Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІД


Чырвоная стужка — сымбаль барацьбы са СНІД

Чырвоная стужка — сымбаль барацьбы са СНІД

Падзеі 1 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

1 сьнежня традыцыйна адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІД. Місія гэтага дня — нагадаць пра неабходнасьць спыніць распаўсюд ВІЧ/СНІД ва ўсім сьвеце. Ініцыятыва правядзеньня Ўсясьветнага дня барацьбы са СНІД пайшла ад Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў 1988 годзе.

Таксама ў гэты дзень

1903 — адбыўся першы зьезд Беларускай сацыялістычнай грамады, першай нацыянальнай партыі ў гісторыі Беларусі.

1913 — усталяваная першая лінія канвэернай зборкі на заводзе Ford Motor Company.

1920 — ва ўнівэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вільні быў створаны «Гурток студэнтаў беларусаў». Праз год «Гурток» рэарганізаваўся ў Беларускі студэнцкі саюз.

1943 — скончылася Тэгеранская канфэрэнцыя кіраўнікоў Вялікабрытаніі, ЗША і СССР. Канфэрэнцыя стала першай сустрэчай «Вялікай Тройкі» ў ходзе Другой усясьветнай вайны. На ёй абмяркоўвалі ваенныя дзеяньні і пасьляваеннае міжнароднае ўладкаваньне, у тым ліку адкрыцьцё другога фронту і «польскае пытаньне». Канфэрэнцыя пастанавіла, сярод іншага, што ўсходняй мяжой Польшчы — адпаведна, заходняй мяжой Беларусі — павінна стаць лінія Керзона.

Франклін Рузвэльт, Уінстан Чэрчыль і Ёсіф Сталін на канфэрэнцыі ў Тэгеране

Франклін Рузвэльт, Уінстан Чэрчыль і Ёсіф Сталін на канфэрэнцыі ў Тэгеране

1953 — выйшаў першы нумар часопіса «Плэйбой».

1955 — Роза Паркс у Мантгомэры, Алабама, адмовілася саступіць месца ў аўтобусе беласкураму чалавеку. За гэта яе асудзілі як за «парушэньне грамадзкага парадку». У адказ чарнаскурае насельніцтва Мантгомэры пачало байкатаваць грамадзкі транспарт. Ужо ў наступным годзе Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што расавая сэгрэгацыя ў аўтобусах не адпавядае Канстытуцыі. Так Роза Паркс стала пачынальніцай і сымбалем руху за правы чарнаскурых грамадзян ЗША.

1959 — заключанае пагадненьне аб Антарктыцы. Дакумэнт забараніў выкарыстоўваць Антарктыду ў ваенных мэтах.

1989 — Міхаіл Гарбачоў першым з савецкіх лідэраў наведаў Ватыкан.

1991 — прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне і Ўсеўкраінскі рэфэрэндум аб незалежнасьці.

1991 — першыя прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане.

У гэты дзень нарадзіліся:

1792 — Мікалай Лабачэўскі, расейскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геамэтрыі.

1896 — Георгі Жукаў, савецкі палкаводзец Другой усясьветнай вайны.

1915 — Міхась Кавыль, беларускі паэт, рэдактар, грамадзкі дзеяч

1931 — Валянцін Малышаў, заслужаны архітэктар Беларусі. У Менску Малышаў спраектаваў Палац спорту, кінатэатар «Кастрычнік» і інш.

1935 — Вудзі Ален, амэрыканскі рэжысэр, актор, сцэнарыст, пісьменьнік.

Вудзі Ален. Шарж Арыны Арловай

Вудзі Ален. Шарж Арыны Арловай

1939 — Уладзімер Платонаў, беларускі матэматык, акадэмік АН БССР. У 1987–1992 гадах Платонаў узначальваў Акадэмію навук Беларусі.

1955 — Уладзімер Ванцэвіч, беларускі навуковец у галіне машынабудаваньня.

У памяці:

1973 — Давід Бэн-Гурыён, першы прэм’ер-міністар у гісторыі Ізраіля.

1989 — Мікалай Патолічаў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, у 1950–1956 — першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі.

Імпрэзы і выставы

Аўтограф-сэсія Кірыла Стаселькі з нагоды выхаду кнігі «Marginalis»

Выдавецтва «Галіяфы» ладзіць імпрэзу з удзелам Кірыла Стаселькі, аўтара кніг «Marginalis» і «Дзіцячы маніфэст». Раман «Marginalis» быў прызнаны самым насычаным паводле колькасьці пэрсанажаў творам беларускай літаратуры. У рамане аб’ёмам 251 944 знакі фігуруе ня менш як 136 пэрсанажаў. Гэты рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналягам Кнігі Гінэса — праектам «Рэкорды Куфра». А зборнік «Дзіцячы маніфэст» трапіў у лонг-ліст прэміі Гедройця.

Менск, кнігарня «Галіяфы» (вул. Няміга, 3-66).
Пачатак а 18:00.
Уваход вольны.

Прэзэнтацыя выставы «Прывет табе, жыцьцё на волі!»

Навучэнцы студыі жывапісу менскай гімназіі № 75 імя П. В. Масьленікава прэзэнтуюць 1 сьнежня сваю выставу ў музэі Багдановіча. Выстава прысьвечаная 125-годзьдзю з дня нараджэньня клясыка, якое будзе адзначацца 9 сьнежня.

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Менск, Літаратурны музэй Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а).
Пачатак а 16:00.

Канцэрты

Канцэрт гуртоў Vuraj і TonqiXod

Гурт Vuraj, які зарэкамэндаваў сябе як першаадкрывальнік традыцыйных сьпеваў, паўстане перад публікай з новым гітарыстам. Музыкі прэзэнтуюць слухачам свае пошукі адметнага гучаньня.

А гурт TonqiXod рыхтуецца да выхаду другога альбому, прэмʼера якога заплянаваная на зіму. Аматараў творчасьці TonqiXod чакаюць ня чутыя дагэтуль кампазыцыі.

Менск, бар Bristle (вул. Альшэўскага, 10).
Пачатак а 19:00.
Квіткі: 8–10 рублёў.

Канцэрт Паліны Рэспублікі

Сьпявачка Паліна Рэспубліка, якая летась нарадзіла дзіця і апошнім часам рэдка зьяўлялася на публіцы, пачынае вяртацца да канцэртнай дзейнасьці. Сьпявачка сьцьвярджае, што ў яе ўзьнікла «жыцьцёвая неабходнасьць» сустрэцца са сваімі слухачамі.

Менск, клюб «Графіці» (зав. Калініна, 16).
Пачатак а 19:00.
Квіткі каштуюць 20–25 рублёў.

Канцэрт украінскага гурту «Колір»

Украінскі гурт «Колір» працягвае свае гастролі па Беларусі і выступіць 29 лістапада ў Горадні. Напрыканцы лета музыкі з Адэсы выдалі альбом «Хто, як не ми».

Наваполацак, бар «VсеSвои» (Маладзёжная вул., 72б).
Пачатак а 20:00.
Квіткі: 5–7 руб.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG