Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму выгадны бэрлінскі тэракт


Плякат з надпісам «Чаму?» на калядным кірмашы ў Бэрліне на наступны дзень пасьля тэракту.
Плякат з надпісам «Чаму?» на калядным кірмашы ў Бэрліне на наступны дзень пасьля тэракту.

Якія палітычныя наступствы магчымыя пасьля тэрарыстычных актаў у Бэрліне?

Удзельнікі: Алег Грузьдзіловіч, Сяргей Навумчык, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за тэракт у Бэрліне, ахвярамі якога сталі 12 чалавек. Нагадаем, напад на наведвальнікаў каляднага кірмашу ў Бэрліне адбыўся ўвечары 19 сьнежня. Грузавік урэзаўся ў натоўп на плошчы і праехаў каля 50-80 мэтраў. Загінула 12 чалавек, яшчэ 48 чалавек параненыя, стан 18 зь іх ацэньваецца як цяжкі.

На пасажырскім сядзеньні грузавіка паліцыя знайшла мёртвага чалавека. Кіроўцы ў машыне не аказалася – за ім была арганізавана пагоня з дапамогай простых грамадзян, і празь некаторы час быў затрыманы выхадзец з Пакістану. Але пазьней бэрлінская паліцыя адпусьціла яго, бо мясцовыя праваахоўныя органы ня здолелі знайсьці пацьверджаньняў, што менавіта ён быў за рулём грузавіка. Пошук кіроўцы працягваецца.

Якія палітычныя наступствы? Перш за ўсё, гэта прынамсі ў масавай сьвядомасьці зьменіць стаўленьне да мігранцкага крызысу. Калі раней нэгатыўна рэагавалі толькі прадстаўнікі ўсходнеэўрапейскіх краінаў, і гэта падавалася нечым абуральным, – то цяпер дзеяньні ўсіх краінаў Эўропы сталі больш строгімі і абарончымі. Напрыклад, у гэтыя тыдні немцы даволі актыўна высылаюць тысячы мігрантаў, якія «не заслужылі» прытулку, людзей без дакумэнтаў.

Мэйнстрым нямецкай палітыкі будзе браць крэн у правы бок.

Натуральна, што мэйнстрым нямецкай палітыкі будзе браць крэн у правы бок, і гэта ўжо адчуваецца. Дастаткова прыгадаць, што Ангела Мэркель ужо выступіла за забарону ісламскага адзеньня, якое закрывае твар.

Таксама, вядома, буду прынятыя новыя захады бясьпекі. Фактычна эўрапейцы павінны звыкацца з думкай, што яны жывуць у новай рэальнасьці, не такой ідэалістычнай і прыгожай, як гэта было раней, магчыма, неабвешчанайтрэцяй сусьветнай вайны. У іх няма такога абарончага мэнталітэту, які ёсьць, напрыклад, у жыхароў Ізраілю, які жыве ўвесь час у такіх умовах.

Грузьдзіловіч: Віталь Цыганкоў сказаў у самым пачатку, што Ісламская дзяржава ўзяла адказнасьць за тэракт на сябе і што на гэты момант адпусьцілі гэтага чалавека. Пакуль няма пэўнасьці, што гэта зрабіла Ісламская дзяржава, і ці зрабіў гэта той чалавек. У мяне ўзьнікаюць сумневы, ці сапраўды гэта зрабіў прадстаўнік ІД, тэрарыст-ісламіст.

Почырк гэтага злачынства адрозьніваецца ад усіх іншых, бо гэта не суіцыд. Нейкі чалавек выдатна падрыхтаваўся да тэракту, ён ведаў усе падыходы да гэтай плошчы, як туды праехаць. А самае галоўнае, ён добра падрыхтаваў шляхі адыходу. Ён ня стаў ахвяраваць сабой, ён забіў людзей, але няшмат, пакуль магчымасьць была зьбегчы, ён скарыстаўся, ён нават зброю з сабой зьнёс.

Мне асабіста бачны почырк прафэсіянала, які ўсё падрыхтаваў, выканаў сваю задачу, пры гэтым сам застаўся жывы.

Мне асабіста бачны почырк прафэсіянала, які ўсё падрыхтаваў, выканаў сваю задачу, пры гэтым сам застаўся жывы. Можа такая кансьпіралягічная вэрсія, што гэта мог быць і не выхадзец з Блізкага Усходу, а нейкі другі чалавек. Ён выкарыстаў гэтую машыну з польскімі нумарамі. Магчыма тэрарыст знайшоў падыходы, як пранікнуць у кабіну да гэтага кіроўцы. Зноў нейкі усходнеэўрапейскі сьлед мне бачыцца ў гэтай гісторыі.

Ну а самае галоўнае, каму выгадны гэты тэракт? Тут сапраўды ўсё завязана на асобе Ангелы Мэркель, якая ёсьць асноўным бастыёнам захаваньня Эўразьвязу. У наступным годзе, калі адбудуцца выбары ў Францыі, прэзыдэнт там будзе не эўраінтэгратар, як цяпер, а іншы, хутчэй за ўсё па прарасейску настроены палітык. Калі ўдасца тое самае зрабіць у Нямеччыне, ва ўсялякім разе хочуць зрынуць моцную фігуру Ангелы Мэркель, то шанцы Эўразьвязу пасьля Брэксіту, пасьля падзеяў у цэнтры Эўропы, ва ўсходніх эўрапейскіх краінах, сапраўды вельмі слабыя. А гэта вельмі на руку найперш Крамлю, які дамагаецца, каб былі зьнятыя з яго санкцыі, прызнаны захоп Крыму, бо тады, калі Эўразьвяз альбо распадзецца, альбо пасыплецца, з кожнай краінай асобна разьбірацца ім будзе вельмі лёгка. Вось гэтая вэрсія больш вартая ўвагі, чым звычайны тэрарыст, які проста прарваўся і забіў. Падобна, што тут больш сур’ёзныя прычыны.

Цыганкоў: Яго плян мог праваліцца, бо яго сапраўды ледзь не злавілі, калі нейкія людзі на плошчы сталі за ім бегчы і каардынаваць паліцыю. Увесь гэты яго плян мог праваліцца, калі б яго злавілі.

Грузьдзіловіч: Якраз таму, што гэтага не адбылося, гэта паказвае, што гэта выдатны прафэсіянал, які прадумаў шляхі адходу. Гэта адрозьнівае звычайнага тэрарыста ад прафэсіянала. Ён заўсёды будзе думаць пра тое, каб ня трапіць у рукі паліцыі. Яго магчыма ўжо і зьнішчылі, але перад ім задача стаіць ня трапіць у рукі паліцыі, бо калі яго зловяць, тады стане відавочна, хто гэта зрабіў і чаму. А пакуль мы гадаем, для гэтага працуюць спэцслужбы, каб мы гадалі, а ня ведалі пэўна.

Навумчык: Эўропа апынулася не гатовай, мякка кажучы, да такой мультыкультурнай зьмены, якая адбываецца ў выніку ня толькі апошніх гадоў, прыкметных наплывам мільёну мігрантаў з Усходу. Працэс ішоў дзесяцігодзьдзі. І найперш не гатовыя да гэтага спэцслужбы. Віталь ужо прыгадаў досьвед Ізраілю, які дзесяцігодзьдзямі жыве ў сытуацыі барацьбы з тэрарызмам і там выпрацаваўся пэўны мэнталітэт. Безумоўна, выпрацоўка такога мэнталітэту зойме ня год і ня два ў эўрапейцаў, але ўжо бачна, што гэта непазьбежна.

Давядзецца прызвычайвацца да існаваньня побач з вамі людзей, якія ня хочуць інтэгравацца ў вашае грамадзтва і якія варожа ставяцца да вашых каштоўнасьцяў.

Калі ў Ізраілі вы заходзіце ў большасьць публічных месцаў і вас на ўваходзе правяраюць, прапускаюць праз мэталадэтэктар і г.д., там да гэтага ўсе прывыклі, але гэта каштуе пэўных грошай і зарплата ахоўніка, умоўна кажучы, у рэстарацыі закладзеная ў ваш рахунак. Мінімальнае, што чакае эўрапейцаў, што ў калядны глінтвайн будзе закладзены гэты кошт аховы. І ўся сыстэма ўзаемаадносінаў, побытавая сыстэма будзе пераглядацца. Давядзецца прызвычайвацца да існаваньня побач з вамі людзей, якія ня хочуць інтэгравацца ў вашае грамадзтва і якія варожа ставяцца да вашых каштоўнасьцяў. А некаторыя - і да вашага жыцьця. Такая ўжо плата за адкрытае грамадзтва і палітыку мультыкультуралізму, якая апошнія дзесяцігодзьдзі панавала ў Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG