Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Беларусь шмат упусьціла ў дачыненьнях з Польшчай, трэба нагнаць», — Андрэйчанка


Уладзімер Андрэйчанка

Уладзімер Андрэйчанка

Сёньня ў Менску адбылася сустрэча дэлегацыяў Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь з маршалкам Сэнату Рэспублікі Польшча Станіславам Карчэўскім.

Адкрываючы гэтую сустрэчу, старшыня ніжняй палаты беларускага парлямэнту заявіў, што гэта першы візыт такой высокай дэлегацыі на парлямэнцкім узроўні, і ў Менску гэта вельмі цэняць.

«Мы надзвычай цэнім тыя зьмены, якія адбываюцца адносна Беларусі ў Польшчы апошнім часам. Мы многае ўпусьцілі ў дачыненьнях паміж нашымі краінамі ў турызьме, у прымежным руху, у эканоміцы, экалёгіі — і нам трэба тэрмінова нагнаць тое, што мы не зрабілі».

Кіраўнік польскага сэнату ў адказ пагадзіўся з тым, што нейкі час у двухбаковых адносінах быў сапраўды змарнаваны. І таму цяпер прыйшла пара вярнуцца да таго добрага, што было калісьці. Але пры гэтым трэба зыходзіць з таго, што дзяржаўная мяжа паміж рэспублікамі павінна аб’ядноўваць іх жыхароў, а не разьядноўваць.

«У нас шмат палякаў зь беларускімі каранямі, і ў вас шмат беларусаў з польскімі каранямі. Таму нам лягчэй будзе знаходзіць паразуменьне».

У сувязі з гэтым старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка сказаў, што на сустрэчу разам зь ім сёньня прыйшлі ня проста дэпутаты, а менавіта тыя, хто прадстаўляе Берасьцейскую і Гарадзенскую вобласьці.

«І гэта невыпадкова, — сказаў Андрэйчанка, — бо ў гэтых рэгіёнах ёсьць лепшыя шанцы для пабудовы добрых двухбаковых дачыненьняў».

Уладзімер Андрэйчанка прапанаваў, каб дэпутаты абедзьвюх краін бралі ўдзел у паседжаньні польска-беларускай гандлёва-эканамічнай камісіі. Пры гэтым сьпікер ніжняй палаты беларускага парлямэнту паабяцаў, што ўжо ў гэтым месяцы будзе абноўлены склад дэпутацкай групы па сяброўстве з Польшчай, і ў сваю чаргу запрасіў прыехаць у Менск дэпутатаў з польска-беларускай групы ў парлямэнце Польшчы.

Станіслаў Карчэўскі зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і Польшчы вялікі патэнцыял і падпісаныя дакумэнты аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і адукацыі — гэта канкрэтныя крокі, і яны павінны паспрыяць умацаваньню сяброўскіх адносінаў паміж дзьвюма краінамі, якія маюць агульную мяжу. Пры гэтым кіраўнік верхняй палаты польскага парлямэнту сказаў, што ня толькі Польшча, але і ўвесь Эўрапейскі Зьвяз зацікаўлены ў наладжваньні супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG