Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маленькія і сымпатычныя наносяць удар у адказ


Пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі.

1. Маленькая сэнсацыя

У 2008 годзе ў беларуска-габрэйскім бюлетэні «Мы яшчэ тут!» выйшла сэнсацыйная перадавіца — клясык ізраільскай літаратуры Хаім-Нахман Бялік меў беларускае грамадзянства. Працуючы ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь француская дасьледчыца гісторыі доктар Клер Ля Фоль высьветліла, што ў 1921 годзе Хаім-Нахман Бялік зьвяртаўся да ўладаў Беларускай Народнай Рэспублікі, каб тыя паспрыялі выезду яго сям’і з Турэччыны. Новаму грамадзяніну БНР аформілі пашпарт, дзе было пададзенае фіктыўнае месца нараджэньня — Слонім Гарадзенскай губэрні (насамрэч Бялік нарадзіўся ва Ўкраіне). У паперы пазначалася сталае месца жыхарства — горад Адэса, дата народзін, а таксама колер вачэй і валасоў паэта. Бясплатная віза на выезд была сапраўдная да 15 жніўня 1921 году.

Цікавая дэталь у дадатак: ізраільскага грамадзянства Бялік так і не атрымаў. Папросту не дажыў чатырнаццаці гадоў да 1948, году ўзьнікненьня Дзяржавы Ізраіль.

Хаім-Нахман Бялік

Хаім-Нахман Бялік

2. Сымпатычны хітрык

Сёньня ўжо цяжка сказаць, ці ж Бялік шчыра паверыў у беларускую незалежнасьць, ці ж пашпарт з «Пагоняй» мусіў стацца яму прыладай дзеля перасячэньня шматлікіх межаў, якія ў той час паўзьнікалі ў Эўропе і Міжземнамор’і ў выніку рэвалюцыйных падзей.

Вядома, вельмі вабіць зьляпіць зь яго беларускага патрыёта. Бялік жа два гады вучыўся ў знакамітай Валожынскай ешыве, спасьцігаючы іўрыт у беларускай вэрсіі з вуснаў рабінаў-літвакоў. Аточаны беларускай прыродай напісаў верш «Да птушкі» (1892), які стаўся ня толькі ягоным дэбютам, але таксама своеасаблівым маніфэстам маладой іўрыцкай літаратуры. Верш вярнуў старажытную мову ў шэрагі дзейных гульцоў навачаснай паэзіі.

Але факты сьведчаць пра іншае. Юнага Бяліка выслала ў Беларусь з роднага ўкраінскага хутара матка — падалей ад галечы і балючых успамінаў пра заўчасную сьмерць бацькі. Валожынская ешыва ў сваю чаргу была досыць гермэтычным мікрасьветам, дзе кантакт з мясцовымі беларусамі быў мінімізаваны. У паэтычных вобразах і ўспамінах захопленасьць ешывай і яе творчай атмасфэрай у Бяліка ніколі не перакідвалася на навакольнае мястэчка. Ды і сам верш «Да птушкі» — горкі плач па згубленай сярод пустэльных пяскоў Бацькаўшчыне, у якім, на жаль, няма месца замілаваньню крывіцкай флёрай і фаўнай.


І самае прыкрае для гэтай тэорыі — дакладна вядома, што каб выехаць у Зямлю Ізраілю — тады правінцыю Брытанскай імпэрыі — Бялік пісаў ня толькі да ўладаў БНР. Знаходзячыся ў тым жа 1921 годзе яшчэ ў Адэсе (папярэднім пункце сваёй чарнаморска-міжземнаморскай адысэі), Бялік зьвяртаўся ў бальшавіцкі Крэмль да Ўладзімера Леніна па дазвол выехаць за межы савецкай Расеі для сябе і яшчэ для дзевяці габрэйскіх паэтаў.

Нягледзячы на гэтыя нестыкоўкі, усё роўна вынікае: дзень выдачы Бяліку пашпарту — вось сапраўдны дзень усталяваньня беларуска-ізраільскіх дыпадносінаў! Дзень, калі два пагарджаныя народы працягнулі адзін аднаму руку дапамогі. Сьціснутыя з усіх бакоў эўрапейскімі і эўразійскімі дзяржавамі, што ня вельмі прымалі чужое права на волю і незалежнасьць. Вось сапраўдны Дзень беларускага дыплямата! Дзень, калі айчынны МЗС заняўся пачэснай справай — знайшоўшы бюракратычны пралаз, зрабіў намаганьне вярнуць іншаму народу ягонага паэта (і можа быць, нават не аднаго).

Эдвард Джон Пойнтэр, «Візыт Царыцы Саўскай да цара Салямона».

Эдвард Джон Пойнтэр, «Візыт Царыцы Саўскай да цара Салямона».

3. Карты, грошы, люстраная падлога

Але вернемся да Бібліі. Прыгадваючы колішнія дыпляматычныя жэсты, да галавы ідзе афіцыйны візыт царыцы Саўскай у Ерусалім, да цара Салямона. Саўская — гэта ад назвы кампактнай дзяржавы Шва (Сава), якая знаходзіцца на поўдні Арабійскай паўвыспы, там, дзе сёньня знаходзіцца Емэн.

Рыпеньні вярблюдавай збруі, бразгатаньне залатых бранзалетаў і стальных лат, трэньне адна аб адну напоўненых віном гліняных амфар, тупат басаногіх нявольнікаў, шоргат апахалаў і шоўку. Водар заморскіх духмянасьцяў і лібанскага кедру. Слодыч недагавораных таямніц... Усё роўна, як з гісторыяй зь Бялікам — шмат чаго цьмянага і ня высьветленага. Нашто царыца Саўская прыбыла за дзьве тысячы кілямэтраў у Ерусалім?

Грошы? Ніякім чынам! Салямон, можа, і «даў царыцы Саўскай усё, чаго яна жадала і чаго прасіла», але і самой царыцы давялося выдаткаваць цару «сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўных камянёў» (Лет. 2, 9:9). Тое на тое.

Уплыў у рэгіёне і гандаль? Наўрад. Краіны, якія на той момант, можа, і квітнеюць на гандлі спэцыямі і кедрам, але ж не настолькі, каб на сваіх сходах крэмзаць карту рэгіёну. Сава і Юдэя — адносна малыя дзяржавы, абнятыя з усіх бакоў магутнымі Асырыйскай і Эгіпэцкай імпэрыямі.
Паміж краінамі — 2000 кілямэтраў Арабійскай пустэльні. Паводле падлікаў ізраільскага пісьменьніка Мэіра Шалева, царскай кавалькадзе спатрэбіцца паўгода, каб агораць у два канцы гэтую дыстанцыю, бо хуткасьць каравану будзе раўняцца хуткасьці самага слабага яго злучва — сасьмяглага і змучанага сьпёкаю пешага нявольніка. Пакідаць трон на столькі часу вельмі небясьпечна.

А сябраваць і гандляваць старадаўнім манархам можна было і на адлегласьці. Вось цірскі ўладар Хірам любіў Салямона і бацьку яго Давіда «ўсе дні свайго жыцьця» і даволі пасьпяхова гандляваў з імі, аднак жа ў Бібліі нідзе не пазначана, што яны бачыліся.

Дык можа прычына візыту царыцы — каханьне і жарсьць? Цалкам верагодна. Пра гэта ў Бібліі нідзе не сказана наўпрост, але ж такая рэдкая жаночая прысутнасьць на старадаўніх самітах і гарачы клімат робяць сваё.

І падступны іўрыт у дадатак. Дзеяслоў «жадала», «хефца», корань «х-ф-ц», у фразе «ўсё, чаго яна жадала» — надта двухсэнсоўны, зьвязаны і з «жаданьнямі», і з «пажадай», «юрам». Як жа распалілі сваю фантазію гэтым дзеясловам і жаночай прысутнасьцю габрэйскія, хрысьціянскія і мусульманскія мудрацы! У раньнім Сярэднявеччы па старонках апакрыфічных сачыненьняў гуляла крэатыўная выдумка — люстраная падлога ў залі для прыёмаў. Пры дапамозе яе, маўляў, Салямон убачыў валасатыя ногі царыцы, якія з высокай пэўнасьцю сьведчылі, што заморская візытантка — чорт. Пасьля д’ябальшчына зьехалася на пажадлівасьць Салямона.

Нават далікатны Бялік не ўтрымаўся. Пераствараючы ўжо ў ХХ стагодзьдзі старагабрэйскія паданьні, таксама ўзгадаў злашчасную падлогу. Царыца зайшла ў залю са шкляной падлогай, дык падумаўшы, што тая залітая вадой, інстынктыўна падняла спадніцы. Убачыўшы прыгажосьць яе цела, піша Бялік, «Салямон адвярнуў свой голаў».
Мужу пяцісот жонак таксама была вядомая сарамлівасьць.

4. Маленькія і сымпатычныя

Але адна дэталь замінае ўбачыць гэтую сустрэчу як рамантычнае спатканьне блізкаўсходняй сэкс-іконы і юрлівага караля батанаў. Пакуль «усе цары на зямлі шукалі, як пабачыць Салямона, каб паслухаць яго мудрасьці», царыца Саўская з ганарліва ўзьнятай галавой «прыйшла выпрабаваць цара загадкамі» (З Цар. 10:1). Адным словам, прыйшла кінуць выклік царскаму мэгаклёку. А можа, ня выпрабаваць, а выкарыстаць цара? Цяпер, калі позіркі зямных цароў накіраваныя на Салямона і на яго суразмоўніцу, дык час выхваліцца фірмовым саўскім інтэлектам...

Прыйшла царыца і цара паглядзець, і сябе паказаць. І паслухаць, і завесьці размову. Дыялёг, гутарку. Гутарку, якую яна не магла зачаць са сваімі лісьлівымі айчыннымі вяльможамі, ані з разумнымі, але адарванымі ад грамадзкіх клопатаў вандроўнымі мудрацамі, ані з пыхлівымі эгіпэцкімі фараонамі ці асырыйскімі імпэрыяцэнтрычнымі чыноўнікамі. Прыйшла завесьці гутарку з царом Салямонам, як роўная з роўным.

...Пра што ж мы будзем размаўляць, о, Салямон? Пра цэны на кедр і алей. Гэта важная тэма, прысьвецім ёй час. Пра кнігі. Вандроўныя мудрацы начыталі мне пару вашых кніг, сьвятых кніг — асабліва мне спадабаўся ваш прынцып адзінабожжа, якія прапаведуюць вашы сьвятары, але цікава, як яго дастасаваць для жыцьця дзяржавы. Пра тое, як жа добра, што нам няма чаго дзяліць. Пра мясцовыя чуткі. Далібог, эгіпцяне слабеюць, але асырыйцы паўсюдзяцца як саранча, і, відаць, о, Салямон, наступнай навалы чужынскіх орд нашы межы, пэўна, ня вытрываюць, і нам з табой, о, Салямон, давядзецца пастарацца ня стаць бяспамятнай правінцыяй, калі безьязыкім васалам не ўдалося. Пра тое, што нам, маленькім сымпатычным народам, трэба сябраваць.

Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG