Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"ЭЗ нічога не зьбіраецца даваць у адказ за адмену сьмяротнай кары"


Belarus - death penalty, gun, execution

Belarus - death penalty, gun, execution

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Крокі Менску ў напрамку шанаваньня асноватворных свабодаў, вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку па пытаньні сьмяротнага пакараньня, — ключавыя для фармаваньня будучай палітыкі ЭЗ у адносінах да Беларусі. Пра гэта сказала кіраўніца дыпляматыі ЭЗ Фэдэрыка Магерыні.

Адмысловая заява кіраўніцы эўрапейскай замежнай палітыкі была выклікана паведамленьнямі пра выкананьне трох сьмяротных прысудаў.

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе дагэтуль ужываецца сьмяротнае пакараньне

«Усплёск расстрэлаў у 2016 годзе супярэчыць абавязацельствам, якія далі беларускія ўлады ў рамках ААН, разгледзець пытаньне аб увядзеньні мараторыю на прымяненьне сьмяротнай кары», — гаворыцца ў заяве вярхоўнай прадстаўніцы ЭЗ па замежных справах. Магерыні таксама падкрэсьліла, што Эўрапейскі Зьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня, якое «не зьяўляецца сродкам стрымліваньня злачыннасьці і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці і недатыкальнасьці».

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе дагэтуль ужываецца сьмяротнае пакараньне. Ад пачатку 1990 году вышэйшую меру прысудзілі больш як 400 асуджаным, за гэты час сьмяротнае пакараньне замянілі турэмным тэрмінам толькі аднаму чалавеку.

З боку ўладаў даўно гучаць намёкі пра мараторый на сьмяротнае пакараньне. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка, які быў у працоўнай групе па вывучэньні пытаньняў сьмяротнага пакараньня, ня раз заяўляў, што «пытаньне сьмяротнага пакараньня — пытаньне часу». Менск увесь час падае Эўропе сыгналы, што «вось хутка, абавязкова зробім». І беларускія ўлады чакаюць у адказ на адмену сьмяротнага пакараньня нейкіх крокаў з боку Эўропы, нейкіх паслабленьняў і выгадаў.

Але, здаецца, тут крыецца памылка, бо Эўропа нічога не зьбіраецца даваць у адказ на гэты крок. Яна ўспрымае яго як неабходны пачатак для дыялёгу.

Карбалевіч: Зьвярнуў бы ўвагу, што беларускія ўлады пачакалі, пакуль прыедуць і зьедуць важныя дэлегацыі з ЭЗ, і толькі потым ажыцьцявілі сьмяротнае пакараньне. Значыць, усё ж трохі зважаюць на крытыку Захаду. Але чакаюцца новыя дэлегацыі. Вось днямі Менск наведае сьпікер сэнату Польшчы — верхняй палаты польскага парлямэнту.

Наколькі перашкаджае гэты чыньнік існаваньня ў Беларусі сьмяротнага пакараньня разьвіцьцю адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ? Трохі перашкаджае.

Афіцыйнаму Менску больш цікава вырашэньне іншых, найперш эканамічных, праблем

Эўрапейскі Зьвяз увязвае некаторыя пытаньні адносінаў зь Беларусьсю з працэсамі дэмакратызацыі ў краіне. Ужо некалькі месяцаў афіцыйны Менск прапануе ЭЗ распрацаваць і падпісаць базавае Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Але Брусэль не сьпяшаецца. Кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын у інтэрвію праграме «Галоўны эфір» тэлеканалу «Белорусь-1» 27 лістапада заявіла: «Мы б хацелі пачаць такія перамовы, але Беларусь павінна выканаць некаторыя ўмовы. Трэба разумець, што выніковае рашэньне па гэтых пытаньнях прымае Рада Эўрапейскага Зьвязу і Эўрапейскі парлямэнт. Там задаюць пытаньні адносна правоў чалавека і сьмяротнага пакараньня». Таксама гэтая тэма прагучала ў нядаўняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі.

Але Беларусі гэтае пагадненьне ня надта і патрэбнае. Тым больш ня надта патрэбнае ўступленьне ў Раду Эўропы, хоць афіцыйна такая задача прадэкляраваная. Афіцыйнаму Менску больш цікава вырашэньне іншых, найперш эканамічных, праблем. Іх сфармуляваў Лукашэнка на сустрэчы зь вялікай дэлегацыяй ЭЗ нядаўна. Гэта зьняцьцё абмежаваньня на гандаль беларускімі таварамі на эўрапейскім рынку, спрыяньне заключэньню дамовы з МВФ і Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыяй, наданьню Беларусі лепшага крэдытнага рэйтынгу. Думаю, зь сьмяротным пакараньнем гэта наўпрост не зьвязана.

Глод: Для мяне словы спадарыні Магерыні прагучалі трывожным сыгналам. Ну вось мы і дачакаліся прызнаньня з боку Эўразьвязу таго, што ён кардынальна мяняе палітыку ў адносінах зь беларускімі ўладамі. Калі раней у Брусэлі казалі, што адмена сьмяротнага пакараньня будзе толькі адным з пунктаў істотных пераменаў у Беларусі, то цяпер спадарыня Магерыні наўпрост кажа, што менавіта жыцьцё чалавека будзе вырашаць вэктар супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Гэта азначае, што правы чалавека, свабодныя і справядлівыя выбары ды іншыя найважнейшыя праблемы пераходзяць у разрад другасных, ня самых галоўных.

Мы бачым, да чаго прыводзяць перамены ў Брусэлі. Калі раней эўрачыноўнікі найперш раіліся з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці, апазыцыяй, то цяпер яны сталі аддаваць перавагу кулюарным адносінам зь беларускім рэжымам. Замест рэальных недзяржаўных арганізацыяў суразмоўцамі эўрапейцаў становяцца фэйкавыя недзяржаўныя арганізацыі, якія выбудаваў Уладзімер Макей. Я маю на ўвазе найперш так званы «менскі дыялёг». Гэта такі фармат макееўскай пляцоўкі, калі ў Менску зьбіраюць шэраг экспэртаў, аналітыкаў з розных краін. Але ж кажуць, што гэты сьпіс вельмі ўважліва рэгулюецца Міністэрствам замежных спраў.

з боку Эўразьвязу мы бачым новую так званую «рэалпалітык»

Афіцыйнаму Менску вельмі важна распаўсюджваць на ўсю Эўропу свой пункт гледжаньня на тое, што адбываецца, найперш на так званую палітыку нэўтралітэту Беларусі. Гэта тычыцца, дарэчы, ня толькі Ўкраіны, а таксама і іншых пытаньняў. Мы бачым, што Брусэль, а таксама шэраг іншых эўрапейскіх сталіц, уважліва слухаюць і ідуць фактычна на кампраміс з рэжымам Лукашэнкі.

Так, Менск хоча паказаць перамены. Але ж пазыцыя беларускіх уладаў наконт эўрапейскіх базавых каштоўнасьцяў, я маю на ўвазе правы чалавека, дэмакратычныя выбары, незалежныя мэдыі, — застаецца такой жа, як і была раней. А з боку Эўразьвязу мы бачым новую так званую «рэалпалітык». Апошнім часам прадстаўнікі апазыцыі кажуць, што на іхніх сустрэчах з эмісарамі Брусэля можна пачуць прамыя папрокі на адрас апазыцыі, шэрагу незалежных экспэртаў, што яны нібыта сваёй нягнуткай, жорсткай пазыцыяй да палітыкі Лукашэнкі замінаюць Брусэлю праводзіць сваю гнуткую, прагматычную палітыку ў адносінах да Менску.

На што спадзяюцца, зьмяняючы прыярытэты, у Эўропе? Там існуюць спадзяваньні, што Лукашэнка пад эўрапейскім уплывам дыстанцыюецца ад Крамля, ад Пуціна, і нібыта затым апынецца ў Эўропе. У правядзеньні такой палітыкі, напэўна, Варшава становіцца своеасаблівым лідэрам. Вось ужо абвясьцілі, што ў панядзелак, 5 сьнежня, у Беларусь прыяжджае кіраўнік верхняй палаты польскага парлямэнту.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG