Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напужацца па-беларуску


Людзі здаўна любяць трошкі пабаяцца. Доказам гэтаму могуць служыць і жахі ў фальклёрных творах — варта згадаць сабраныя і апрацаваныя братамі Грымамі нямецкія народныя казкі, і традыцыя расказваць зімовымі вечарамі гісторыі пра прывідаў. У жудаснага ёсьць свая прыцягальнасьць, бо як жа прыемна, адарваўшыся ад крывавай гісторыі пра мерцьвякоў, зразумець, што вакол — цёпла і ўтульна, і ніякай небясьпекі насамрэч няма. А можа, усё ж ёсьць? Можа, у самым цёмным куце пад канапай хаваецца нешта жахлівае?

Беларусы любяць страшнае ня менш за немцаў ці ангельцаў — успомніце хаця б зборнік беларускіх легендаў і паданьняў «Заклятыя скарбы», укладзены Уладзімірам Ягоўдзікам і праілюстраваны Аляксеем Навіцкім, які адкрывае перад чытачом дзьверы ў самыя вусьцішныя куткі беларускай сьвядомасьці. Антон Францішак Брыль нядаўна выбраў зь «Беларускага зборніку» Еўдакіма Раманава (1891) самыя страшныя казкі і падрыхтаваў электронную кнігу «Мертвяцы», Віталь Воранаў выдаў зборнік апавяданьняў «Шэптам» пра загадкавыя здольнасьці шаптух і знахароў, у сэрыі часопісу «ПрайдзіСьвет» выйшлі тры перакладныя кнігі, якія знаёмяць беларускіх чытачоў зь вядомымі майстрамі трылеру, ад гісторый якіх у жылах ледзянее кроў — зборнік Эдгара По «Маска Чырвонае Сьмерці», які нядаўна стаў даступны ў электронным варыянце, зборнік містычнага апавяданьня «Вусьцішны пакой» і нядаўняе выданьне, што аб’ядноўвае пад адной вокладкай першую гатычную аповесьць «Замак Отранта» Гораса Ўолпала і раман Мэры Шэлі «Франкенштэйн», дзе ўпершыню зьяўляецца створаны з праху монстар — папярэднік усіх пачвар сучаснай масавай культуры.

Яшчэ адна страшная кніга — зборнік «1813» Уладзімера Садоўскага, што ўключае аднайменную навэлу і пяць апавяданьняў — выклікала ў чытачоў цікавасьць нават да свайго выхаду ў сьвет. Анансаваная як першы беларускі зомбі-хорар, яна здолела прыцягнуць дастаткова ўвагі, каб аўтар з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі сабраў грошы на яе выданьне. Цікава, што калі ва ўсім сьвеце гісторыі пра зомбі — гэта масавы прадукт, які выдаецца вялікімі накладамі, карыстаецца попытам і нязьменна прыносіць выдаўцу прыбытак, то ў нашых рэаліях сродкі на такую кнігу давялося шукаць сярод будучых чытачоў. Прычыны гэтага — і адсутнасьць кніжнага рынку, гульцы якога маглі б зрабіць стаўку на папулярную тэму і паспрабаваць прасунуць маладога аўтара, і пэўная кансэрватыўнасьць многіх дзяржаўных выдавецтваў, якія наўрад ці ўзяліся б выдаць нешта настолькі правакацыйнае.

Вобраз зомбі — вечна галодных мерцьвякоў, якія паўсталі з магіл, ці жывых людзей, чыя воля цалкам падпарадкаваная нейкаму магутнаму ведзьмаку — быў пазычаны сучаснай масавай культурай з традыцыйнай заходнеафрыканскай рэлігіі вуду, што разам з рабамі перабралася на Карыбскія астравы, перадусім — на Гаіці. Такія атрыбуты вуду, як зомбі і магічныя лялькі, трывала прапісаліся ў кнігах і фільмах жахаў, і ў заходніх краінах склалася цэлая субкультура аматараў зомбі, што любяць час ад часу прагуляцца ў адпаведных касьцюмах па вуліцах роднага гораду і добра прабавіць час.

У 2009 годзе амэрыканец Сэт Грэм-Сміт выдаў напісаную на аснове раману Джэйн Остэн кнігу «Пыха і перадузятасьць і зомбі», стварыўшы такім чынам першы літаратурны ўзор у жанры мэшап (ад анг. «mashup» — мяшанка) — сумесі гістарычнага раману ці клясычнага твору, які даўно ўсім надакучыў, з чымсьці больш гарачым, напрыклад, зомбі-хорарам. Кніга займела шалёны посьпех, давёўшы, што для таго, каб зрабіць клясыку зноў папулярнай, дастаткова ўсяго толькі парачкі жывых мерцьвякоў. Натхнёныя посьпехам Грэм-Сміта, пісьменьнікі тут жа кінуліся скрыжоўваць раманы мінулых гадоў з папулярнымі жахлівымі сюжэтамі і адпраўляць сапраўдных гістарычных асоб змагацца з прыхаднямі зь пекла. Адзін з самых яркіх прыкладаў такога літаратурнага сымбіёзу — раман усё таго самага Сэта Грэм-Сміта «Аўраам Лінкальн: Паляўнічы на вампіраў» — Уладзімір Садоўскі называе крыніцай натхненьня для сваёй навэлы «1813».

Варта сказаць, што, нягледзячы на ўдалую ідэю вярнуць клясыцы папулярнасьць з дапамогай брутальных пэрсанажаў і нават нягледзячы на высокія рэйтынгі раману «Пыха і перадузятасьць і зомбі», аўтару гэтага экспэрымэнту не хапіла пачуцьця гумару. «Пыха і перадузятасьць і зомбі» чытаецца не як іранічнае пераасэнсаваньне даўняга сюжэту праз прызму сучаснай поп-культуры, а як досыць банальная зомбі-гісторыя, у якой ад яркіх і запамінальных герояў і гераінь Джэйн Остэн засталіся толькі цені. І ў гэтым сэнсе навэла «1813» выйграé на фоне раману-жанрапачынальніка: яна напісаная больш удумліва і дасьціпна. Прапанаваная Садоўскім зомбі-вэрсія гісторыі не пазбаўленая элегантнасьці: у навэле выдатна тлумачыцца, куды зьніклі целы непахаваных францускіх салдат і што здарылася з Маладзечанскім замкам.

Уладзімір Садоўскі, у адрозьненьне ад Сэта Грэма-Сміта, паставіўся да зомбі вельмі сур’ёзна: у кнізе ёсьць тлумачэньне, адкуль гэтая навалач прыйшла ў ваколіцы Маладзечна і як зь ёй трэба змагацца. Зомбі ў дадзеным выпадку — не пародыя на нашу гісторыю, а хутчэй, прыемны дадатак да яе. Аўтар зь вялікай павагай і любоўю прапісвае гістарычных пэрсанажаў, зьвяртае ўвагу на дэталі, а таму кніга ня толькі мае забаўляльны характар, але і можа працаваць на папулярызацыю беларускай гісторыі. Да таго ж, калі кніга пра Міхала Клеафаса Агінскага (хай сабе і аздобленая зомбі) ня будзе пыліцца на бібліятэчнай паліцы, а трапіць у чыталкі беларускіх падлеткаў — гэта значыць, зь беларускай гісторыі можна выцягнуць тое, што будзе саграваць сэрцы чытачоў у зімовыя вечары і яна ніколі не зробіцца занадта нуднай і старой.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG