Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яе звалі Тацьцяна


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

За ўвесь час, што я сачу за дзейнасьцю пошукава-ратаўнічага атраду «Анёл», я памятаю толькі адну гісторыю, калі маладую жанчыну шукалі больш за тры дні, а ў выніку аказалася, што ніякага крыміналу ці няшчаснага выпадку не адбылося, а яна проста, як кажуць, «загуляла». Звычайна жывымі зьніклых знаходзяць на першыя-другія суткі, а калі пошук зацягваецца, то гэта значыць, што варта рыхтавацца да кепскіх навінаў.

Я вельмі спадзявалася, што гэта не забойства, што яна стамілася адна гадаваць сына і «сарвалася».

Тацьцяну Курсевіч шукалі два тыдні, і першыя дні я вельмі спадзявалася, што гэта не забойства, што яна стамілася адна гадаваць сына і «сарвалася» — кудысьці зьехала, нікому пра гэта не паведаміўшы. Сын у той час акурат быў са сваім бацькам — былым мужам Тацьцяны. Па вялікім рахунку, з надзеяй на лепшае, я стварыла вобраз адказнай маці, якая нават у стане «кінуць усё» найперш паклапацілася пра тое, каб дзіця было ў бясьпецы.

Але мая надзея хутка зьнікала, бо тыя падрабязнасьці справы, якія былі ў адкрытым доступе, надта нагадвалі гісторыю з лучніцай Ганнай Сардэчкінай, якая была забіта былым мужам улетку 2013 году. Ганну тады шукалі 8 дзён, і забойца ў выніку прызнаў сваю віну і сказаў, дзе шукаць рэшткі цела. А за паўгода да гэтай трагедыі падобнае злачынства адбылося ў Маскве — грамадзянскі муж Ірыны Кабанавай забіў яе ў іх кватэры, расчляніў цела, схаваў рэшткі ў розных месцах і напісаў сьлёзнае паведамленьне ў фэйсбуку, што Ірына зьнікла, і як ён страшэнна за яе хвалюецца.

На жаль, я не памылілася ў сваіх асацыяцыях, і цела Тацьцяны Курсевіч знайшлі ў Вілейскім раёне, а ў забойстве падазраюць яе «грамадзянскага мужа». Паведамляецца, што ён хлусіў сьледзтву спачатку пра алібі (якое не пацьвердзілася), потым пра месца, дзе нібыта закапаў цела.

Мы зноўку пачуем і прачытаем, што забіваць, канечне, нельга, але...

Цяпер будзе псыхіятрычная экспэртыза, якая, я ўпэўнена, прызнае, што падазраваны разумеў, што ён рабіў. У стане псыхічнай неадэкватнасьці немагчыма вывезьці цела, закапаць яго, пазбавіцца машыны, прыдумаць і адстойваць ўласнае алібі. А пасьля будуць судовыя паседжаньні, допыты падазраванага і сьведкаў — родных, сяброў і калегаў. І мы будзем паступова даведвацца пра розныя дэталі жыцьця Тацьцяны, і абавязкова знойдзецца нямала тых, хто пачне абмяркоўваць яе маральнае аблічча, асабістыя якасьці, стыль вопраткі і маўленьня. І мы зноўку пачуем і прачытаем, што забіваць, канечне, нельга, але...

За гэтым «але» абавязкова будуць аргумэнты, чаму ў некаторых выпадках забойства па-за межамі самаабароны — цалкам нават прымальная рэч. Мы ўсё гэта ўжо чулі і чыталі пасьля забойства Ірыны Кабанавай і Ганны Сардэчкінай. Яны «не пазьбягалі канфліктаў», яны «правакавалі», яны «давялі». Карацей, заслугоўвалі сьмерці.

Шукаюць усё ж «аб’ектыўную прычыну» забойства — умоўнае «давяла».

Я неяк правяла экспэрымэнт — назірала, як людзі рэагуюць на паведамленьне пра забойства. За вельмі рэдкім выключэньнем першай рэакцыяй было пытаньне «за што?». Здавалася б, гэта пытаньне можна інтэрпрэтаваць як «як забойца тлумачыць свае паводзіны» — то бок ня пошук нібыта аб’ектыўнай прычыны злачынства, а цікаўнасьць да магчымых самаапраўданьняў. Але ў далейшай размове звычайна станавілася зразумела, што шукаюць усё ж «аб’ектыўную прычыну» забойства — умоўнае «давяла».

Калі адбівалася, значыць, правакавала на большую агрэсію, а калі не адбівалася, значыць, ня мела нічога супраць нападу.

Для таго, каб займець бясспрэчнае спачуваньне з боку грамадзтва, мала быць проста забітай — трэба адпавядаць пэўнаму вобразу ідэальнай ахвяры. Па-першай, забойца павінен быць незнаёмым чалавекам, бо калі ахвяра ведала злачынцу, то павінна была ўбачыць «ягоную сутнасьць» пры першай жа сустрэчы і, адпаведна, спыніць усялякую камунікацыю. Па-другое, ахвяра ў момант нападу павінна спаць альбо быць у стане непрытомнасьці — прытомная жанчына адназначна неяк справакавала забойцу. Але і да непрытомнай ахвяры могуць быць пытаньні — ці не правакавала нападніка поза, у якой яна ляжала, вопратка альбо татуіроўкі? Пытаньне неабходнасьці супраціву таксама застаецца адкрытым — калі адбівалася, значыць, правакавала на большую агрэсію, а калі не адбівалася, значыць, ня мела нічога супраць нападу.

Былога мужа Ганны Сардэчкінай асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Гэта на тры гады больш, чым правядзе ў турме дзяўчына, якая спрабавала правезьці праз мяжу паўтары таблеткі экстазі.

Я спадзяюся, што калі сьледзтва і суд вызначаць забойцу, у зьняволеньні ён будзе вельмі доўга.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG