Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт на ўсходзе Ўкраіны — на мяжы новай эскаляцыі


Кіраўнік маніторынгавай місіі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва (АБСЭ) Аляксандар Гуґ

Кіраўнік маніторынгавай місіі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва (АБСЭ) Аляксандар Гуґ

Паводле кіраўніка маніторынгавай місіі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва (АБСЭ) Аляксандра Гуґа, цяжкія ўзбраеньні ўжо прымяняюцца ў раёнах, дзе пражывае цывільнае насельніцтва, а прарасейскія сэпаратысты працягваюць блякаваць доступ маніторынгавых камісіяў да многіх зонаў канфлікту.

Паводле ацэнак назіральнікаў АБСЭ, кожны тыдзень на 500-кілямэтровай лініі кантакту адбываецца да сямі тысяч парушэньняў рэжыму спыненьня агню. Аляксандар Гуґ папярэджвае, што гэта толькі пачатак.

«Апошнія тры тыдні — адны з самых разьлютаваных з усіх, што мы калі-небудзь рэгістравалі, — сказаў ён карэспандэнту „Голасу Амэрыкі“. — У непасрэднай блізкасьці ад пазыцыяў выкарыстоўваецца ня толькі стралковая зброя, але і цяжкія ўзбраеньні, якія не павінны ня толькі прымяняцца, але і знаходзіцца там, дзе цяпер яны знаходзяцца».

Цяжкія ўзбраеньні павінны былі быць выведзеныя з зоны кантакту ў рамках менскіх пагадненьняў 2015 году, аднак, як падкрэсьлівае АБСЭ, падобная зброя, уключаючы ракетныя ўстаноўкі «Град», ужываецца ў раёнах пражываньня мірнага насельніцтва.

«Мы ўсё яшчэ бачым гэтую тэхніку ў месцах, дзе яе быць не павінна, але мы ня можам афіцыйна правесьці вэрыфікацыю, паколькі больш ня маем доступу да гэтых тэрыторыяў, — адзначае Гуґ. — Даволі часта мы толькі чуем іхны гук, але ня бачым іх. Факт заключаецца ў тым, што абодва бакі ня выканалі сваіх абяцаньняў».

А пакуль цывільнае насельніцтва расплачваецца за адсутнасьць бясьпекі. Сем’і і суполкі разьядналіся. У такіх гарачых кропках, як Данецк і Горлаўка, гуманітарная сытуацыя пагаршаецца з надыходам зімы.

«Тыя, хто павінен жыць у зоне бясьпекі, безь якіх-небудзь рызык, цяпер апынуліся ў раёне, які, магчыма, сёньня стаў самым небясьпечным ва ўсёй Украіне. І мірныя жыхары, якія знаходзяцца ў ім, пакутуюць ад адсутнасьці базавых камунальных паслуг, адсутнасьці электрычнасьці, газу, вады», — падкрэсьлівае Гуґ.

Назіральнікі АБСЭ неаднаразова падвяргаліся нападам. Паводле Гуґа, сёньня жыцьцёва неабходна, каб абодва бакі канфлікту паважалі менскія пагадненьні і дазвалялі АБСЭ весьці маніторынг вываду зброі, — перш, чым магчымы ўсплёск гвалту прывядзе да больш буйнога канфлікту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG