Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус трапіў у працоўнае рабства ва Ўкраіне


Віктар Федзюковіч
Віктар Федзюковіч

У сяле Дэмкі, што на Чаркашчыне ва Ўкраіне, 34-гадовы беларус Віктар Федзюковіч адзінаццаць месяцаў знаходзіўся ў працоўным рабстве. «Працадаўца», былы супрацоўнік пракуратуры, абяцаў яму працу будаўніком на цагельні, падзённую плату, добрае жытло і харчаваньне. Замест гэтага спаліў яго дакумэнты, прымусіў жыць у дрэнных умовах і практычна пакінуў без зарплаты. Уцячы Віктару ўдалося толькі з другой спробы: падчас першай яго злавілі, зьбілі і вярнулі назад. Пасьля вызваленьне зь ім пагутарыла карэспандэнтка Радыё Свабода Дар’я Бунякіна.

У пачатку 2015 году Віктар Федзюковіч прыехаў ва Украіну. Сем месяцаў працаваў будаўніком у Роўне, а затым на параду сябра паехаў у Кіеў у пошуках лепшай працы з вышэйшай заробкам. Калі ў Кіеве на чыгуначным вакзале шукаў аб’явы, да яго падышоў добра апрануты мужчына і прапанаваў працу на адбудове цаглянага заводу. Абяцаў зарплату сто грыўняў у дзень, якаснае харчаваньне і жытло. Віктар на такія ўмовы пагадзіўся.

«Я спытаў у яго, чаго мы зараз ня едзем, а вечарам, ноччу? Гэта ўжо потым я зразумеў, калі пабыў там чатыры месяцы, ён так зрабіў, каб я назад не трапіў, дарогі не ведаў. І вось за чатыры месяцы, што я там быў, я агулам атрымаў 150 грыўняў — ён мне даў, каб я лёзы купіў пагаліцца. На харчаваньне аднаго чалавека ў тыдзень, таму што там шмат людзей жыло — чатыры боханы хлеба і некалькі найтаньнейшых круп. Часам мне кавалачак сала прывозіў, а іншых прымушаў хадзіць побач на сьвінаферму, браць кішкі, варыць іх і ёсць. Я тое сала сам не мог есьці, з усімі дзяліўся», — успамінае Віктар.

Дакумэнты спалілі, грошай не давалі

Мужчына жыў у старой хаце без вады, цяпла і нават коўдраў. Віктар кажа, што за адзінаццаць месяцаў у такіх умовах зь ім жылі і працавалі каля 400 чалавек. Амаль ніхто надоўга не затрымліваўся — штотыдзень людзі беглі, забіраючы з сабой дарагія інструмэнты. Але «працадаўца» ніколі не зьвяртаўся ў паліцыю з заявамі пра крадзяжы.

Сам жа Віктар спачатку баяўся бегчы — перш за ўсё таму, што ня меў дакумэнтаў. Бо «працадаўца» спаліў у печцы яго пашпарт, ды яшчэ і пагражаў, што ў любым выпадку «дастане з-пад зямлі». Але праз паўгоду мужчына не вытрымаў і зрабіў першыя ўцёкі.

«Маршрутка ехала, але я ня меў грошай. Я распавёў кіроўцу сытуацыю, а ён сказаў, што тут такіх шмат, якія дарам хочуць даехаць. І ня ўзяў мяне. А тут едуць зялёныя „Жыгулі“ — я такі шчасьлівы, спыняю іх. Гляджу — а там ён і яшчэ мужчыны. Яны мяне зьбілі, адвезьлі назад. Я тыдзень ня мог ўстаць — на чатырох лез па сьцяне ў прыбіральню, а прыбіральня на вуліцы. Я прасіў яго лекі прывезьці, але ён так і не прывёз...» — расказвае Віктар.

«Я раней вельмі баяўся, што ўсё жыцьцё буду ў рабстве»

Пасьля ўцёкаў за Федзюковічам пачалі старанна сачыць. Не давяралі, не давалі тэлефона. Толькі праз пяць месяцаў пасьля першых ўцёкаў Віктар адважыўся ўцячы другі раз:

«Нешта на душы сказала: „Уцякай!“ Якая машына едзе — я, як заяц, у кусты. Дайшоў да Капусьцінцаў (сяло за тры кілямэтры) і пайшоў да мясцовых уладаў. Пачаў распытваць і наткнуўся сельскага галаву — ён і выклікаў паліцыю. Я спытаў, ці паліцыя зноў верне мяне назад, але ён запэўніў, што ўсё будзе добра. Паліцыя забрала мяне і адвезла ў цэнтар „Ад сэрца да сэрца“. Я вельмі за гэта ўдзячны. Я раней вельмі баяўся, што ўсё жыцьцё буду ў рабстве. Ён жа казаў, што дастане мяне з-пад зямлі. Але цяпер я не баюся».

Беларус трапіў у працоўнае рабства ва Ўкраіне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:38 0:00

У цэнтры Чаркаскай дабрачыннай арганізацыі «Ад сэрца да сэрца» Віктар Федзюковіч жыве ўжо трэці тыдзень. Паводле старшыні дабрачыннай арганізацыі Натальлі Нясват, ён стаў першым, хто пасьля перажытага пагадзіўся распавесьці сваю гісторыю цалкам.

«Іншыя, на жаль, перажыўшы эмацыйны і псыхалягічны ціск, вельмі цяжка ідуць на кантакт нават з намі. У нас ёсьць цэнтар, дзе пражываюць людзі, якія апынуліся ў складаных жыцьцёвых сытуацыях. Дык вось, такія людзі вельмі доўга прывыкаюць да іншых людзей. І прыклад Віктара як раз паказвае, што спрацавала ўзаемадзеяньне паліцыі, грамадзкай арганізацыі і іншых органаў улады, правільна адрэагавалі і сумесна зарыентаваліся ў гэтай сытуацыі », - тлумачыць яна.

Драбаўская раённая пракуратура пачала крымінальную вытворчасьць па артыкуле аб грубым парушэньні заканадаўства аб працы. На думку прадстаўніка пракуратуры Ігара Крачко, справу могуць перакваліфікаваць па артыкуле аб незаконным гандлі людзьмі.

«На гэтым этапе адбываюцца сьледчыя дзеяньні з мэтай ўстанаўленьня ўсіх абставінаў злачынства, вызначэньне магчымых сьведак, відавочцаў і выяўленьня іншых пацярпелых», — сказаў ён.

«Працадаўцам» аказаўся былы работнік пракуратуры

Падчас інтэрвію Радыё Свабода Віктар Федзюковіч неаднаразова паўтараў, што «працадаўца» абяцаў «дастаць яго з-пад зямлі», калі ён усё ж такі адважыцца бегчы. Казаў яму, што мае сувязі ва ўладзе і ў праваахоўных органах. Віктар кажа, што мясцовыя жыхары, якія таксама працавалі на будоўлі, ведалі пра яго сытуацыю і нават раілі бегчы. Але дапамагчы не прапаноўвалі, і нікому пра яго не расказвалі.

«Ён ім грошы заплаціць, каб маўчалі, або бутэльку гарэлкі паставіць. Налье, хлопцы вып’юць і пойдуць», — кажа Віктар. У самім сяле Дэмкі кажуць, што мясцовыя там не працуюць, і цагельня разьмешчаная па-за межамі вёскі.

Між тым у міграцыйнай службе распавядаюць, што «працадаўцам» апынуўся былы супрацоўнік Драбаўскай раённай пракуратуры, які цяпер жыве ў Кіеве.

«Умовы былі нечалавечыя, завод не працуе з 1985 году. Ён там трымае падсобную гаспадарку і наймае работнікаў, як Віктар, на „пятачку“ ў Кіеве. Цяпер сьледчыя спрабуюць знайсьці яго месца жыхарства. Выклікаць, а калі ня зьявіцца, то будзем ехаць у Кіеў. Яго трэба дапытаць: прычына, дзе дакумэнты? Віктар патлумачыў, што іх спалілі, але будзем гэта высьвятляць», — тлумачыць прадстаўнік Дзяржаўнай міграцыйнай службы ў Чаркаскай вобласьці Пятро Цішчанка.

Калі дакумэнтаў ня знойдуць, то ў міграцыйнай службе абяцаюць дапамагчы Віктару Федзюковічу аднавіць пашпарт. Тады ўжо і стане ясна ці вернецца ён на радзіму ў Беларусь, застанецца ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG