Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб Януковіч не адышоў ад курсу на Эўропу, ягоная „лайт-дыктатура“ да сёньня існавала б», — палітычны блогер Уколаў


Паліттэхноляг Віктар Уколаў

Паліттэхноляг Віктар Уколаў

«Украінцы любяць казаць: пры Януковічу была дыктатура. Хоць усе цудоўна разумеюць, што ніякая гэта не дыктатура. І нават такая „лайт-дыктатура“, самы аблегчаны яе варыянт, выклікала масавыя пратэсты, і ўрэшце Януковіча зьмялі — гэць», — паліттэхноляг, экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Віктар Уколаў пра ўрокі Рэвалюцыі годнасьці, рэформы і інфармацыйную вайну.

Ва Ўкраіне працягваюць згадваць драматычныя падзеі на Майдане Незалежнасьці, якія распачаліся ў апошняй дэкадзе лістапада 2013 году і пасьля крывавага супрацьстаяньня зь сілавікамі прывялі да зьмены палітычнага ладу. Народны пратэст стаў адказам на рашэньне адміністрацыі тагачаснага прэзыдэнта Віктара Януковіча згарнуць курс на эўраінтэграцыю і зрабіць разварот у бок Расеі.

Для колішняга карэспандэнта Радыё Свабода і Бі-Бі-Сі, вядоўцы палітычных праграмаў на ўкраінскіх тэлеканалах, дэпутата Вярхоўнай Рады VI скліканьня Віктара Ўколава той Майдан быў трэцім па ліку. Як сузаснавальнік Украінскага студэнцкага саюзу ён быў у ліку арганізатараў «рэвалюцыі на граніце» ў 1990 годзе з палітычнымі патрабаваньнямі да Масквы. У 2004-м браў актыўны ўдзел у «аранжавай рэвалюцыі» дзеля перамогі дэмакратычнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Юшчанкі. Нарэшце ахвярная Рэвалюцыя годнасьці 2014-га, якая дала ўкраінцам новы шанец «людзьмі звацца».

Месца ў памяць загінулых на вуліцы Інстытуцкай

Месца ў памяць загінулых на вуліцы Інстытуцкай

«Судзьдзяў старой сыстэмы людзі гатовыя парваць уласнымі рукамі»

Віктар Уколаў у статусе палітычнага блогера і паліттэхноляга сустракаецца зь невялікай групай беларускіх журналістаў у пакоі перамоваў кіеўскага гатэля «Ўкраіна». Гэты будынак у часы Майдану апынуўся ў самым віры падзеяў. Тут разьмяшчаўся імправізаваны шпіталь, і адсюль жа, з даху і паверхаў, снайпэры расстрэльвалі ўдзельнікаў Майдану. Сёньня па пэрымэтры гатэля кропкава раскінуўся народны мэмарыял Герояў Нябеснай Сотні:

«Мы сядзім у гатэлі, дзе на першым паверсе ляжалі забітыя і параненыя падчас Майдану, — кажа Віктар. — Ад 20 лютага 2014 году, калі на вуліцы Інстытуцкай, якую цяпер называюць вуліцай Герояў Нябеснай Сотні, пачалі страляць у людзей, ён стаў палявым шпіталем. Дык вось, зь ліку тых, хто аддаваў загад на расстрэл, ніхто не асуджаны. Так, многія паўцякалі ў Расею, але ва Ўкраіне маглі б быць завочныя судовыя працэсы...

Уся сыстэма судзьдзяў сфармаваная яшчэ адміністрацыяй Януковіча. І яны робяць усё, каб справе ня даць ходу. У кожнага злачынства ёсьць замоўнік, арганізатар і выканаўца. Судзяць толькі выканаўцаў. Ёсьць 50 выракаў, але нават выканаўцы збольшага пазьбеглі пакараньня. Напрыклад, па Жызьнеўскім і Нігаяне, першых, хто загінуў, сьледчыя дзеяньні ў судах фактычна заблякаваныя. Дасудовы разбор прайшоў, і тое празь пень-калоду, на тым усё стаіць. Усе, хто быў на Майдане, гатовыя такіх судзьдзяў парваць. На жаль, ня можам».

На Майдане Незалежнасьці

На Майдане Незалежнасьці

З прыходам да ўлады Пятра Парашэнкі была распачатая рэформа шэрагу галінаў, у тым ліку судовай. Па словах суразмоўцы, гэта найбольш праблемная сфэра, якая «наскрозь прагніла і мае патрэбу ў татальным ачышчэньні». На першым этапе адкінуць баляст плянуецца праз прафэсійную пераатэстацыю і абавязковае электроннае дэкляраваньне прыбыткаў і маёмасьці. У пэрспэктыве ж ня выключаная люстрацыя — забарона на прафэсію:

«Я ўжо закрануў тое, якія ў нас праблемы з судамі. Судзьдзі цяпер дужа часта прымаюць рашэньні на карысьць таго, хто мае больш грошай, гэта вядомая рэч. Таму асабіста я судовай сыстэме Ўкраіны не давяраю. Тым ня меней, спадзяюся, што зь цягам часу, за два гады рэформы, сытуацыя будзе зьмяняцца. Магчыма, вымалюецца пэрспэктыва, што кагосьці нават пасадзяць, хоць пакуль такой пэўнасьці і няма. Вядома, па аналёгіі зь Беларусьсю прэзыдэнт Парашэнка мог бы ўмяшацца і дзесяць разоў усё зрабіць „валявым рашэньнем“. Праўда, тады гэта была б не дэмакратычная Ўкраіна, была б дыктатура. А з дыктатурай ніхто на Захадзе размаўляць не зьбіраецца. Таму мы рэальна хочам нешта зьмяніць, верым, што паступова ажыцьцявім усе неабходныя рэформы».

Мінакі на вуліцы Інстытуцкай

Мінакі на вуліцы Інстытуцкай

«Партыя рэгіёнаў» пераканала ў неабходнасьці эўраасацыяцыі»

Новая спроба эўраінтэграцыі ўзамен на згорнутую папярэднімі ўладамі суправаджаецца цэлым пакетам міжнародных патрабаваньняў. Найперш гэта тычыцца абвяшчэньня вайны карупцыі, якая для Ўкраіны набыла маштаб нацыянальнай катастрофы. Першы крок зроблены — падача электроннай дэклярацыі з абавязковым доказам паходжаньня нерухомасьці, дарагіх аўто і прадметаў раскошы кожнага сямейніка. Як выявілася, цямна патлумачыць крыніцу сваіх багацьцяў могуць далёка ня ўсе:

«Будуць іх караць ці ня будуць? — перапытвае Віктар Уколаў. — Мы лічым, што караць павінны. Нават калі ўлада і вырашыць ад гэтага адступіцца, то грамадзянская супольнасьць іх усё роўна „дадушыць“. То бок, пакараньне будзе абавязкова. Як мінімум, адлучаць ад улады. Але каб вы разумелі: сьвятых няма ні ва ўладзе, ні ў апазыцыі. Напрыклад, Сяргей Лешчанка, народны дэпутат, які займаецца барацьбой з карупцыяй. Раптам выявілася, што сёлета ён набыў кватэру за 7,5 мільёнаў грыўняў. Узьнікае пытаньне — адкуль гэтыя грошы? Пакуль чакаем адказу».

Віктар Уколаў перакананы: пасьля падзеяў 2013–2014 гадоў украінскае грамадзтва зьмянілася да такой ступені, што немагчыма нават гаварыць пра вяртаньне да ранейшага:

«Украінцы ня церпяць дыктатуры. Яны зьмятуць любую ўладу, якая хоць аддалена будзе яе нагадваць. Мы часьцяком кажам: пры Віктару Януковічу была дыктатура. І пры гэтым цудоўна разумеем, што ніякая гэта не дыктатура. Апазыцыйныя палітыкі вольна хадзілі па вуліцы, ладзілі дэманстрацыі. Так, перасьледавалі Юлію Цімашэнку, фактычна ні за што, за палітычныя рашэньні. Так, былі нейкія крымінальныя справы. Аднак дыктатуры ў літаральным сэнсе пры Януковічу не было. І нават такая «лайт-дыктатура», самы аблегчаны яе варыянт, выклікала масавыя пратэсты, і ўрэшце Януковіча зьмялі — «гэць».

Партрэты тых, хто загінуў у лютым 2014-га

Партрэты тых, хто загінуў у лютым 2014-га

Пры гэтым, лічыць Віктар Уколаў, палітычнае самазабойства Віктар Януковіч прысьпешыў сам: каб у лістападзе 2013-га пагадненьне аб эўраасацыяцыі Ўкраіны было падпісанае, хутчэй за ўсё, ягоная «лайт-дыктатура» кіравала б і па сёньня:

«Хутчэй за ўсё, далі б шанец. Як паліттэхноляг, лічу: пратэсты пачынаюцца не тады, калі людзям цяжка, яны пачынаюцца, калі нешта далі, а потым забралі. Так званы псыхалягічны сындром непадмацаванай ярасьці. Людзі абураюцца, калі адбіраюць штосьці, што яны разьлічвалі мець. „Партыя рэгіёнаў“ цягам 2013 году патраціла значны фінансавы і арганізацыйны рэсурс на тое, каб пераканаць украінцаў у неабходнасьці асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам і далейшым там сяброўствам. Былі надрукаваныя сотні артыкулаў у цэнтральнай, абласной, нават раённай прэсе пра тое, што такое Эўрапейскі суд, што такое эўрапейская сацыяльная абарона, як у Эўропе знайсьці працу, як там разьвіваецца бізнэс і працуе падатковая сыстэма. Мы залазілі ў такія дэталі, што ўкраінцы сталі найлепшымі экспэртамі па Эўропе, пачалі ведаць яе лепш, чым самі эўрапейцы. І гэта дзякуючы „Партыі рэгіёнаў“, якая патраціла на гэта грошы і высілкі».

Адміністрацыйныя будынкі дагэтуль пад узмоцненай аховай

Адміністрацыйныя будынкі дагэтуль пад узмоцненай аховай

Паводле кіеўскага паліттэхноляга, шанцы не дапусьціць Майдану былі нават пры такім павароце падзеяў. Але, заблытаўшыся ў палітычных вэктарах і пачаўшы браць «крэдытныя падачкі» ад Масквы, атачэньне Януковіча пачало рабіць памылку за памылкай:

«Каб вы разумелі: мы былі настолькі перакананыя, што найбліжэйшым часам зробім крок да Эўропы, што іншыя варыянты не разглядаліся. Мая ўжо нябожчыца бабуля, якой было 95 гадоў, тэлефанавала мне і казала: „Віця, я ўжо хутка памру, але ж глядзі не забудзь нумары на машыне памяняць, эўрапейскія ж іншыя, не такія, як нашы...“ 95-гадовая бабуля не сумнявалася! І раптам Азараў заяўляе: ні да якой Эўропы ніхто ня йдзе.

Я быў 21 лістапада на Майдане. Спачатку нас было 2 тысячы, абураных, што ў нас бессаромна забіраюць мару. Ну, а далей улада пачала рабіць памылку за памылкай: ня трэба было разганяць студэнцкі Майдан, ня варта было намагацца разьяднаць „дарослы“ Майдан 11 сьнежня. Усё магло згаснуць самой сабой. Замест гэтага атрымалі народнае абурэньне, якое вынікала з разуменьня: у нас забралі тое, што мы лічылі сваім. Дык вось, адказваючы на пытаньне, — каб Януковіч не замінаў і працягнуў курс да Эўропы... Думаю, ён і цяпер быў бы прэзыдэнтам, дагэтуль існавала б яго „лайт-дыктатура“. Але Гасподзь распарадзіўся інакш, і людзі выйшлі».

Крыж па ахвярах расстрэлаў насупраць гатэля «Ўкраіна»

Крыж па ахвярах расстрэлаў насупраць гатэля «Ўкраіна»

«Ніколі не ішлі па Крашчаціку тысячы з каўбаснымі лёзунгамі»

Віктар Уколаў акцэнтуе ўвагу на тым, што ўсе вялікія народныя забурэньні ва Ўкраіне грунтаваліся не на патрабаваньні матэрыяльнага дабрабыту, а на жаданьні годнага жыцьця:

«Рэвалюцыя годнасьці адбылася ня з той прычыны, што мы пагана жывём. Калі ўкраінцам дрэнна, яны на вуліцу не выходзяць, выходзяць тады, калі ім штосьці далі, а потым гэта штосьці забралі. У гісторыі незалежнай Украіны не было буйных масавых пратэстаў з матэрыяльных прычын, акрамя дэманстрацыяў — у сярэдзіне 1990-х шахтары выходзілі з патрабаваньнем заробку. Гэта іншае. Матэрыяльная нястача не выводзіла ўкраінцаў на масавыя акцыі, ніколі не ішлі па Крашчаціку дзясяткі тысяч з каўбаснымі лёзунгамі. Тым ня меней, упершыню 150 тысяч маладых людзей выйшлі на Крашчацік у 1990 годзе. Мы, тады яшчэ студэнты, патрабавалі скасаваньня 6-га артыкула Канстытуцыі з роляй КПСС, большай самастойнасьці для Ўкраіны, адмены марксісцка-ленінскіх дысцыплінаў у ВНУ і каб нашы хлопцы не служылі ў іншых рэспубліках. Ніякіх матэрыяльных патрабаваньняў. 150 тысяч студэнтаў за стыпэндыю не пайшлі б ніколі».

Пакуль удзельнікі Рэвалюцыі годнасьці залечвалі раны, здарылася новая навала: Расея высадзіла «ветлівых людзей» у Крыме, а неўзабаве ад Украіны была «адрэзаная» значная частка прамысловага Данбасу. Тысячы добраахвотнікаў рушылі на фронт проста з Майдану, а тылавікам давялося асвойваць стратэгію інфармацыйнай вайны. У абодвух выпадках украінская тактыка мае абарончы характар, хоць, на думку Віктара Ўколава, ня варта ўвесь час адседжвацца ў акопах:

«Мы не напалі на Расею, але, адбіваючы атакі расейцаў, не выходзім на іх тэрыторыю, вядзём вайну абарончага характару. Нават калі баі ішлі каля мяжы, нашым вайскоўцам забаранялі страляць у бок кардону. Штосьці падобнае адбываецца і ў інфармацыйнай вайне. Украінцы не вядуць вайну ў расейскай мэдыйнай ці інтэрнэт-прасторы. Можа, і дзіўна прагучыць, але дагэтуль ва Ўкраіне не існуе Інстытуту Расеі. Мы не вывучаем Расею, хоць вядзём зь ёй вайну. Я лічу, што гэта абсалютна няправільна, бо мы павінны разьбірацца ў расейскай палітыцы, павінны працаваць на полі нашага праціўніка, а ня толькі на сваім».

Інфармацыйныя матэрыялы пра данбаскіх сэпаратыстаў

Інфармацыйныя матэрыялы пра данбаскіх сэпаратыстаў

«Каб прайгравалі, не было б эканамічных санкцыяў супраць Расеі»

Разам з тым, кажа суразмоўца, нават інфармацыйны супраціў дае свае вынікі. Пацьверджаньнем таму — шырокая міжнародная блякада краіны-агрэсара:

«Інфармацыйная вайна Ўкраіны не вядзецца наўпрост у Расеі, але ідзе распаўсюд праўдзівых зьвестак у самой Украіне і ў сьвеце. І вось у гэтым мы больш-менш выйграем. Бо каб прайгравалі, не было б эканамічных санкцыяў ЗША і Эўразьвязу супраць Масквы. Як бы расейцы ні былі эфэктыўныя з Russia Today ды іншымі сваімі рупарамі ўплыву, супрацьстаяць праўдзе яны ня здольныя. Усе прарасейскія экспэрты казалі, што санкцыяў ня будзе ўжо ў студзені 2015-га. Год мінуў, санкцыі працягнулі на паўгода. Летам яны сьцьвярджалі, што гэта дакладна апошняе падаўжэньне. Але памянеце маё слова — іх зноў працягнуць на паўгода. І гэта найлепшы вынік інфармацыйнай вайны, бо нават пры шалёных укладаньнях расейцы ня могуць дамагчыся роўна нічога».

Выглядае, што Рэвалюцыя годнасьці яшчэ больш аддаляе ўкраінцаў ад астатніх постсавецкіх славянаў. Народжаная падчас Майдану песьня «Никогда мы не будем братьями» найлепш перадае настроі ў грамадзтве, дзе за арыенцір узятыя каштоўнасьці дэмакратыі і асабістых свабодаў. І расейцы, і беларусы пакуль аддаюць перавагу іншаму рэпэртуару:

Ушанаваньне найгалоўнейшых каштоўнасьцяў — свабоды і годнасьці

Ушанаваньне найгалоўнейшых каштоўнасьцяў — свабоды і годнасьці

«Украінцы маюць такі характар, што самі павінны ўсё спраўдзіць, не спадзеючыся на вышэйшых кіраўнікоў, — падсумоўвае палітычны блогер Віктар Уколаў. — То бок, цалкам давяраюць толькі сабе, і тое не заўсёды. Гэта такая нацыянальная адметнасьць. Не зважаючы на тое, што ўкраінцы і беларусы — два найбліжэйшыя народы, нашы мовы найбольш падобныя і мы можам размаўляць безь перакладчыка — гэтая асаблівасьць мае найперш псыхалягічны характар. Пэўна, вы яе адчуваеце, калі прыяжджаеце ва Ўкраіну...»

———————————————

Віктар Уколаў нарадзіўся ў 1968 годзе ў горадзе Драгобычы Львоўскай вобласьці. Скончыў Нацыянальны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Драгаманава. У кастрычніку 1989-га разам з Алесем Доніем і Вячаславам Кірыленкам стаў сузаснавальнікам Украінскага студэнцкага саюзу, арганізоўваў «рэвалюцыю на граніце» 1990 году. Супрацоўнічаў з Украінскай службай Радыё Свабода, Бі-Бі-Сі ды іншымі мэдыямі. Быў адным зь вядоўцаў першага палітычнага ток-шоў на ўкраінскім тэлебачаньні «П’ятий кут», таксама вёў праграмы «Параграф» і «Щотижня».

Двойчы кіраваў выбарчым штабам народнага дэпутата Сяргея Цярохіна, быў прэс-сакратаром сьпікера Вярхоўнай Рады Івана Плюшча. Ад 2006-га — у штабе Юліі Цімашэнкі, адказваў за вытворчасьць тэлевізійных ролікаў, плякатаў, білбордаў, улётак. На датэрміновых парлямэнцкіх выбарах 2007 году абраны ў Вярхоўную Раду па сьпісе БЮТ (№ 147).

Пасьля заканчэньня кадэнцыі ў парлямэнце звольніўся з цэнтральнага штабу «Бацькаўшчыны». Спэцыялізуецца на паліттэхналёгіях.

Жанаты. Бацька чатырох дзяцей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG