Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Паўднёвай Карэі паставіць на галасаваньне імпічмэнт прэзыдэнткі


Прэзыдэнтка Паўднёвай Карэі Пак Кын Хэ

Прэзыдэнтка Паўднёвай Карэі Пак Кын Хэ

Апазыцыйныя партыі Паўднёвай Карэі паведамілі аб правядзеньні на наступным тыдні галасаваньня аб імпічмэнце прэзыдэнткі Пак Кын Хэ, перадае Reuters.

Аднапартыйцы прэзыдэнткі яшчэ ня вырашылі, ці зьбіраюцца здымаць яе з пасады такім чынам.

Раней пракуратура Паўднёвай Карэі заявіла пра датычнасьць Пак Кын Хэ да карупцыйнага скандалу, фігурантамі якога раней сталі ейная сяброўка Цой Сун Сіль і двое былых памочнікаў. Цой Сун Сіль былі выстаўленыя абвінавачаньні ў тым ліку ў перавышэньні паўнамоцтваў і замаху на махлярства. Карэйцы лічаць, што краінай фактычна кіравала сяброўка прэзыдэнткі. Пак адмаўляе сваю віну, але папрасіла прабачэньня перад народам пасьля масавых акцыяў пратэсту.

У Паўднёвай Карэі выставілі абвінавачаньні сяброўцы прэзыдэнткі за карупцыю:

Прэзыдэнтка Пак прапанавала самастойна сысьці ў адстаўку і прасіла парлямэнт вырашыць, як і калі яна мусіць гэта зрабіць. Ды парлямэнт адхіліў прапанову, пабачыўшы ў гэтым спробу пазьбегнуць імпічмэнту. Рэйтынг Пак знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні, яе падтрымліваюць 4% апытаных.

Каб імпічмэнт прайшоў пасьпяхова, тром апазыцыйным партыям спатрэбіцца падтрымка партыі ўлады (апазыцыйныя партыі маюць разам 165 з 300 месцаў у парлямэнце). Затым імпічмэнт мусіць ухваліць ці адхіліць Канстытуцыйны суд, на гэта даецца 180 дзён.

Калі імпічмэнт пройдзе пасьпяхова, ён будзе першым у гісторыі Паўднёвай Карэі. Новага прэзыдэнта тады выберуць праз 60 дзён на поўны 5-гадовы тэрмін.

Самаўхіленьне, сэкс і «маральная інваліднасьць»: 15 імпічмэнтаў, якія адбыліся і праваліліся

Тым часам у Бразыліі пасьля доўгіх спробаў атрымалася абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнтцы Дзілме Русэф. Парлямэнт Вэнэсуэлы запускаў працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта Нікаласа Мадуры, але шанцаў на станоўчы вынік мала, бо ўрад і Вярхоўны суд Вэнэсуэлы абвясьцілі Нацыянальную асамблею нелегітымнай. Рэспубліканцы Францыі пачалі рыхтаваць імпічмэнт прэзыдэнту Франсуа Алянду, ды наўрад ці пасьпеюць да прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх Алянд вырашыў не балятавацца.

Спроба імпічмэнту была і ў Беларусі: у 1996 годзе Вярхоўны Савет 13 скліканьня амаль дайшоў да пачатку працэдуры імпічмэнту Аляксандра Лукашэнкі, сабраўшы неабходныя 70 подпісаў дэпутатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG