Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць вучэньні ва Ўкраіне спрычыніць новы расейска-украінскі канфлікт


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч.

Гурневіч: Узброеныя сілы Ўкраіны распачалі 1 сьнежня двухдзённыя вучэньні з ракетнымі выпрабаваньнямі на Херсоншчыне, недалёка ад акупаванага Расеяй Крыму.

Начальнік прэс-цэнтру паветранага камандаваньня «Поўдзень» Уладзімер Крыжаноўскі заявіў, што «ўкраінскія вайскоўцы гатовыя да якога заўгодна разьвіцьця падзеяў». Ён дадаў, што Ўкраіна нічога не парушае правядзеньнем вучэньняў і нават ніяк не закранае Крыму: ракеты наблізяцца да ягонай паветранай прасторы максымум на 30 км.

Расейскае Міністэрства абароны жорстка адрэагавала на анонс вучэньняў: яно разьмясьціла паведамленьне пра захады ў адказ. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў пацьвердзіў расейскай газэце «Ведомости», што Расея будзе зьбіваць украінскія ракеты, калі «ад іх будзе сыходзіць небясьпека».

У адказ сакратар СНБА Аляксандр Турчынаў папрасіў Расею не панікаваць з-за ракетных стрэльбаў Украіны. Ён падкрэсьліў, што ракетныя выпрабаваньні Ўкраіна будзе праводзіць згодна з усімі міжнароднымі абавязацельствамі і дамовамі ў сваёй сувэрэннай паветранай прасторы.

Уявіце, што НАТО ў адказ на на прыбыцьцё ў Беларусь тысяч вагоннай расейскай вайсковай тэхнікі для вучэньняў «Захад 2017» заявіць, што будзе расстрэльваць гэтыя аб’екты, калі яны наблізяцца да мяжы.

Рэакцыю Расеі цяжка зразумець на рацыянальным узроўні. Уявіце, што НАТО ў адказ на на прыбыцьцё ў Беларусь тысяч вагоннай расейскай вайсковай тэхнікі для вучэньняў «Захад 2017» заявіць, што будзе расстрэльваць гэтыя аб’екты, калі яны наблізяцца да мяжы. Нельга такога ўявіць.

Краіна, якая акупавала Крым — частку тэрыторыі Ўкраіны, падтрымлівае ўзброены канфлікт на Данбасе, пастаянна парушае паветраную прастору краін НАТО і праводзіць бясконцыя вучэньні з сымуляцыяй атамнага ўдару на Польшчу альбо вайсковых апэрацый у эўрапейскіх гарадах, прадʼяўляе прэтэнзіі да суседзяў. У Крамлі цудоўна ведаюць і разумеюць, што ўкраінцы ня будуць парушаць іх паветраную прастору, бо Кіеў не самагубца, каб абвяшчаць вайну Расеі.

Масква сваёй рыторыкай забівае двух зайцоў. Пераводзіць стрэлкі, што, маўляў, гэта ўкраінцы ня могуць супакоіцца, і што ўсім мроіцца вяртаньне Крыму. А заадно расейцы атрымаюць дзяжурную тэму для абмеркаваньня. Ну, не пра крызыс жа ўвесь час ім гаварыць. Крамлю выгадны гэты канфлікт. Калі не прамы, то, прынамсі, павышэньне градусу эмоцый, абвінавачваньняў і пагрозаў.

Глод: Я найперш зьвярнуў увагу на розную танальнасьць Масквы і Кіева ў ацэнцы падзеяў. Гэта будзе «пародыя на вучэньні», ва ўкраінцаў няма неабходных тэхнічных сродкаў, упэўнены генэрал-лейтэнант Біжаў. І гэтую думку распаўсюджваюць расейскія СМІ. Калі сьцьверджаньне генэрала сапраўды такое, дык, здаецца, навошта тады расейскаму боку так хвалявацца, пагражаць зьбіваць украінскія ракеты. Калі гэта сапраўды «пародыя», дык сьмейцеся, весяліцеся, як гэта звычайна бывае пры пародыях.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава ўжо сказала, што дзеяньні Кіева «нацэленыя на эскаляцыю канфлікту паміж Украінай і Расеяй»:

«Вельмі падобна на тое, што гэта правакацыя, каб у чарговы раз выставіць сябе ў якасьці ахвяры, якую павінны пашкадаваць зараз ужо новыя людзі, новы істэблішмэнт, новы афіцыёз, і тым самым падоўжыць, пралянгіраваць заступніцтва, у тым ліку ў асобе ЗША».

Ну, гэта яшчэ куды не ішло. Сапраўды, у ЗША зараз новая адміністрацыя, новая ўлада. Дый думка зразумелая: сама па сабе Ўкраіна, маўляў, нічога не ўяўляе, таму ёй так патрэбна падтрымка Дональда Трампа.

Але вось, што далей гаворыць спадарыня Захарава:

Мая думка такая: гэта — звычайныя вайсковыя вучэньні. І калі б яны адбываліся гады тры-чатыры таму, калі пры ўладзе яшчэ быў Віктар Януковіч, у Маскве на іх, найхутчэй, проста не зьвярнулі б увагі.

«І, вядома, новы віток ускладненьня канфліктнай сытуацыі патрэбен Кіеву для таго, каб адцягнуць увагу ад пагаршэньня палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага крызысу ў гэтай краіне».

Уражаньне такое, што гэты сказ перапісаны з архіваў Міністэрства замежных спраў яшчэ Савецкага Саюзу. Толькі тады, канечне, не пісалі, што гэта патрэбна Ўкраіне, бо Ўкраіна была савецкай. А пісалі — нейкай канкрэтнай краіне Захаду, альбо ўсяму Захаду наагул.

З гэтых выказваньняў бачна, што нават Расея ня бачыць у трэніроўках украінскіх вайскоўцаў сапраўднай пагрозы. Але трэба нешта казаць, трэба рабіць выгляд, што Ўкраіна — агрэсар. Вось так і зьяўляюцца падобныя заявы.

Куды больш стрымана вядзе сябе ўкраінскі бок. Дзьмітры Гурневіч ужо казаў пра стрыманую рэакцыю кіраўніка прэсавага цэнтру паветранага камандаваньня «Поўдзень» Украіны Ўладзімера Крыжаноўскага. Я дадам да гэтага выказваньне камандаваньня паветраных сілаў Украіны. Яно заяўляе, што Ўкраіна нічога не парушае, што непасрэднае месца правядзеньня пускаў цалкам выключае любую пагрозу для жыхароў Крыму. У гэтым паведамленьні таксама адзначана, што прынятыя ўсе захады бясьпекі для правядзеньня практычнай фазы выпрабаваньняў, пралічаныя рызыкі, якія могуць узьнікаць падчас выпрабаваньняў.

Карацей, мая думка такая: гэта — звычайныя вайсковыя вучэньні. І калі б яны адбываліся гады тры-чатыры таму, калі пры ўладзе яшчэ быў Віктар Януковіч, у Маскве на іх, найхутчэй, проста не зьвярнулі б увагі.

Карбалевіч: Зьвярнуў бы ўвагу на два чыньнікі. Перамовы міністраў замежных спраў «нармандзкай чацьвёркі» (Расеі, Украіны, Францыі, Нямеччыны) у Менску, як і чакалася, закончыліся без асаблівых вынікаў. Што пацьвярджае думку, што сёньня ўсёабдымнае палітычнае ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе немагчымае. Занадта вялікі разрыў у пазыцыях Расеі і Ўкраіны. Таму аптымальным і рэалістычным варыянтам цяпер была б сытуацыя «замарожанага канфлікту», захаваньня статус-кво. І для Ўкраіны гэта ня самы кепскі варыянт, бо пакуль не ўрэгулявана сытуацыя на Данбасе, заходнія санкцыі супраць Расеі захоўваюцца.

Міжнародная сытуацыя цяпер разьвіваецца на карысьць Расеі. Што ў гэтай сытуацыі рабіць Украіне? Трэба неяк прыцягнуць увагу да сябе, да свайго канфлікту з Расеяй.

Між тым, міжнародная сытуацыя цяпер разьвіваецца на карысьць Расеі. Новы амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп выказвае жаданьне нармалізаваць адносіны з РФ, адкінуўшы ў бок украінскае пытаньне. У Францыі на прэзыдэнцкіх выбарах два найбольш верагодныя пераможцы выступаюць за скасаваньне санкцый супраць Расеі. Вось прэзыдэнт Украіны Парашэнка, выступаючы ў парлямэнце, не выключае, што пасьля выбараў у шэрагу эўрапейскіх краін да ўлады могуць прыйсьці прарасейскія палітычныя сілы, і тады пытаньне захаваньня санкцыяў супраць Расеі стане сапраўдным выпрабаваньнем.

Што ў гэтай сытуацыі рабіць Украіне? Трэба неяк прыцягнуць увагу да сябе, да свайго канфлікту з Расеяй. Вось гэтыя вучэньні недалёка ад Крыму, запускі ракет, павінны неяк выканаць гэтую задачу. І гэта выклікала адпаведную рэакцыю Расеі. Яна адрэагавала ў сваім стылі. Іншага і чакаць, мусіць, ня варта было. Сытуацыя вакол канфлікту, сапраўды, стала ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасьці. Ну, і вось зьявілася апошняя інфармацыя, што Ўкраіна адсунула раён ракетных вучэньняў ад Крыму, што дае спадзяваньне, што гэта ня выкліча новага ўзброенага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG