Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выжыць у Расеі з дыягназам ВІЧ. Вялікае інтэрвію з Паўлам Лабковым


Павел Лабкоў

Павел Лабкоў

Роўна год таму, у Сусьветны дзень барацьбы са СНІДам, вядучы расейскага тэлеканалу «Дождж» Павел Лабкоў у жывым эфіры абʼявіў, што інфікаваны ВІЧ. Людзей, што раскрылі свой дыягназ, у Расеі ня шмат, і сам Лабкоў нікога не заклікае паўтараць ягоны ўчынак.

Праз год у інтэрвію тэлепраекту Радыё Свабода «Настоящее время» ён расказаў, якой была рэакцыя грамадзтва, і што гэта такое — жыць у Расеі з дыягназам «ВІЧ-пазытыўны».

— Шматлікія інфікаваныя вельмі баяцца стыгматызацыі і хаваюць свой статус. Амаль год таму вы сталі, напэўна, самым вядомым у Расеі чалавекам, які абвясьціў аб сваім статусе. Што прымусіла вас так паступіць? Ці было гэта складана для вас?

— Ну, была сума абставінаў, якія мяне да гэтага падштурхнулі. Па-першае, проста набліжалася 1 сьнежня і я, як журналіст, павінен быў удзельнічаць у нейкім групавым інтэрвію з галоўным лекарам, які займаецца праблемамі ВІЧ.

У мяне ўзьнікла дылема: я буду удаваць зь сябе журналіста такога ці я буду сумленны з сам сабой і зь людзьмі, таму што гэты лекар калісьці быў тым самым лекарам, які расказаў мне пра мой дыягназ і які суправаджаў мяне як лекар у першыя гады пасьля таго, як я быў інфікаваны. Таму я вырашыў, што я да яго зьвярнуся ня як да абʼекта інтэрвію, але як да лекара, такім чынам, ня робячы адмысловы акцэнт на нейкім камінг-аўце: я прыйшоў, хачу сказаць. Таму што ўсё ж такі гэта момант сумленнасьці, і ў гэтым ёсьць цалкам выразная ўстаноўка.

Большасьць людзей, паглядзеўшы разнастайныя савецкія фільмы, усялякія ролікі, уяўляюць сабе чалавека, у якога ВІЧ, як нешта накшталт Тома Хэнкса зь фільму «Філядэльфія» або «Даласкі клюб пакупнікоў». Гэта фільмы пра 80-я гады. Самы распаўсюджаны фільм — «Гадзіньнік», дзе чалавек, у якога ВІЧ-інфэкцыя, такі змарнелы, з плямамі на твары, ужо амаль паўтруп. І важна было паказаць, што ёсьць людзі, якія да трупаў не падобныя, больш за тое, цалкам нават з вагой (хацелася б, можа, нават і схуднець), і што з гэтым можна жыць.

Гэта ні ў якім разе не было правакацыяй для таго, каб іншыя людзі, у якіх ёсьць пазытыўны ВІЧ-статус, ішлі і паўтаралі мае экспэрымэнты. ВІЧ-статус павінен быць адкрыты, перш за ўсё, для самога чалавека, для гэтага яму трэба здаць аналіз. ВІЧ-статус, напэўна, павінен быць адкрыты для бліжэйшых сваякоў і сяброў, каб яны ведалі, што з гэтым чалавекам адбываецца і як зь ім размаўляць. Але ВІЧ-статус не павінен быць адкрыты для калег, яшчэ для кагосьці. Гэта рэч абсалютна прыватная, кожны чалавек сам мае права вырашаць, да якой ступені яму раскрывацца.

Але для сябе — так, статус павінен быць адкрыты, ён павінен быць адкрыты, усьвядомлены, і чалавек павінен быць гатовы лячыцца адзіным прымальным спосабам, а менавіта прымаючы антырэтравірусную тэрапію. Усе іншыя спосабы: адмаўленьне таго, што вірус імунадэфіцыту чалавека выклікае СНІД, у рэшце рэшт, альтэрнатыўныя ўсякія мэтады... Толькі ўчора мне даволі паважаны мною хлопец, дэпутат піцерскага Заканадаўчага сходу даслаў спасылку на нейкага фізыка, які пры дапамозе нейкіх прамянёў сьвятла лечыць ВІЧ, і ў яго пацыенты, як ён сам піша ў сваім інтэрвію, не прымаюць мэдыкамэнты. Гэта крымінальнае злачынства, ён падштурхоўвае людзей да крымінальнага злачынства.

Трэба пазначыць, што ёсьць праблемы, ёсьць статус, чалавек павінен сам яго ўсьвядоміць, магчыма, знайсьці тых блізкіх людзей, якія яго зразумеюць, давяраць афіцыйнай мэдыцыне ў гэтым сэнсе і афіцыйнай фармакалёгіі, вось толькі для гэтага, больш ні для чаго. Але калі я гэта зрабіў, да мяне пасыпаліся шматлікія лісты разнастайнага зьместу, два ці тры было, што ты гнойны підар, сьпідозьнік і г.д. Такіх пасланьняў было два-тры, а пераважна былі пасланьні падтрымкі. І вельмі шмат было пытаньняў, я стаў на іх адказваць, гэта я называў сваім начным служэньнем, бо прыходжу з працы, саджуся за кампутар, адкрываю, а там у мяне вотсап, вайбер, фэйсбук. Карацей, усё, што існуе, усё было завалена нейкімі тысячамі пытаньняў.

— Ці можна сказаць, што стыгматызацыя і грамадзкае недастатковае разуменьне ВІЧ моцна перашкаджае барацьбе з ВІЧ у Расеі?

— Я ня ведаю нічога з нагоды стыгматызацыі, таму што якраз адной з мэтаў майго камінг-аўту была барацьба з гэтай стыгмай, таму што вось паглядзіце, я перад вамі сяджу — якая на мне стыгма? Для стыгмы павінны быць нейкія падставы. Чалавек павінен быць, ня ведаю, у сутаргах курчыцца, пенай зыходзіць, у плямах сядзець. Але ён не сядзіць у плямах, цалкам уцямна разважае. Гэта значыць, са стыгмай можна змагацца толькі дзеяньнем.

Мы зараз здымаем сэрыю ролікаў са СНІД-цэнтрам, якім кіруе Антон Красоўскі, усе ролікі будуць зь людзьмі, якія шчасьліва жывуць, маючы ў сабе ДНК-копіі гэтага віруса. Не РНК у крыві — часьцінкі, якія могуць заразіць. Людзі знаходзяцца на тэрапіі, маюць у сваім арганізьме ДНК-копіі гэтых вірусаў. Яны нікуды ня рухаюцца, у адрозьненьне ад вірусных часьцінак. Там людзі і зь семʼямі, і з бойфрэндамі, я маю на ўвазе хлопчыкі з бойфрэндамі, хлопчыкі з дзяўчынкамі, гетэрасэксуальныя семʼі, адзінокія маладыя людзі, у якіх ёсьць бацькі, і бацькі ў курсе. Ёсьць куча станоўчых прыкладаў.

Я сустракаў пару страшных прыкладаў у гэтай жа перапісцы. Адзін з хлопцаў мне сказаў, што ён ведае, хто яго заразіў, і ён яго замовіў нейкаму падмаскоўнаму бандыту. Але той перастараўся, і хлопец ляжыць у коме, ён цяпер гародніна, але будзе ведаць, за што ён пакараны. Ну, у такіх выпадках мне складана, я ж не магу яго здаць у паліцыю. Але ў такіх выпадках у мяне ўзьнікае пытаньне: а адкуль такая ўпэўненасьць, што менавіта той чалавек заразіў? Такой упэўненасьці ня можа быць ніколі, таму што ўсё наша жыцьцё складаецца зь нейкага ланцужка верагоднасьцяў. Ёсьць верны муж, ёсьць верная жонка, некалі гэты муж недзе ў камандзіроўцы з кімсьці сустрэўся адзін раз...

Наогул ВІЧ даволі малаінфэкцыйны вірус, ён гіне пры тэмпэратуры 40 градусаў, ён у навакольным асяродзьдзі не жыве, на ручніках, на зубных шчотках не жыве. Гепатыт Б збольшага жыве, гэты не жыве наогул. У яго ня вельмі высокая пранікальная здольнасьць, не такая, як, дапусьцім, у віруса грыпу. Грып наогул проста вельмі добра заразны. Гэта мэтафізыка, вось так атрымалася, вось недзе некалі ён атрымаў гэты вірус імунадэфіцыту. Можа быць, гэта было іншым разам, а можа гэта было 15 гадоў таму. З дакладнасьцю вызначыць, хто вінаваты, і сказаць: «А вось гэты чалавек мяне заразіў СНІДам» — гэта таксама ілжывая паліцэйская пастаноўка пытаньня, якая яшчэ вядзе да таго, што кожны, хто атрымаў інфэкцыю, яшчэ становіцца Эркюлем Пуаро, які пачынае вышукваць, марнаваць на гэта ўсе душэўныя сілы.

Супраць гэтага таксама павінна быць накіравана прапаганда, што гэта твой цяпер ВІЧ, табе зь ім жыць — не яму, не камусьці, а табе зь ім жыць. Ня ты прылада помсты ў руках Гасподніх. Ты дай рады свайму вірусу, раскрый свой статус для сябе самога. Гэта галоўны мэсыдж. Навучыся зь ім жыць, і ніхто, акрамя цябе, не адказвае за гэта. Я не хачу казаць слова «вінаваты». Вінаваты ва ўсім вірус. Такі ж вірус, як вірус грыпу, такі ж вірус, як вірус, ня ведаю, якой-небудзь леўкеміі, яшчэ чагосьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG