Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Польшчы прапанаваў зрабіць Берасьце бязьвізавым


Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік наведаў Берасьце 30 лістапада, разам з новым генэральным консулам у Берасьці Пятром Казакевічам сустрэўся са старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму Анатолем Лісам.

Падчас візыту, як перадае «Вячэрні Брэст», амбасадар прапанаваў зрабіць Берасьце бязьвізавым для грамадзянаў Эўразьвязу на ўзор Гародні. Ліс падтрымаў ідэю з агаворкай пра тое, што гэта выходзіць за межы ягонай кампэтэнцыі і мусіць вырашацца на ўзроўні ўрадаў.

Паўлік таксама адзначыў рост актыўнасьці кантактаў урадаў Беларусі і Польшчы, згадаў пра магчымасьці праграмы «Польшча — Беларусь — Украіна», разьлічанай да 2020 году, абмеркаваў зь Лісам за зачыненымі дзьвярыма мадэрнізацыю воднага шляху Дняпро — Буг — Вісла, папулярызацыю гісторыі Палесься, супольнае аднаўленьне маёнтку Рэйтанаў у Ляхавіцкім раёне, арганізацыю форуму рэгіёнаў Беларусі і Польшчы, а таксама міграцыйную сытуацыю на беларуска-польскай мяжы.

Бязьвізавы ўезд і невядомыя дабрадзеі

Сёньня замежным турыстам бязь візаў дазваляецца наведаць у турыстычных мэтах Аўгустоўскі канал і Гародню на тэрмін да 5 дзён. Дзеля гэтага ім трэба атрымаць пэўны дакумэнт і мець на кожны дзень ня менш як 42 рублі.

Беларусь тым часам дамаўляецца пра бязьвізавы ўезд з Аргентынай і Бразыліяй, але не сьпяшаецца скасоўваць візы для турыстаў разьвітых краінаў нават на 5 дзён візыту: сілавікі сумняваюцца ў бясьпецы такога рашэньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG