Як заявіў 8 сьнежня міністар унутраных справаў Славаччыны Робэрт Каліняк, гэтае пагадненьне зьяўляецца збалянсаваным і надзвычай важным для эфэктыўнасьці і даверу да палітыкі лібэралізацыі візавага рэжыму.
У заяве гаворыцца, што краіны ЭЗ і заканадаўцы пагадзіліся на кампрамісны тэкст па рэгуляваньні мэханізму бязьвізавага рэжыму. Праект заканадаўства цяпер будзе перададзены ў Эўрапейскі парлямэнт на галасаваньне ў першым чытаньні.
Пэрспэктыва палягчэньня паездак у Заходнюю Эўропу выкарыстоўвалася ўрадамі ў Кіеве і Тбілісі для ўмацаваньня падтрымкі рэформам, якія фінансуюцца Эўразьвязам. Але лідэры ЭЗ асьцерагаліся адкрыць дзьверы для 45 мільёнаў украінцаў пасьля нэгатыўнай грамадзкай рэакцыі на крызыс з уцекачамі ў Эўропе.
Грузія, насельніцтва якой складае 5 мільёнаў чалавек, ужо даўно разглядаецца як краіна гатовая да лібэралізацыі візавага рэжыму, але яе надзеі на бязьвізавы рэжым заставаліся закладнікамі ваганьняў ЭЗ адносна Ўкраіны, якая значна большая і знаходзіцца ў стане ваеннага канфлікту з Расеяй.