Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ўсіх дурных вайна пабіла» — гэта пра тое, як нацысты зьнішчалі пацыентаў псыхіятрычных клінік


Гісторык Андрэй Замойскі. Фота Вольгі Савіч
Гісторык Андрэй Замойскі. Фота Вольгі Савіч

Беларускі гісторык Андрэй Замойскі, які супрацоўнічае з Інстытутам Фрыдрыха Майнэке Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліну, прачытаў у Менску лекцыю пра гісторыю эўгенікі ў Эўропе.

Лекцыя адбылася 12 сьнежня ў межах выставы «Ад дэгуманізацыі да забойства: лёс псыхіятрычных пацыентаў у Беларусі (1941-1944)». Праект стаў магчымым пры падтрымцы фонду «Памяць, адказнасьць, будучыня» (ФРГ) і складаўся ўласна з выставы, шэрагу лекцый і дыскусій.

Андрэй Замойскі, доктар гуманітарных навук, аўтар кнігі «Трансфармацыя мястэчак Савецкай Беларусі з 1918 па 1939 год (2013), скончыў факультэт гісторыі Гомельскага ўнівэрсытэту і асьпірантуру інстытуту сацыялёгіі і філязофіі Акадэміі навук Польшчы. Абараніў дысэртацыю на тэме габрэйскіх мястэчак Беларусі. Жыве ў Нямеччыне, як дасьледчык супрацоўнічае з Інстытутам Фрыдрыха Майнэке Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліну.

Аляксандра Дынько: Вы выступаеце ў Менску зь ня самай звычайнай лекцыяй «Гісторыя эўгенікі ў 1918-1945 гадах у Эўропе». Чым вас прыцягнула гэтая тэма і патлумачце, калі ласка, што такое эўгеніка ў сучасным акадэмічным разуменьні?

Андрэй Замойскі: Калі пачынаў займацца тэмай эўгенікі, мне спачатку падавалася, што няма пра што пісаць. Падавалася, што ў Беларусі не было эўгенічных настрояў, не было эўгенікі ў публічным дыскурсе, яна амаль што не праявілася так, як у краінах усходняй Эўропы.

Эўгеніку адзін зь айцоў Фрэнсіс Гальтан назваў — «навукай, якая займаецца рознымі ўплывамі, якія паляпшаюць жыцьцёвыя якасьці расы». За савецкім часам у 1930-я гады, калі ішло змаганьне супраць генэтыкі, эўгеніку ўжо называлі «фашысцкай навукай» ці ілжэнавукай.

Насамрэч эўгеніка — не навука. Гэта даволі складанае спалучэньне розных грамадзкіх рухаў, навуковых ідэй, палітычных праектаў, якія мелі месца ў Эўропе і ЗША. Эўгенічныя практыкі былі і ў краінах трэцяга сьвету, напрыклад, у Бразыліі.

Эўгеніку ўмоўна прынята падзяляць на пазытыўную і нэгатыўную

Гэта спроба паўплываць на разьвіцьцё насельніцтва. Калі не стварыць «новага чалавека», то паўплываць на рэпрадуктыўныя функцыі асобы, на склад насельніцтва, аказаць уплыў на палітыкаў, якія прымаюць важныя для эўгенікаў рашэньні.

Эўгеніку ўмоўна прынята падзяляць на пазытыўную і нэгатыўную. Да пазытыўнай адносяць спробы навукоўцаў, мэдыкаў, біёлягаў, больш дакладна вывучаць праблемы генэтычных захворваньняў ці паўплываць на здаровы шлюб. Сюды можна аднесьці разьвіцьцё асьветніцкай працы, каб данесьці гэтыя веды да шырокіх колаў насельніцтва.

Нэгатыўная эўгеніка пайшла ў бок розных абмежаваньняў. Напрыклад, шлюбных — калі адзін з партнэраў прызнаецца «непаўнавартасным», і яму забараняецца мець шлюб. Іншыя праявы нэгатыўнай эўгенікі — сацыяльныя абмежаваньні ці прымяненьне прэвэнтыўнай мэдыцыны (напрыклад, стэрылізацыя).

Так, нацыянал-сацыялісты ўвялі абмежаваньні на шлюб паміж арыйцамі і не-арыйцамі, практыку стэрылізацыі псыхічна хворых людзей. І трэба сказаць, што ў Нямеччыне такая палітыка атрымала падтрымку пэўнай часткі насельніцтва. І самае галоўнае, прафэсійных груп — гэта лекары, урачы, юрысты, якія дапамагалі рэжыму разьвіваць гэтыя ідэі.

ня толькі нацыянал-сацыялісты выкарыстоўвалі ідэі нэгатыўнай эўгенікі

Але ахвярамі рэжыму нацыянал-сацыялістаў станавіліся цэлыя нацыі, усім вядомы падзеі Галакосту, вынішчаліся цыганы, іншыя групы. На жаль, гэтыя тэмы да нядаўняга часу амаль не закраналіся, не былі ў публічным дыскурсе, пра гэта амаль не пісалі навукоўцы.

Але ня толькі нацыянал-сацыялісты выкарыстоўвалі ідэі нэгатыўнай эўгенікі. Яны шырока ўжываліся ў публічным дыскурсе краінаў Эўропы.

У 1970-я гады швэдзкі журналіст Зарэмба пачаў уздымаць ня вельмі прыемныя пытаньні пра тое, што Швэцыя выкарыстоўвала практыку стэрылізацыі некаторых груп насельніцтва амаль што да пачатку 70-х гадоў. І калi пачалі вывучаць гэтую тэматыку, аказалася, што эўгенічныя ідэі былі шырока распаўсюджаныя.

Дынько: І якім чынам эўгенічныя ідэі прысутнічалі на Беларусі?
Замойскі: Трэба ўлічваць, што Беларусь была ўцягнутая ў два дыскурсы: савецкай эўгенікі і польскай эўгенікі, ці больш шырока — усходнеэўрапейскай.

Эўгенічныя ідэі ў польскім грамадзтве зьявіліся падчас Першай сусьветнай вайны. Калі паўстала незалежная Другая польская рэспубліка, гэтыя ідэі атрымалі падтрымку пэўных груп, найперш лекараў і навукоўцаў. Гэтыя ідэі абмяркоўваліся ў важных навуковых кругах, адбываліся міжнародныя эўгенічныя кангрэсы.

Чаму? Таму што паўстала пытаньне далейшага разьвіцьця польскай нацыі. Адной з арганізацый, якая піярыла гэтыя ідэі, стала Польскае эўгенічнае таварыства, якое мела філіялы ў розных буйных гарадах Польшчы, найперш у заходніх рэгіёнах.

Праваднікамі эўгенічных ідэй становяцца польскія дактары. Так, у Берасьці ў 30-я гады адбывалася публічная лекцыя, на якую запрашаліся ўсе жадаючыя. Уваход на яе каштаваў 20-50 грошай, і гэта было ня танна. Адна з яе задач была — паказаць, што эўгеніка зьяўляецца сучаснай навукай, якая ўплывае на дэмаграфічныя паказьнікі насельніцтва. У Польшчы ствараліся так званыя эўгенічныя кансультацыі, па якія зьвярталіся маладыя пары і дзе ўрач даваў заключэньне, ці можа шлюб быць здаровым ці не.

Нават народны камісар аховы здароўя Мікалай Сямашка пэўны час ставіўся да іх з цікавасьцю

Калі мы кажам пра савецкую Беларусь, то згадаю асобу псыхіятра Яўгена Капысьцінскага, які працаваў у Магілёве. У нашай экспазыцыі ёсьць ягоны партрэт. Пад час рэвалюцыйных зьменаў у 1918 годзе ён выпусьціў спэцыяльна падрыхтаваную брашуру для Магілёўскага земства, у якой прапануе, як весьці працу па паляпшэньні складу насельніцтва. У далейшым лёс Капысьцінскага ня быў зьвязаны зь Беларусьсю. Ён пасьля працуе ў Кіеве, не займаецца пытаньнямі эўгенікі і ўзначальвае катэдру псыхіятрыі Кіеўскага мэдінстытуту. Важны факт — ён выступае сьведкам у Нюрнбэрскім трыбунале, і распавядае, як нацысты вынішчалі пацыентаў псыхіятрычнай клінікі ў Кіеве. Пра савецкую Беларусь ён мала ўспамінаў.

Важна зазначыць, што ідэі эўгенікі мелі і практычны ўплыў — у сярэдзіне 1920-х гадоў у СССР у закон аб шлюбе ўваходзіць артыкул пра абсьледаваньне партнэраў, якія ўступаюць у шлюб.

У Расеі таксама дзейнічала эўгенічнае таварыства. Пэўная цікавасьць да эўгенічных ідэй была і сярод савецкіх функцыянэраў. Нават народны камісар аховы здароўя Мікалай Сямашка пэўны час ставіўся да іх з цікавасьцю.

у сярэдзіне 1920-х гадоў у СССР у закон аб шлюбе ўваходзіць артыкул пра абсьледаваньне партнэраў, якія ўступаюць у шлюб

Але атакі на прыхільнікаў эўгенікі пачаліся ў СССР ужо ў другой палове 1920-х. 1930-я — гэта ўжо адкрытая барацьба супраць яе, зьяўляюцца публікацыі ў «Праўдзе» і іншых савецкіх газэтах. Выдаюцца брашуры пра тое, як нацысцкі рэжым выкарыстоўвае абмежавальныя меры і цэлыя этнічныя групы робяцца іх ахвярамі — габрэі, цыганы, іншыя групы — праціўнікі нацыянал-сацыялізму. Адначасова ідуць нападкі на савецкіх біёлягаў і генэтыкаў — такіх, як Мікалай Вавілаў і Мікалай Кальцоў.

Дынько: Ці можна казаць, што гэтыя ідэі прысутнічалі ў самой Беларусі і як?

Замойскі: Пад уплывам ідэяў пазытыўнай эўгенікі адбываўся такі праект, як Саюз беларускай моладзі. На гэтую тэму багата пісалі нашы гісторыкі. Лідэры арганізацыі — Міхась Ганько і Надзея Абрамава ў сваіх артыкулах зьвярталі ўвагу на пытаньні расавай чысьціні, здаровага шлюбу, маралі, наколькі беларускія юначкі павінныя адпавядаць гэтай маралі.

Міхась Ганько — праваслаўны беларус з Другой Рэчы Паспалітай. Ён навучаўся на лекара, але прыход савецкай улады зьмяніў ягоныя пляны. Ганько быў у чырвонай арміі, але трапіў у палон і пазьней стаў прапагандыстам ідэй Трэцяга рэйху і стваральнікам СБМ. Ідэі ягоныя ягоныя цытаваць ня буду, яны публікаваліся ў выданьні «Жыве Беларусь».

Адзначу, што гэта ідэі кантравэрсыйныя нават з пазыцыі ідэалёгіі самога Трэцяга рэйху. Ён пісаў, напрыклад, што беларусы і немцы — два арыйскія народы, павінныя разам змагацца супраць маскоўскай агрэсіі, бальшавіцкай заразы. За дужкамі заставалася тое, што ў тэорыі Трэцяга рэйху беларусам было адведзена месца зусім не арыйскага насельніцтва, а пляны паступовай ачыстцы акупаваных тэрыторый ад непажаданых элемэнтаў былі складнікам яго ідэалёгіі.

гэта ідэі кантравэрсыйныя нават з пазыцыі ідэалёгіі самога Трэцяга рэйху

Што тычыцца Надзеі Абрамавай, то ў яе артыкулах больш увагі зьвярталася на статус жанчыны і здаровага шлюбу. Абрамава — савецкі лекар, працавала ў другой клініцы Менску. Гэта чалавек, чыя сацыялізацыя адбылася ў сталінскія часы, і яна адпавядала іміджу савецкага лекара. Пасьля яна больш увагі надае палітычнай і грамадзкай дзейнасьці, супрацоўнічае з Беларускай самапомаччу і пазьней становіцца намесьнікам кіраўніка СБМ. Выдаюцца яе артыкулы, дзе яна апісвае, як павінная выглядаць беларуская дзяўчына, называе яе цноты, апісвае сям’ю як галоўны складнік беларускага народу.

Трагічны лёс моладзі, якая была ў гэтай арганізацыі. Абрамава і Ганько сышлі разам з нямецкімі войскамі, якія адступалі. А тая моладзь, што засталася, зьведала жах рэпрэсіўнай сталінскай машыны. Ужо ўлетку 1944 года СМЕРШ, а пазьней НКУС і КДБ выяўлялі гэтых маладых людзей і адпраўлялі па этапе.

ня толькі нацыянал-сацыялісты прычыніліся да практык нэгатыўнай эўгенікі, але і ЗША, і краіны Заходняй Эўропы

Сябраў СБМ можна аднесьці да ліку ахвяраў той вайны і ня толькі ў фізычным сэнсе. Часам не добраахвотна ўступалі яны ў гэтыя шэрагі, а па разнарадцы, проста запісвалі ў гэтыя сьпісы. Нямецкая прапаганда была пабудаваная так, каб зацікавіць моладзь. Праводзіліся паралелі паміж СБМ і «Гітлерюгендам». Прываблівалі моладзь тым, што яны прымаюць удзел у адбудове новай Эўропы, былі экскурсійныя паездкі ў Нямеччыну. Некаторая моладзь паверыла нацыстам, што яны дапамогуць адбудаваць беларускую культуру, мову — пайшлі такім падманным шляхам.

Пасьля вайны тэма СБМ надоўга засталася невядомая, бо матэрыялы былі засакрэчаныя. У 1990-я ўжо зьявіліся публікацыі таго ж Юрыя Туронка, Лявона Юрэвіча, іншых дасьледчыкаў. Можна пазнаёміцца з успамінамі сябраў СБМ, якія ёсьць у кнізе Марыі Ганько.

Дынько: Што можна сказаць пра разьвіцьцё эўгенічных ідэй пасьля Другой сусьветнай?

Замойскі: Яны затухаюць. Па-першае, з прычыны іх дыскрэдытацыі нацыянал-сацыялістамі — гэта і жудасныя этнічныя злачынствы, і масавыя забойствы пацыентаў псыхіятрычных клінік, выкарыстаньне практыкі стэрылізацыі жанчын.

Але як я ўжо казаў, ня толькі нацыянал-сацыялісты прычыніліся да практык нэгатыўнай эўгенікі, але і ЗША, і краіны Заходняй Эўропы. І гэта адбывалася ў другой палове ХХ стагодзьдзя.

Дынько: З аднаго боку, няма нічога кепскага ў тым, каб людзі клапаціліся пра здаровых дзяцей і імкнуліся да здаровых шлюбаў. Зь іншага, і цяпер часта можна пачуць такія думкі, што пэўным групам людзей можа і ня варта мець дзяцей. Дзе гэтая мяжа паміж дбаньнем пра здароўе і дэгуманізацыяй? Дасьледаваньне эўгенікі дало вам адказ на гэтае пытаньне?

Замойскі: Цяжка сказаць. Гэтыя ідэі існавалі ў розных краінах. Напрыклад, у нямецкім фэйсбуку былі спробы ўздымаць падобныя пытаньні ў дачыненьні да такой цяжкай і балючай праблемы, як уцекачы. Але калі нехта паспрабаваў нешта нэгатыўнае напісаць у фб, то адразу атрымаў вялікі штраф.

Канечне, гэтыя ідэі прывабліваюць пэўную частку насельніцтва. Гэта адбываецца ў сілу розных этычных стандартаў кожнай асобы, адукацыі. Але мы бачым, што і адукаваныя людзі падтрымлівалі нацыянал-сацыялістаў. Таму пытаньне не ва ўзроўні адукаванасьці ці ў прапагандзе.

Але і ў 1990-я гады ў Чэхіі адбывалася стэрылізацыя цыганскіх жанчын

Я памятаю, як у савецкай школе была прымаўка «ня ўсіх дурных вайна забіла». Школьнікі такое запраста казалі, але калі б яны больш ведалі пра злачынствы, якія адбываліся падчас вайны, то наўрад ці б яе ўжывалі. Калі грамадзкага асуджэньня гэтых праблемаў не было, то можна і надалей ужываць.

Але і ў 1990-я гады ў Чэхіі адбывалася стэрылізацыя цыганскіх жанчын. Тут выявілася спалучэньне сацыяльных і этнічных праблем. З аднаго боку, тэорыя сацыяльнага выключэньня: «цыгане плодзяцца, іх багата, а мы, чэхі, працуем». Падобны ж дыскурс быў і перад Першай сусьветнай вайной.

Гэтыя пытаньні могуць ізноў вяртацца ў дыскурс, і ня толькі ў Беларусі. Пэўныя палітычныя рухі могуць узяць іх на сваё ўзбраеньне і выкарыстоўваць у сваіх мэтах. А гэтыя ідэі працягваюць быць вельмі прывабнымі, бо яны даюць вельмі просты адказ: няма чалавека — няма праблемы. У дваццатым стагодзьдзі мы ўжо такое бачылі. І ня раз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG