Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2016 годзе расейцы падалі рэкордную колькасьць заявак на атрыманьне прытулку ў ЗША і ЭЗ


Амбасада ЗША ў Маскве
Амбасада ЗША ў Маскве

Лік пададзеных расейцамі просьбаў аб палітычным прытулку ў ЗША стаў рэкордным за пэрыяд ад 1994 году, расьце і лік заявак пададзеных у краіны ЭЗ. У асноўным зьяжджаюць прадстаўнікі ЛГБТ і тыя, хто сутыкнуўся з рэкетам і карупцыяй з боку дзяржаўных структур.

Колькасьць расейскіх грамадзян, якія папрасілі палітычны прытулак у ЗША, расьце чацьверты год запар. Сёлета зафіксаваны самы высокі паказьнік пададзеных расейцамі заявак за пэрыяд ад 1994 году, калі амэрыканскі ўрад атрымаў 2127 такіх просьбаў.

Да канца бягучага фінансавага году, гэта значыць паводле стану на 1 верасьня 2016, просьбы атрымаць палітычны прытулак у ЗША падалі 1912 чалавек.

Гэта на 31% больш у параўнаньні з папярэднім фінансавым годам, ад 2012 году рост склаў 164%. Афіцыйную статыстыку па гэтай тэме Радыё Свабода атрымала ад Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША, падаўшы запыт у адпаведнасьці з фэдэральным законам аб свабодзе інфармацыі ў ЗША.

У атрыманых намі зьвестках не пазначаныя прычыны просьбаў аб палітычным прытулку. Аднак юрысты, якія займаюцца іміграцыйнымі пытаньнямі, зьвязваюць рэзкі рост колькасьці заявак у першую чаргу з тым, што з Расеі зьяжджаюць людзі наступных катэгорый: а) прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці з-за дыскрымінацыйнай палітыкі расейскіх уладаў у дачыненьні да сэксуальных меншасьцяў^; б) прыхільнікі апазыцыйных партый з-за здушэньня пратэстнага руху^; в) бізнэсоўцы і пацярпелыя ад дзеяньня праваахоўных органаў з-за далейшага распаўсюджаньня карупцыі.

ЗША — не адзіная краіна, у якой расейцы просяць палітычнага прытулку. Традыцыйна расейцы зьвяртаюцца па прытулак і ў розныя краіны Эўразьвязу, і органы гэтых краінаў таксама апошнімі гадамі фіксуюць рост колькасьці зваротаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі ЭЗ, у 2015 годзе колькасьць расейскіх грамадзян, якія зьвярнуліся па прытулак ўпершыню, вырасла на 30%, перавысіўшы 18 тысяч чалавек. Сёлета гэтая лічба будзе яшчэ вышэйшай, паколькі за першыя 6 месяцаў было зарэгістравана 11 465 такіх зваротаў.

Сярод краін Эўразьвязу грамадзяне Расеі, многіх зь якіх родам з Паўночнага Каўказу, часьцей за ўсё выбіраюць Нямеччыну і Польшчу з-за іх транспартнай даступнасьці. За першыя 10 месяцаў 2016 году Нямеччына атрымала 10 172 прашэньняў аб прытулку ад грамадзян Расеі.

Акрамя росту просьбаў аб палітычным прытулку ў ЗША і ЭЗ, сацыёлягі занепакоеныя тым, што афіцыйная статыстыка няпоўна адлюстроўвае адток з Расеі чалавечага капіталу, у прыватнасьці, працаздольных грамадзян з вышэйшай адукацыяй.

Аляксандр Грабянюк, адзін з аўтараў нядаўняга аналітычнага дакладу пра тэндэнцыі ў расейскай эміграцыі, сьцьвярджае, што за апошнія пяць гадоў на сталае месца жыхарства за мяжу зьехалі 500-600 тысяч расейцаў. Даклад быў апублікаваны ў кастрычніку Камітэтам грамадзянскіх ініцыятываў пры падтрымцы Фонду Аляксея Кудрына.

«Гэта ў некалькі разоў вышэй, чым дадзеныя афіцыйнай расейскай статыстыкі», — падкрэсьліў Грабянюк у інтэрвію Радыё Свабода. Паводле яго, большасьць эмігрантаў кіруюцца эканамічнымі меркаваньнямі — пэрспэктывай працаўладкаваньня і пошукам больш высокага ўзроўню жыцьця.

«Палітычныя матывы адыгрываюць другарадную ролю», — адзначыў Грабянюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG