Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за чуткамі пра новы рэфэрэндум у Беларусі


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч


Карбалевіч: Пачатак дыскусіі пра рэфэрэндум у незалежных мэдыях даў Лукашэнка, які, выступаючы перад Нацыянальным сходам 7 кастрычніка, цьмяна намякнуў пра магчымы плебісцыт.

Потым 23 лістапада Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі «імя сямʼі Гайдукевічаў» выступіла з заявай, што яна ініцыюе правядзеньне ў 2018 годзе адначасова з выбарамі дэпутатаў у мясцовыя Саветы рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі. ЛДПБ прапануе павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі з 5 да 7 гадоў, павялічыць тэрмін паўнамоцтваў беларускіх парлямэнтарыяў з 4 да 5 гадоў, а таксама перайсьці на выбары дэпутатаў усіх узроўняў па прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме.

У старадаўнія часы ў атачэньні манархаў існавала такая пасада як «разгадвацель сноў высачайшай асобы». У Беларусі гэтую ролю выконваюць бацька і сын Гайдукевічы. Як Жырыноўскі ў Расеі часта выказвае ўслых тое, што думаюць, але не наважваюцца сказаць у Крамлі. На пасаду старшыні ЦВК пераназначаная Лідзія Ярмошына, хоць сама яна ня раз публічна казала пра жаданьне сысьці ў адпачынак, на пэнсію. І многія чакалі, што адбудзецца зьмена на гэтай пасадзе. Але, магчыма, рэфэрэндум — справа настолькі важная, што нельга давяраць яе нейкай іншай, не такой праверанай і давернай асобе.

У старадаўнія часы ў атачэньні манархаў існавала такая пасада як «разгадвацель сноў высачайшай асобы». У Беларусі гэтую ролю выконваюць бацька і сын Гайдукевічы.

Затым зьявіліся выказваньні самой Ярмошынай, што «Павелічэньне тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта паспрыяе стабільнасьці грамадзтва». Магчыма, гэта зандаж грамадзкай думкі.

На тле гэтых чутак становіцца зразумелым і патрабаваньне Лукашэнкі абавязкова давесьці наступным годам сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. Патрабаваньне, якое ніяк не выцякае з эканамічнай сытуацыі, але добра кладзецца ў палітычную і прапагандысцкую лёгіку.

Зразумела, галоўнае пытаньне, якое хвалюе Лукашэнку — гэта павялічэньне тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта да сямі гадоў. Усе астатнія пытаньні — гэта дэкор і абрамленьне, якія закліканы прыхаваць галоўнае пытаньне. Дарэчы, і сама Ярмошына заявіла, што зьмяніць выбарчую сыстэму Беларусі можна без правядзеньня рэфэрэндуму і зьменаў Канстытуцыі. Так што ўсё зводзіцца да павялічэньня тэрміну прэзыдэнцтва.

Думаю, выказваньне Ярмошынай — гэта адлюстраваньне тых дыскусій, якія ідуць у атачэньні Лукашэнкі. Можна меркаваць, што канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае.

Думаю, выказваньне Ярмошынай — гэта адлюстраваньне тых дыскусій, якія ідуць у атачэньні Лукашэнкі. Можна меркаваць, што канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае.

Галоўнае, што незразумела: навошта гэта патрэбна Лукашэнку? З аднаго боку, выбары праз кожныя пяць гадоў сталі звычаем, да гэтага прыстасаваны і дзяржаўны апарат, і грамадзтва, выбарчая машына адшліфаваная і дае надзейны вынік. І навошта ўсё гэта ламаць? Зь іншага боку, гэтая ідэя цяпер будзе вельмі непапулярная ў грамадзтве. Людзі ўбачаць, што на тле глыбокага эканамічнага крызысу, які закрануў большасьць насельніцтва, Лукашэнку нішто больш не хвалюе, акрамя асабістай улады. Больш неспрыяльнага часу для рэалізацыі гэтай ідэі і не прыдумаць.

Я магу гэта патлумачыць нейкім нерацыянальным, падсьвядомым страхам страціць уладу, які раптам апанаваў Лукашэнку. Ніякіх рацыянальных тлумачэньняў гэтаму няма.

Глод: Спачатку пра тое, што можна вынесьці на рэфэрэндум. Першае — пераход з аднамандатнай ці так званай мажарытарнай сыстэмы абраньня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на зьмяшаную, калі частка парлямэнтараў абіраецца па акругах, а частка — па партыйных сьпісах. Яшчэ раней многія юрысты сьцьвярджалі, што гэта можна зрабіць і без рэфэрэндуму. Нацыянальны сход мае дастаткова паўнамоцтваў, каб, не парушаючы Канстытуцыю, зьмяніць гэтую прававую норму. Учора такую магчымасьць пацьвердзіла і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Другое — павелічэньне тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта з пяці да сямі гадоў. Вось гэтую норму, калі сыходзіць з Канстытуцыі, можна зафіксаваць толькі праз рэфэрэндум. Валер Карбалевіч задаваў нам пытаньне: навошта гэта патрэбна Лукашэнку? Я думаю, каб дапісаць сабе яшчэ дадатковыя гады асабістага праўленьня. Думаю, улады паўтораць свой досьвед рэфэрэндуму 1996 году. Нагадаю, упершыню Лукашэнка стаў прэзыдэнтам у 1994 годзе тэрмінам на пяць гадоў. Адпаведна другія выбары кіраўніка краіны павінны былі прайсьці ў 1999 годзе. Але ж насамрэч яны адбыліся толькі ў 2001 годзе. Чаму? А таму, што адлік паўнамоцтваў Лукашэнка пачаў не ад 1994 году, а ад часу правядзеньня рэфэрэндуму, то бок ад 1996 году.

Калі паўтарыць такі манэўр, то пасьля рэфэрэндуму, які, верагодна, адбудзецца ў лютым 2018 году разам зь мясцовымі выбарамі, Лукашэнка і пачне лічыць свае сем гадоў. Значыць, наступныя выбары адбудуцца толькі ў 2025 годзе, а не ў 2020, калі нічога не зьмяняць. Пяць дадатковых гадоў для чалавека, якому зараз 62 гады, істотны тэрмін.

Канстытуцыю праз рэфэрэндум можна перапісаць так, што наступнага прэзыдэнта Беларусі будзе абіраць толькі Нацыянальны сход.

Трэцяе, пра што можна пачуць у палітычных кулюарах, Канстытуцыю праз рэфэрэндум можна перапісаць так, што наступнага прэзыдэнта Беларусі будзе абіраць толькі Нацыянальны сход, а ня ўсе грамадзяне. На першы погляд, такі варыянт выглядае нейкім фантастычным. Аднак, на мой погляд, ён цалкам ужывальны. Такім спосабам Лукашэнка забівае адразу двух зайцоў. Першага, калі справы ў краіне будуць істотна пагаршацца, то абраньне праз Нацыянальны сход гарантуе цяперашняму прэзыдэнту працяг ягоных паўнамоцтваў. А другі заяц — гэта расейская пагроза. Нельга выключаць, што да новых прэзыдэнцкіх выбараў Крэмль знойдзе з грамадзянаў Беларусі іншага паслугача. І калі Масква правядзе антылукашэнкаўскую прапаганду з выкарыстаньнем усіх сваіх магчымасьцяў, то менавіта гэты кандыдат пры агульным галасаваньні грамадзян можа перамагчы Лукашэнку. І нават калі старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына агучыць не рэальныя, а патрэбныя Лукашэнку лічбы, Масква можа арганізаваць у Менску такія пратэсты, што Лукашэнку проста зьмятуць.

Зразумела, што дзейны кіраўнік Беларусі ўсё гэта разумее. І таму ўважліва разьбірае кожны варыянт. Дарэчы, кажуць, што падчас пяцігадзіннай размовы з Уладзімерам Пуціным беларускі прэзыдэнт настойліва спрабаваў даведацца, хто стане новым амбасадарам Расеі ў Беларусі. Справа ў тым, што цяперашні кіраўнік дыпмісіі Аляксандар Сурыкаў працуе ў Менску ўжо 10 гадоў. Ды і ўзрост у яго немаленькі — 76 гадоў. Так што ратацыя ўжо становіцца непазьбежнай. А ад таго, якая інфармацыя будзе паступаць у Крэмль непасрэдна ад расейскіх дыпляматаў, што непасрэдна працуюць у Беларусі, залежаць шмат у чым і пляны Крамля.

Я думаю, пасьля падзеяў ва Ўкраіне Лукашэнка сапраўды пачаў баяцца згубіць уладу менавіта празь нейкую акцыю, якую арганізуе Крэмль. Кампрамат на яго ў Маскве, безумоўна, ёсьць. І таму беларускаму кіраўніку трэба сьпяшацца замацаваць сваю ўладу. Чакаць традыцыйных выбараў выглядае небясьпечным — як бы не згубіць час. Менавіта гэтым я і тлумачу ініцыятывы Лукашэнкі.

Гурневіч: Ініцыятыва партыі Гайдукевічаў зь першага погляду выглядае як спроба гуляць на апераджэньне. Каб прасунуць карысныя для сваёй партыі рашэньні, па лёгіцы ЛДПБ, варта прапанаваць такое пытаньне, ад якога ўлада наўрад ці адмовіцца. І ўсё гэта прапанаваць у адным пакеце. У дэмакратычнай краіне гэта менавіта так і ўспрынялі б: як абсалютна цынічную палітычную гульню. Але Беларусь не дэмакратычная краіна.

Можна лічыць ініцыятыву ЛДПБ укідваньнем інфармацыі па просьбе ўлады з мэтай праверыць, як на гэтыя прапановы адрэагуе грамадзтва.

Так званыя лібэральныя дэмакраты цудоўна ведаюць, што калі б у краіне адбываліся выбары па партыйных сьпісах, то гэта абсалютна ня сьведчыць аб тым, што туды трапіць ЛДПБ. Гэта вырашае ўлада, каго прапусьціць, а каго не. Адным махам «Белую Русь» можна ператварыць у партыю і закрыць увесь парлямэнт сваімі.

Па-другое, шмат гаворыцца пра тое, што ЛДПБ кантралюецца ўладамі. Яны і самі гэтага не хаваюць. Хаця Гайдукевіч і называе сябе апазыцыяй, але на ўзроўні ягоных заяваў зразумела, што гэта цалкам ляяльны да ўлады чалавек.

Калі ўлічыць два гэтыя фактары, то можна лічыць ініцыятыву ЛДПБ укідваньнем інфармацыі па просьбе ўлады з мэтай праверыць, як на гэтыя прапановы адрэагуе грамадзтва. Гэта клясычны прыём у многіх краінах. У нашай сытуацыі ён, канешне, сьведчыць пра тое, што ўлада цяпер вельмі далёка ад настрояў грамадзтва. Як слушна заўважыў сп. Карбалевіч, цяпер, бадай, самы неспрыяльны момант для такой прапановы за ўсе гады кіраваньня Лукашэнкі.

Можна гэта лічыць нейкай самадзейнасьцю Гайдукевічаў. Пакуль... Калі ж і іншыя чыноўнікі, пасьля Ярмошынай, пачнуць казаць пра неабходнасьць такіх зьменаў, то гэта будзе азначаць, што пачалася кампанія па апрацоўцы галоваў людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG