Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Міжнародны дзень барацьбы за адмену рабства


Беларусь у глябальным індэксе рабства

Беларусь у глябальным індэксе рабства

Падзеі 2 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

2 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за адмену рабства. У гэты дзень у 1949 годзе ААН прыняла «Канвэнцыю аб барацьбе з гандлем людзьмі».

Таксама ў гэты дзень

1591 — у Менску было створана брацтва мэталаапрацоўчых рамёстваў — першае цэхавае ўтварэньне ў сучаснай беларускай сталіцы. Наступнымі будуць кравецкі, шавецкі, злотніцкі, рымарскі, цырульніцкі ды іншыя цэхі.

1766 — Швэцыя першай у сьвеце ўвяла пастанову аб свабодзе друку.

1804 — Напалеон Банапарт абвясьціў сябе імпэратарам Францыі.

1805 — параза расейскіх і аўстрыйскіх войскаў пры Аўстэрліцы ад войска Напалеона.

1936 — польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Таварыства беларускай школы (ТБШ). Арганізацыя імкнулася распаўсюджваць асьвету сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асьвету наогул.

Гурток ТБШ у Міры

Гурток ТБШ у Міры

1942 — Энрыка Фэрмі атрымаў першую кантраляваную ланцуговую ядзерную рэакцыю.

1971 — узьнікла дзяржава пад назвай Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У дзяржаву аб’ядналіся сем манархіяў рэгіёну Пэрсыдзкай затокі.

1992 — адпраўлена першае SMS-паведамленьне.

У гэты дзень нарадзіліся

1612 — Януш Крыштаф Радзівіл, вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

1923 — Аляксандар Якаўлеў, савецкі і расейскі палітычны дзеяч, «архітэктар перабудовы».

1934 — Васіль Несьцярэнка, беларускі навуковец, член-карэспандэнт АН Беларусі, дырэктар Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі.

1954 — Андрэй Смаляк, беларускі мастак, кавалер срэбранага мэдаля Эўрапарлямэнту за ўнёсак у разьвіцьцё эўрапейскага мастацтва.

1946 — Джані Вэрсачэ, італьянскі мадэльер.

1958 — Уладзімер Парфяновіч, беларускі вясьляр, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён.

1962 — беларускі футбаліст Аляксандар Зыгмантовіч.

1981 — Брытні Сьпірс, амэрыканская сьпявачка.

У памяці

1547 — у самоце памёр Эрнан Картэс, гішпанскі канкістадор, заваёўнік Мэксыкі.

1814 — ня стала маркіза дэ Сада, францускага пісьменьніка.

1859 — памёр Джон Браўн, амэрыканскі барацьбіт за адмену рабства.

Што будзе

У Гомелі працягнецца разгляд пазову сябра АГП і былога афіцэра міліцыі Ўладзімера Няпомняшчых да трох амапаўцаў — маёра міліцыі Сяргея Лукʼянцава, прапаршчыкаў Ігара Ючко і Міхаіла Аленічава. Няпомняшчых абвінавачвае амапаўцаў у лжэсьведчаньні і патрабуе спагнаць зь іх па адной капейцы.

Кіно і мастацтва

Кінафэстываль «Чалавечая годнасьць, роўнасьць, справядлівасьць»

На працягу фэстывалю з 1 па 10 сьнежня менскія гледачы змогуць паглядзець стужкі пра чалавека і ягоную годнасьць, барацьбу за шчасьце, нягледзячы на абставіны. У межах кінафэсту 2 сьнежня будзе прадстаўлены фільм пра найбуйнейшую турму Бразыліі — «Карандзіру».

Менск, кінатэатар «Перамога» (Інтэрнацыянальная вул., 20).
Пачатак у 19:00.
Уваход вольны.

Акцыя «Захаваць мастацтва»

У межах акцыі ўваход у сталічныя музэі па пятніцах будзе вольны. Без квітка можна будзе наведаць Нацыянальныя мастацкі і гістарычны музэі, «Галерэю ДК», а таксама Музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Акцыя працягнецца да 30 сьнежня.

Канцэрты

Прэзэнтацыя альбому Кацярыны Ваданосавай

Беларуская музыка, паэтка і фотамадэль Кацярына Ваданосава прэнтуе 2 сьнежня альбом «Мітатворчасьць». У альбоме Ваданосава выступіла як сьпявачка, мультыінструмэнталістка, аўтарка тэкстаў і музыкі.​

Менск, арт-цэнтар «Грай» (Інтэрнацыянальная вул., 33).
Пачатак у 19:00.
Уваход вольны.

Канцэрт украінскага гурту «Колір»

Украінскі гурт «Колір» працягвае свае гастролі па Беларусі і выступіць 2 сьнежня ў Магілёве. Напрыканцы лета музыкі з Адэсы выдалі альбом «Хто, як не ми».

Магілёў, цэнтар «Кола» (зав. Чкалава, 16).
Пачатак а 20:00.
Уваход вольны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG