014 году стала відавочна, што ўтрымліваць фіксаваны абменны курс больш няма як. Гэта прывяло да зьмены фармату эканамічнай палітыкі: быў уведзены рэжым плыўкага абменнага курсу, фіскальная палітыка стала больш жорсткай, мэханізмы стымуляваньня попыту былі абмежаваныя. «Гэтыя характарыстыкі, якія спрыяюць фінансавай стабільнасьці, суправаджаюцца скарачэньнем выпуску і ростам беспрацоўя. У выніку ў 2015 г. краіна ўпершыню за 20 гадоў сутыкнулася са спадам унутранага валавога прадукту», — канстатуюць дасьледнікі.

Рэформа эканамічнай мадэлі прывядзе да сур’ёзных сацыяльных наступстваў

Адначасова эканамісты ня бачаць падставаў лічыць, што беларуская мадэль «дзяржаўнага капіталізму» зазнаé зьмены. Але нават каб забясьпечыць яе захаваньне, уладам спатрэбяцца рэформы.

«Каб беларускія ўлады маглі абгрунтаваць свае дамаганьні на „дзяржаўны капіталізм“», яны павінны рухацца ў кірунку жорсткіх бюджэтных абмежаваньняў да дзяржаўных кампаніяў і банкаў.

Аднак такая зьмена палітыкі будзе мець сур’ёзныя сацыяльныя наступствы, бо прывядзе да рэструктурызацыі дзяржаўнага сэктару эканомікі, уключаючы скарачэньне залішняй працоўнай сілы.

Экспэрты лічаць, што «на гэты момант беларуская эканамічная мадэль блізкая да вычарпаньня, і зьмены ў эканамічнай палітыцы ўяўляюцца непазьбежнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG