Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БПЦ «бачыць незадаволенасьць» зносам гістарычных будынкаў у цэнтры Менску і абяцае «кампрамісы»


У адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску пачалося грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва комплексу Беларускай праваслаўнай царквы на скрыжаваньні менскіх вуліцаў Вызваленьня і Шпалернай.

Плян будаўніцтва фактычна прыняты, праект яшчэ ў сакавіку ўхваліў Аляксандар Лукашэнка. Падрабязнасьці цяперашняга абмеркаваньня прыводзіць Tut.by.

Усе будынкі XIX стагодзьдзя (Вызваленьня, 6 і 6А) на пляцоўцы, паводле пляну, пойдуць пад знос, бо знаходзяцца «ў перадаварыйным стане». Раней мітрапаліт Павал прасіў у намесьніцы прэм’ера выключыць іх са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Аднапавярховы будынак былога ваенкамату (Вызваленьня, 8), таксама ўнесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, зносіць не зьбіраюцца.

Навіны пра знос будынкаў выклікалі незадаволенасьць многіх менчукоў. Старшыня рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч тлумачыў Свабодзе, што, згодна з тэхнічнымі нарматывамі, трэба ці рабіць гістарычную рэканструкцыю, ці рэнавацыю, але не будаваць прынцыпова новыя будынкі на месцы існых, прызнаных гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Ён адзначаў, што зямельны ўчастак даўно быў адведзены БПЦ, але экзархат «зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб гэтыя будынкі дайшлі да адпаведнага тэхнічнага стану».

Сяргей Лепін
Сяргей Лепін

«Мы бачым значную незадаволенасьць сярод вашых чытачоў, мы бачым гэтыя камэнтары. Мы ўважліва сочым за кожнай рэакцыяй, за кожным камэнтаром, мы ўсё аналізуем, — камэнтуе Свабодзе сьвежыя навіны старшыня сінадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ протагерэй Сяргей Лепін. — Па-першае, трэба было бачыць, у якім стане мы прынялі гэтыя будынкі. А па-другое, ёсьць пэўная частка людзей, якім не падабаецца, што мы існуем, будавалі б мы нешта ці не».

Ён дадае, што ня ведае, «чаго ўсе яны ўсе ўсхадзіліся» з новымі артыкуламі пра будаўніцтва: маўляў, за апошнія паўгода ў праекце нічога не мянялася. Вядзецца абмеркаваньне дакумэнту, што грунтуецца на ўжо абмеркаваным праекце: пачаліся разьлікі дробных дэталяў, недарэчнасьцяў і шкодных узьдзеяньняў, магчымых у час будаўніцтва.

«Калі будоўля будзе адбывацца, то з улікам заканадаўства, у той сытуацыі, калі мы атрымаем неабходныя дазволы», — кажа ён і падкрэсьлівае, што работы, падчас якіх будуць зьнесеныя гістарычныя будынкі, — гэта будаўніча-рэстаўрацыйныя работы.

«Усе магчымыя рашэньні абмяркоўваюцца. Зразумела, што тое, што адбудзецца, і будзе кампрамісам. Нашыя пляны будаўніцтва комплексу зьмяніліся, у тым ліку пад уплывам рэакцыі грамадзтва. Мы атрымалі пэўныя прадпісаньні ад адпаведных органаў, кампрамісы ёсьць на самой справе», — заяўляе Лепін.

***

Мэтай будаўніцтва комплексу называецца кампактнае разьмяшчэньне кіроўнага і абслуговага пэрсаналу Менскай эпархіі ў адным комплексе будынкаў. Варыянт разьмяшчэньня комплексу менавіта ў гэтай частцы гораду прыняты як аптымальны «з улікам выкарыстаньня сумежнага ўчастку, якое гістарычна склалася», «адсутнасьці неабходнасьці ў дадатковых адводах зямлі», «зручнасьці пад’езду», «блізкасьці магістральнага газаправоду, наяўнасьці сеткі водаправоду, каналізацыі, электразабесьпячэньня» і гэтак далей.

У сьвежай справаздачы адзначаецца эканамічны эфэкт: комплекс створыць 40 працоўных месцаў з заробкамі 180-200 даляраў на месяц, тавары ў царкоўнай краме прынясуць валавой выручкі да 5000 рублёў за год, што разам дасьць бюджэту падаткі на 22 тысячы рублёў за год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG