Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён вельмі хораша пісаў пра каханьне», — маладыя гарадзенцы ў музэі Максіма Багдановіча


Дом-музэй Максіма Багдановіча ў Горадні
Дом-музэй Максіма Багдановіча ў Горадні

У гарадзенскім музэі Максіма Багдановіча ў дзень нараджэньня паэта праходзяць экскурсіі школьнікаў і навучэнцаў каледжаў. А 13 сьнежня ў гонар юбілею клясыка беларускай літаратуры мастакі зладзяць у музэі выставу.

Экспазыцыя музэя Максіма Багдановіча ў Горадні месьціцца ў драўляным доме, пабудаваным у 1888 годзе. Музэй вельмі ўтульны, зь цікавымі экспанатамі. Сёньня тут шматлюдна.

Толькі што павялі на экскурсію групу дзяўчат з каледжа бытавога абслугоўваньня насельніцтва, а перад касаю квіткі набываюць студэнты каледжа камунальнай гаспадаркі.

Юнакі сказалі, што на экскурсію на дзень нараджэньня Багдановіча запісваліся заранёў і вось прыйшлі паглядзець.

Навучэнцы гарадзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі разам з настаўніцай беларускай літаратуры Сьятланай Цыбульскай
Навучэнцы гарадзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі разам з настаўніцай беларускай літаратуры Сьятланай Цыбульскай

Настаўніца беларускай літаратуры Сьвятлана Цыбульская сказала:

— У нас ужо было некалькі мерапрыемстваў да 125-годзьдзя з дня нараджэньня Багдановіча: праводзілі віктарыну, куратарская гадзіна была адзіная ва ўсім каледжы, рабілі відэапрэзэнтацыю. У нас наагул акцэнт робіцца на тое, каб навучэнцы самі займаліся дасьледаваньнямі, паколькі ў год мы маем толькі 38 гадзін літаратуры. Дарэчы, у праграме па літаратуры на другім курсе Багдановіча не праходзяць, але гэты юбілей мы абмінуць не маглі.

Спадарыня Сьвятлана кажа, што апошнім часам у навучэнцаў каледжа,будучых электрыкаў, таксама абуджаецца цікавасьць да беларускай літаратуры, мовы.

Навучэнцы Гарадзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі на экскурсіі ў музэі Максіма Багдановіча
Навучэнцы Гарадзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі на экскурсіі ў музэі Максіма Багдановіча

— Я была ўражаная, калі яны падчас падрыхтоўкі да віктарыны па творчасьці Багдановіча пачалі пытацца — чаму ён так рана памёр, няўжо яго не маглі ўратаваць ад сухотаў, чаму ягоны адукаваны бацька не заўсёды разумеў ягоныя памкненьні, чаму той жа бацька непрыязна ставіўся да Горадні і сямʼя пакінула наш горад? Вядома, я не магу сказаць, што навучэнцы так ужо захапляюцца паэзіяй ці гавораць па-беларуску, але многіх постаць Багдановіча зацікавіла.

У суседнім пакоі праводзяць экскурсію для групы дзяўчат з каледжа бытавога абслугоўваньня. Дзяўчаты таксама задаюць пытаньні. Напрыклад — як паэт мог навучыцца беларускай мове, калі бацькі гаварылі па-расейску, дый сам ён пэўны час жыў у Расеі?

Дзяўчаты з гарадзенскага каледжа бытавога абслугоўваньня насельніцтва на экскурсіі ў музэі Максіма Багдановіча
Дзяўчаты з гарадзенскага каледжа бытавога абслугоўваньня насельніцтва на экскурсіі ў музэі Максіма Багдановіча

Пасьля экскурсіі цікаўлюся ў дзяўчат — ці чыталі яны раней вершы Багдановіча і ці падабаюцца яны ім? Адказваюць амаль хорам, што чыталі і падабаюцца. Адна дзяўчына ўдакладняе:

— Ён вельмі хораша пісаў пра каханьне. Так ласкава і чула нямногія пра гэта напісалі. І чаму ён такі прыгожы, а не ажаніўся і не пакінуў пасьля сябе дзяцей...

У музэі Максіма Багдановіча ў Горадні
У музэі Максіма Багдановіча ў Горадні

Адзін з хлопцаў кажа, што наведваў музэй яшчэ ў малодшых клясах. Багдановіч запомніўся яму вершам «Слуцкія ткачыхі». Цытуе на памяць некалькі радкоў:

I тчэ, забыўшыся, рука
Замiж пэрсыдзкага узора
Цьвяток радзiмы васiлька.

— Цікавы паэт, вельмі цікавы і творчасьцю, і тым, што жыў у нашым горадзе. Па-сапраўднаму наш паэт, «Пагоню» напісаў — кажа мне на разьвітаньне навучэнец каледжа камунальнай гаспадаркі.

У музэі Максіма Багдановіча ў Горадні
У музэі Максіма Багдановіча ў Горадні

Бацькі Максіма Багдановіча пераехалі ў Горадню праз 8 месяцаў пасьля ягонага нараджэньня. У гэтым горадзе прайшло раньняе дзяцінства Максіма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG