Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 65 гадоў таму быў заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку


Беларуская дыяспара ў ЗША
Беларуская дыяспара ў ЗША

Падзеі 16 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

16 сьнежня 1951 году быў створаны Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку — адна з найбольш значных культурных установаў беларускае эміграцыі. Інстытут падтрымлівае сувязі з многімі бібліятэкамі сьвету, асабліва з Публічнай бібліятэкай Нью-Ёрку. З канца 1980-х гадоў інстытут наладжвае кантакты з арганізацыямі Беларусі.

Таксама ў гэты дзень

1388 — першая згадка пра Маладэчна ў пісьмовых крыніцах.

Скульптура «Залаты трылісьнік» Уладзімера Жбанава ў Маладэчне
Скульптура «Залаты трылісьнік» Уладзімера Жбанава ў Маладэчне

1555 — першая летапісная згадка пра цяперашні Столін у Берасьцейскай вобласьці.

Руіны сынагогі ў Століне
Руіны сынагогі ў Століне

1918 — у Вілейцы было абвешчана пра стварэньне Літоўскай савецкай рэспублікі. Такім чынам бальшавікі ўтваралі паўсюль прамаскоўскія ўрады, бо імкнуліся прадухіліць утварэньне незалежных рэспублік.

1986 — у Алма-Аце адбыўся масавы выступ моладзі супраць рашэньня пленуму ЦК КПК, на якім першым сакратаром ЦК быў прызначаны рэкамэндаваны Масквой Генадзь Колбін. Супраць маніфэстантаў ужылі сілу, некалькі чалавек былі забітыя. У студзені 1987 году Пленум ЦК КПСС назваў падзеі ў Алма-Аце «праявай казаскага нацыяналізму».

1989 — Масавыя выступленьні ў горадзе Тымішаара, пачатак антыкамуністычнай рэвалюцыі ў Румыніі.

1991 — Казахстан абвясьціў незалежнасьць.

2011 — адбыўся расстрэл мітынгу нафтавікоў у казаскім горадзе Жанаазэн. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 17 чалавек, паводле неафіцыйных — 90.

Зруйнаваныя і абгарэлыя будынкі ў Жанаазэне, сьнежань 2011 году
Зруйнаваныя і абгарэлыя будынкі ў Жанаазэне, сьнежань 2011 году

У гэты дзень нарадзіліся

1770 — Людвіг ван Бэтховэн, нямецкі кампазытар.

1905 — Мікалай Сярдобаў, беларускі опэрны сьпявак, народны артыст Беларусі.

1909 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік.

Лукаш Калюга
Лукаш Калюга

1917 — Артур Кларк, ангельскі пісьменьнік, вучоны, футуроляг і вынаходнік.

1939 — Алег Бембель, беларускі філёзаф, паэт, публіцыст, дысыдэнт, праваслаўны манах.

1946 — Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт, журналіст, публіцыст.

1955 — Слава Корань, гітарыст і вакаліст, лідэр рок-гурту Ulis.

У памяці

1672 — памёр Ян Казімір Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1904 — памёр Антоні Вільгельм Радзівіл, прускі вайсковы дзеяч.

Што будзе?

Мэр расейскага гораду Іркуцку ўзнагародзіць 16 сьнежня моладзевы клюб «Крывічы» за найлепшы нацыянальна-культурны цэнтар. Беларусы Іркуцку перамаглі па выніках рэйтынгавага галасаваньня на партале гарадзкой адміністрацыі сярод чатырох дзясяткаў абʼяднаньняў нацыянальных аўтаноміяў.

Сьвята «Багач» у беларускай вёсцы Прыбайкальля
Сьвята «Багач» у беларускай вёсцы Прыбайкальля

Акцыя «Захаваць мастацтва»

У межах акцыі ўваход у сталічныя музэі па пятніцах будзе вольны. Без квітка можна будзе наведаць Нацыянальны гістарычны музэй, «Галерэю ДК», а таксама Музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. З гэтага тыдня да акцыі далучыўся палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, а Нацыянальны мастацкі музэй адмовіўся надалей праводзіць такую акцыю. Наведваць музэі задарма можна кожную пятніцу да канца году — 16, 23 і 30 сьнежня.

Калядны канцэрт «Троіцы»

Публіцы пакажуць «Зімовы канцэрт». Прагучаць новыя песьні, будзе прэзэнтавана кампанія збору сродкаў на новы альбом.

Калядны канцэрт і тэатралізаваная дзея: Іван Кірчук завяршае год экспэрымэнтам

Менск, Моладзевы тэатар эстрады (Маскоўская вул., 18А).
Пачатак а 19-й гадзіне.
Кошт квіткоў: 25–35 рублёў.

Беларуска-францускі музычны спэктакль

«Каляднае рандэву» — гэта сьвяточны беларуска-французскі музычны спэктакль пра цікавае падарожжа беларуса ў пошуках каханай. Ажыцьцявіць «прамэнад па Парыжы» гледачам дапаможа дэгустацыя францускіх вінаў і прэзэнтацыя парфумэрнай прадукцыі «Водары Парыжу».

Менск, Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44).
Пачатак у 19:00.
Квіткі каштуюць ад 18 да 23 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG