Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі дэпутат, якога падазраюць у дзяржаўнай здрадзе, кажа, што перадаў ЗША кампрамат на Парашэнку


Аляксандр Анішчанка
Аляксандр Анішчанка

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандр Анішчанка заяўляе, што перадаў спэцслужбам ЗША кампрамат на прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку.

«Перадаў. Амэрыканскім спэцслужбам 29 лістапада. Яны прыляталі да мяне ў Эўропу», — адказаў Анішчанка сёньня на пытаньне «Ўкраінскай праўды», ці перадаваў ён гэты кампрамат камусьці.

Пакуль што пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь іншых крыніц няма, у Адміністрацыі прэзыдэнта гэтую заяву Анішчанкі не камэнтавалі.

Раней сёньня ў Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведамілі аб пачатку дасудовага сьледзтва ў дачыненьні да Анішчанкі па прыкметах дзяржаўнай здрады.

Анішчанка адзначыў, што абвінавачаньні СБУ супраць яго зьяўляюцца адказам на артыкул у выданьні «Страна», дзе ён абвінавачвае адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны ў скупцы галасоў у парлямэнце празь яго і некалькіх іншых дэпутатаў.

«Гэта адказ на ўчарашні артыкул. У мяне шмат кампрамату на Парашэнку. Таму зараз пачнецца, што гэта рука Крамля», — сказаў ён.

Анішчанка таксама абверг ранейшую інфармацыю аб наяўнасьці ў яго пашпарту Расеі.

У СБУ сьцьвярджаюць, што Анішчанка пагадзіўся на супрацоўніцтва з расейскімі ўладамі для дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.

Раней у Нацыянальным антыкарупцыйным бюро Ўкраіны (НАБУ) заявілі, што Анішчанка падазраецца ў арганізацыі схемы крадзяжу сродкаў пры здабычы і продажы прыроднага газу, у выніку чаго дзяржаве была нанесена шкода на суму каля трох мільярдаў грыўняў (120 мільёнаў даляраў).

Сам Анішчанка адмаўляў сваё дачыненьне да гэтага і называў узбуджаную справу ціскам на яго з мэтай адабраць ягоны бізнэс.

У ліпені сёлета Вярхоўная Рада Ўкраіны пазбавіла Анішчанку дэпутацкай недатыкальнасьці. У канцы ліпеня дэпутат паведаміў, што знаходзіцца ў Лёндане, але адзначыў, што ня мае намеру прасіць там палітычнага прытулку. На допыт НАБУ ў Кіеў ён не прыбыў.

Усяго ў рамках гэтай крымінальнай вытворчасьці затрыманыя 12 падазраваных.

У жніўні Анішчанку абвясьцілі ва ўсеўкраінскі вышук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG