Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 цытаты з кнігі Валянціна Голубева па найноўшай гісторыі Беларусі


Гісторык і былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Валянцін Голубеў выдаў навукова-папулярную кнігу пра беларускую гісторыю ад пасьляваеннага часу да нашых дзён.

Кніга «Гісторыя Беларусі: ад заканчэньня Другой сусьветнай вайны да пэрыяду будаўніцтва незалежнай дзяржавы (1945-2016 гг.)» пабачыла сьвет у выдавецтве Зьмітра Коласа накладам 300 асобнікаў. Прапануем вам 22 цытаты з гэтай кнігі.

1. Вайна зруйнавала гаспадарку Беларусі. Паводле агульнага разьвіцьця Беларусь вярнулася да 1928 году. Было зьнішчана 85% прадпрыемстваў даваеннай колькасьці. У выніку вайны чарговы раз паменшылася тэрыторыя Беларусі. На працягу 1944-1950 гг. савецкім урадам былі адабраны ад Беларусі і далучаны да Польшчы Беластоцкая вобласьць і шэраг раёнаў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей.

2. У галодныя пасьляваенныя гады людзі ратаваліся тым, што апрацоўвалі невялікія ўчасткі зямлі. Былі ўстаноўлены больш за 200 тысяч фактаў такога быццам «захопу», зямлю ў людзей адбіралі на карысьць калгасаў, многіх пакаралі.

3. У стомленым вайной грамадзтве зноў усталявалася атмасфэра страху і падазронасьці. Падазрэньні ў здрадзе тычыліся нават партызан і падпольшчыкаў, як, напрыклад, у адносінах да ўдзельнікаў менскага антыфашысцкага падпольля. Фізычна і маральна былі зламаны рэпатрыянты, якія, зьведаўшы цяжкасьці фашысцкага палону і нявольніцкай працы, на радзіме трапілі ў лік ворагаў і ў пераважнай большасьці апынуліся ў засьценках ГУЛАГу.

4. У 1956 годзе першым сакратаром ЦК КПБ быў абраны К.Т. Мазураў — першы беларус, які заняў найвышэйшую партыйную пасаду ў БССР. Ён спрабаваў праводзіць абмежаваную палітыку беларусізацыі, але яму хутка далі зразумець, што гэтага рабіць ня трэба. Беларусаў у дзяржаўным апараце было ня больш за дзьве трэці, і яны займалі пераважна другарадныя пасады.

5. У 1956 годзе уводзілася аплата працы калгасьнікаў, пачалі выплачваць пэнсіі па страсьці і інваліднасьці.

6. У 1958 годзе была ўведзена абавязковая 8-гадовая адукацыя, ствараліся прафэсійна-тэхнічныя вучылішчы, да 99% павялічылася колькасьць пісьменнага насельніцтва.

7. У 1962 годзе для эканоміі сродкаў шэраг дзьвюхмоўных газэт і часопісаў цалкам перавялі на расейскую мову. Большасьць праграм на радыё і тэлебачаньні таксама трансьлявалася па-расейску.

8. У 1980-я гады праводзілася мэліярацыя забалочаных зямель. Пераўвільготненыя глебы, найперш тарфянікі, аказаліся пераасушанымі і амаль непрыдатнымі для земляробства. Не зусім прадуманая палітыка асушэньня тарфянікаў на Палесьсі прыводзіла нават да тарфяных бураў.

9. У другой палове 1980-х гадоў галоўнай функцыяй шмат у чым бутафорскага МЗС, якое ўзьнікла толькі таму, што Беларусь стала членам ААН, зьяўлялася прадстаўніцтва на міжнародных форумах і галасаваньне ў адпаведнасьці з распараджэньнямі, што паступалі зь Міністэрства замежных справаў СССР.

10. Існаваньне БССР давала нацыянальным сілам падставы змагацца за свабоду і сувэрэнітэт. Атрымалася так, што лёс дапамог Беларусі скарыстацца наяўнасьцю савецкай дзяржаўнасьці ў барацьбе за рэальны сувэрэнітэт.

11. На ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Беларусі патрабавалася 235 млрд даляраў. Агульны эканамічны крызіс у СССР у канцы 1980-х прывёў да таго, што з саюзнага бюджэту сродкі на гэта фактычна не выдаткоўваліся. Чарнобыльская праблема стала ўласнай праблемай Беларусі.

12. БССР у пэрыяд перабудовы лічылася адной з самых кансэрватыўных рэспублік Савецкага саюзу. Тым часам як Масква сама ўжо заяўляла, што выступае за рэфармаваньне камуністычнай сыстэмы, урад Беларусі рабіў усё, каб захаваць сыстэму ў некранутым выглядзе.

13. Дэпутацкая група БНФ з самага пачатку працы Вярхоўнага савету патрабавала прыняць дэклярацыю аб незалежнасьці Беларусі. 2 ліпеня 1990 г. з ініцыятывы дэпутатаў Апазыцыі БНФ праект дэклярацыі быў прапанаваны сэсіі Вярхоўнага савету БССР для разгляду. Зьяўленьне такога дакумэнту ў ВС выклікала ў прадстаўнікоў парлямэнцкай большасьці сапраўдны шок.

Аўтар кнігі (зьлева) зь Зянонам Пазьняком і Вольгай Галубовіч
Аўтар кнігі (зьлева) зь Зянонам Пазьняком і Вольгай Галубовіч

14. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў краіне быў створаны Нацыянальны банк і 34 камэрцыйныя банкі.

15. У 1990-я гады эканоміка краіны была дастаткова моцнай. Выдаткі дзяржавы на сацыяльна-культурныя мерапрыемствы поўнасьцю кампэнсаваліся прыбыткамі, якія перавышалі выдаткі на 2,6%. Практычна адсутнічалі беспрацоўе і інфляцыя. У 1991-92 гг. паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу Беларусь займала 40-е месца сярод 174 краін сьвету.

16. Першыя прэзыдэнцкія выбары прайшлі даволі дэмакратычна, безь вялікіх парушэньняў.

17. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году ў залу пасяджэньняў ВС, дзе знаходзіліся дэпутаты апазыцыі, што абвясьцілі галадоўку, на загад кіраўніцтва краіны былі ўведзеныя падразьдзяленьні спэцназу, якія зьбілі апазыцыйных дэпутатаў і выдалілі іх з будынку парлямэнту.

18. Штуршком для пэўнай стабілізацыі эканомікі паслужыла падпісаньне вясной 1996 году Ельцыным і Лукашэнкам пагадненьня, згодна зь якім беларускія пазыкі за энэрганосьбіты памерам 1,4 млрд даляраў былі сьпісаныя і краіны перашлі да так званага «нулявога варыянту».

19. Шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі зьяўляецца фундамэнтальным прынцыпам зьнешнепалітычнай дзейнасьці краіны.

20. Беларусь змагла пабудаваць адносіны са зьнешнім сьветам, не прапусьціўшы сваіх нацыянальных інтарэсаў.

21. Апошнім часам адносіны краін ЭЗ і ЗША да Беларусі відавочна паляпшаюцца. Прычынай гэтага, хутчэй за ўсё, зьяўляецца ня толькі адносная дэмакратызацыя жыцьця ўнутры краіны, але і прыхільнасьць Беларусі да асноўных агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў.

22. Дзяржава ўсё больш зьвяртае ўвагу на стан беларускай культуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG