Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бартосік прэзэнтаваў сваю кнігу ў вёсцы, дзе жывуць героі ягоных будучых нарысаў


Прэзэнтацыя кнігі Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы» ў Стаўрах, што пад Воршай
Прэзэнтацыя кнігі Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы» ў Стаўрах, што пад Воршай

На Аршаншчыне адбылася прэзэнтацыя кнігі літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы…», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Свабоды.

Гэтая кніга (PDF) — выбраныя выпускі адной з самых любімых радыёслухачамі перадач, «Падарожжы Свабоды». Героі нарысаў — звычайныя людзі, пераважна вяскоўцы, якія распавядаюць аўтару розныя жыцьцёвыя гісторыі. Найчасьцей драматычныя, расказаць якія яны наважыліся толькі цяпер, перажыўшы найцяжэйшыя гады беларускай гісторыі і здолеўшы перастаць баяцца сваіх уласных успамінаў пра тыя часы.

Прэзэнтацыя прайшла ў такой самай хаце, як тыя, дзе жывуць героі кнігі
Прэзэнтацыя прайшла ў такой самай хаце, як тыя, дзе жывуць героі кнігі

Прэзэнтацыю аўтар вырашыў правесьці ў такой самай вясковай хаце, якіх ён бачыў незьлічонае мноства за свае падарожжы ў розныя куткі Беларусі. Гэта сядзіба актывіста Ігара Грышанава, даўняга слухача і героя перадач Радыё Свабода, вясковага старасты і заўзятага калекцыянэра мясцовых цікавінак, стваральніка прыватнага музэю і завадатара розных імпрэзаў, якія ён ладзіць тут для вяскоўцаў і гасьцей.

З гаспадаром, Інарам Грышанавым
З гаспадаром, Інарам Грышанавым

Вёска Стаўры становіцца адным з цэнтраў грамадзкага жыцьця рэгіёну. А што да культурніцкіх мерапрыемстваў, то тут сёлета прайшла ўжо другая літаратурная прэзэнтацыя. Традыцыю запачаткавала пісьменьніца Паліна Качаткова (Сьцепаненка), якая ўвосень прадставіла тут сваю кнігу «Гняздо-2». А цяпер на сустрэчу са Зьмітром Бартосікам зноў сабраліся аматары літаратуры і даўнія слухачы Свабоды.

Падчас сустрэчы
Падчас сустрэчы

Аўтар чытаў свае нарысы, а прысутныя то шчыра рагаталі з гумарыстычных сытуацыяў «з жыцьця», апісаных у кнізе, то задумліва слухалі пра тое, што давялося перажыць іхным суайчыньнікам у мінулым, ХХ стагодзьдзі. І першыя ж пытаньні да аўтара-падарожніка былі пра тое, ці насамрэч паўсюль у Беларусі адчуваецца незьнішчальны адбітак «савецкасьці» — гатоўнасьці прыняць ад любога начальства кожнае, нават гвалтоўнае, распараджэньне, нават бязглуздасьць.

«Не, Беларусь не савецкая! Варта беларусам адчуць сябе трошкі вальнейшымі, і яны лёгка скінуць шыльду «апошняга запаведніку СССР», якую на Беларусь навесілі. І тут стане нармальная эўрапейская краіна», — лічыць Бартосік.

Гледачы — вяскоўцы і гараджане
Гледачы — вяскоўцы і гараджане

Зьбіраючы матэрыял для перадачы «Падарожжы Свабоды», Зьміцер Бартосік наезьдзіў па краіне тысячы кілямэтраў. Часам, як ён кажа, крыху пераганяючы чалавечыя лёсы і гісторыі, а часам — наадварот:

«Самае страшнае, калі не пасьпяваеш пагутарыць з чалавекам, да якога едзеш. Калі прыяжджаеш, а табе кажуць, што ён памёр два-тры тыдні таму. А здаралася, што чалавек адыходзіў у лепшы сьвет літаральна праз пару дзён пасьля нашай гутаркі, пасьпеўшы выгаварыць свае даўнія крыўды, расказаць нешта важнае — можа, нават і тое, чым баяўся падзяліцца зь дзецьмі ці ўнукамі. Таму гэта вельмі-вельмі істотна — пасьпець выслухаць тых, хто памятае 40-я, ці, скажам, 30-я».

Дыскусыя з аўтарам
Дыскусыя з аўтарам

І ў вёсцы Стаўры пад Воршай жывуць людзі, чые гісторыі варта занатоўваць, лічыць Зьміцер Бартосік. Таму яшчэ да прэзэнтацыі сваёй кнігі ён прайшоўся па хатах старажылаў, сустрэўся зь вяскоўцамі. Таму й прэзэнтацыя атрымалася незвычайная — на ёй было ня так шмат людзей, як бывае ў буйных гарадах, затое ўсё было шчыра — як на традыцыйных вясковых вячорках, калі хтосьці ўладкоўваецца на печы, хтось — на старой канапе, а нехта на старасьвецкіх крэслах, што засталіся гаспадарам у спадчыну…

Прэзэнтацыя кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы…» — ужо другая на Віцебшчыне. Самая першая сустрэча з чытачамі таксама прайшла ў Глыбокім. Гэта мястэчка, дзе, паводле Бартосіка, да яго й прыйшло ўсьведамленьне канцэпцыі будучага зборніку: пераказаць драматычныя гісторыі беларусаў, якім давялося зьведаць нямала гора ў сваім жыцьці.

Аўтографы ад аўтара
Аўтографы ад аўтара

Прэзэнтацыі і сустрэчы са Зьмітром Бартосікам прайшлі ў Менску і ў некаторых буйных гарадах — у Берасьці, Гомелі, Магілёве. Аўтара чакаюць у кожным рэгіёне, прычым удзельнікі сустрэч заўжды пытаюцца: «А пра нашы краі ці ёсьць у гэтай кнізе?». Калі пакуль няма, дык абавязкова будуць, лічыць Бартосік:

«Колькі б я ня езьдзіў, дзе б не пабываў, мяне не пакідае ўражаньне, што падарожжа толькі пачынаецца! У гэтай кнігі абавязкова будзе працяг, бо “Падарожжы Свабоды” бясконца цікавыя, як бясконца цікавыя самі беларусы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG