Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фідэль — прэзыдэнту ЗША: Дзядзька, дай 10 баксаў!


У лістападзе 1940 году ў Белым доме атрымалі ліст з Кубы. Чатырнаццацігадовы школьнік з Санцьяга-дэ-Куба віншаваў прэзыдэнта Рузвэльта з пераабраньнем, называў яго «мой дарагі сябра» і па-сяброўску прасіў: «Калі Вам ня цяжка, дашліце мне, калі ласка, 10-даляравую банкноту. Яе яе ніколі ня бачыў, але вельмі б хацеў мець. Ваш сябар».

Неўзабаве хлопчыку прыйшоў адказ, падпісаны супрацоўнікам прэзыдэнцкай адміністрацыі. Ліст чытала ўся школа, яго нават павесілі на шыльду — але 10-даляравай банкноты ў канвэрце не было.

Цяпер ужо ніхто не даведаецца, ці быў хлопчык расчараваны сквапнасьцю вашынгтонскіх дзядзькаў, і калі быў, дык як моцна. Зусім магчыма, што калі б супрацоўнікам Белага Дому, і тым больш самому Рузвэльту, удалося зазірнуць у не такую ўжо і далёкую — гадоў на 20 — будучыню, дык кубінскі школьнік атрымаў бы не адну і ня дзьве банкноты. І не пакрыўдзіўся б на амэрыканскіх дзядзькаў і на Амэрыку.

А магчыма — дзіцячая крыўда ні пры чым, і адказ на ліст Фідэля Кастра, які некалькі гадоў таму адшукалі супрацоўнікі амэрыканскага Архіўнага ўпраўленьня, ня мае ніякага дачыненьня да антыамэрыканскіх настрояў будучага палымянага камандантэ і лідэра кубінскай рэвалюцыі.

Ва ўсялякім разе, з узростам Кастра навучыўся атрымліваць за сяброўства ня нейкія там дзесяць, а дзясяткі мільярдаў даляраў. Праўда, не ў Вашынгтона, а ў Масквы.

Пару гадоў таму прайшла інфармацыя, што прэзыдэнт Расеі Пуцін прабачыў Кастра 32 мільярды даляраў з агульнай сумы 35,5 мільярдаў, узятых у пазыку яшчэ ў савецкія часы.

Такім чынам, адна толькі Куба каштавала — не, не Крамлю, а савецкім людзям — тры з паловай дзясяткі мільярдаў даляраў. У апублікаваных дзёньніках Анатоля Чарняева, былога намесьніка загадчыка Міжнароднага аддзелу ЦК КПСС, а потым памочніка генэральнага сакратара, зафіксаваная рэпліка Міхаіла Гарбачова, сказаная ў «вузкім коле»: «Дапамога розным „сябрам“ каштавала нам 90 мільярдаў даляраў».

Цяжка вызначыць сёньняшнюю вартасьць гэтых 90 мільярдаў, бо даляр 1966 году — гэта не даляр году 2016-га, за паўстагодзьдзя інфляцыя даляр моцна пакусала. Але лёгка падлічыць, колькі кожны з 293 мільёнаў (на 1991 год) савецкіх людзей «выдаткаваў» на дапамогу «сябрам»: на чалавека прыпадае па 300 даляраў. На сям’ю з чатырох чалавек — 1200.

Можна сказаць, што пры афіцыйным курсе 64 капейкі за даляр гэта менш, чым сярэдні гадавы заробак савецкага «ітээра» (інжынэрна-тэхнічнага работніка). Зь іншага боку, выходзіць, што гэты самы работнік некалькі месяцаў быў вымушаны працаваць на далёкіх «сяброў».

А можна палічыць па-іншаму. У 1970-х гадах савецкі аўтамабіль «Масквіч» за мяжой прадавалі за гэтыя самыя 1200 даляраў («Жыгулі» каштавалі даражэй, «Запарожац» (у экспартным варыянце «Ялта») — таньней).

І тады атрымліваецца, што кожная савецкая сям’я выдаткавала на сьветлую ідэю перамогі кубінскай, ангольскай ды розных іншых рэвалюцый — аўтамабіль.

Яно, канешне, для сяброў — не шкада.

Шкада, што значная частка невядомых далёкіх сяброў як жыла, гэтак і працягвае жыць у жабрацтве.

Так бывае, калі разьлічваеш толькі на сьветлую ідэю ды дапамогу далёкага дзядзькі — ці з Масквы, ці з Вашынгтону.

...А ўсё ж — дарэмна не даслалі маленькаму Фідэлю 10-ці даляравую банкноту. Гісторыя магла б прайсьці па-іншаму. Як мінімум — для больш як дзясятка мільёнаў кубінцаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG