Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары раёнаў Луганскай вобласьці пад кантролем сэпаратыстаў засталіся без вады


Чарга па ваду ў Луганску ўлетку 2014 году.

«Існуе адзіны шлях аднаўленьня водазабесьпячэньня: той бок павінен пачаць плаціць за пастаўленую ваду, якая пастаўлялася ў поўным аб’ёме на непадкантрольную ўкраінскай уладзе тэрыторыю. Такая пазыцыя абсалютная безадказная менавіта перад жыхарамі, якія там пражываюць. Асобы, якія ўзялі на сябе адказнасьць за жыцьцё нашых грамадзян на акупаваных тэрыторыях, падвяргаюць іх небясьпецы пакінуць без вады ў зімовы пэрыяд», — заявіў намесьнік старшыні абласной дзяржаўнай адміністрацыі Ўладзімер Гуц, камэнтуючы сытуацыю.

Паводле вайскова-цывільных уладаў рэгіёну, на працягу 2015-2016 гадоў ўкраінская ўлада вылучала сродкі на падтрымку прадпрыемства «Папаснянскі раённы водаканал» у аб’ёме 74,5 мільёнаў грыўняў (афіцыйны курс 1 даляр — 25,63 грыўні), але на сёньня сродкаў з абласнога бюджэту для кампэнсацыі прадпрыемству выдаткаў за спажытую электрычную энэргію не хапае.

Папаснянскі раённы водаканал пастаўляе ваду 80,000 жыхароў вобласьці на тэрыторыях кантраляваных украінскаю уладаю, і яшчэ больш як 1,200,000 грамадзян, якія пражываюць у раёнах пад кантролем падтрыманых Расеяй сэпаратыстаў. Цяпер, праз адсутнасьць аплаты з боку ўладаў гэтак званай «Луганскай народнай рэспублікі», прадпрыемства ня мае магчымасьці разьлічвацца за энэрганосьбіты, выплачваць заработную плату, закупляць расходныя матэрыялы.

На сёньняшні дзень запазычанасьць прадпрыемства за электраэнэргію складае 124 мільёны грыўняў. Раней, для разьвязаньня гэтай сытуацыі ў рамках дамоўленасьцей менскай трохбаковай кантактнай групы была створаная структура «Крыніца новага жыцьця», зь якою Папасьнянскі раённы водаканал падпісаў угоду пра мэханізмы і тэрміны разьлікаў за атрыманыя паслугі. «Але 1 сьнежня не праведзена ніводнага разьліку», — паведамілі ў абласной адміністрацыі.

Апошні раз тэма аплаты за ваду самаабвешчанымі ўладамі Данбасу абмяркоўвалася на сустрэчы міністраў замежных спраў у нармандзкім фармаце, што адбылася 29 лістапада ў Менску.

«На сёньняшні дзень ёсьць запазычанасьць за пастаўленую на акупаваную тэрыторыю ваду 277 мільёнаў грыўняў. А за ваду трэба плаціць, і таму мы патрабуем, каб Расейская Фэдэрацыя дала адмашку і каб акупаваныя імі тэрыторыі пачалі плаціць за атрыманую ваду», — сказала прадстаўніца Ўкраіны ў менскай трохбаковай кантактнай групе, віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка.

Але якіх-небудзь вынікаў па гэтым пытаньні на менскай сустрэчы бакі не дасягнулі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG