Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: У час пасяджэньня прэзыдыюму Савету Міністраў Беларусі прэм’ер Андрэй Кабякоў агучыў пляны структуры росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі на 2017 год. Прэмʼер-міністар заявіў, што пры фарміраваньні прагнозу на 2017 год вызначаная структура прыросту ВУП. Пакінем убаку пытаньне, ці будзе гэты прырост — большасьць незалежных эканамістаў сьцьвярджае, што наўрад ці, што хутчэй за ўсё Беларусь і ў 2017-м годзе, як і сёлета, чакае рэцэсія, то бок падзеньне ВУП. Але засяродзімся на пытаньні, дзе ж урад бачыць пэрспэктывы росту.

«Палова — за кошт росту прадукцыйнасьці працы на дзейных прадпрыемствах, істотнага скарачэньня выдаткаў, укараненьня новых тэхналёгіяў і ўдасканаленьня сыстэмы кіраваньня, больш актыўнай і агрэсіўнай працы на замежных рынках. Другую палову прыросту эканомікі плянуем атрымаць за кошт так званай „новай эканомікі“. Фактычна гэтая задача вырашаецца праз разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, стварэньне новых прадпрыемстваў, новых працоўных месцаў, прыцягненьне замежных інвэстыцыяў», — распавядае Кабякоў.

Як бачым, прыгожыя правільныя, рынкавыя словы, якія, безумоўна маглі б спадабацца тым самым незалежным эканамістам і апазыцыйным палітыкам, калі б не адно «але». «Але» у тым, што пра рост малога бізнэсу, разьвіцьцё новых тэхналёгіяў улады гавораць актыўна ўжо апошнія некалькі гадоў. Доля таго прыватнага бізнэсу не расьце — яна зафіксаваная за апошнія гады прыблізна на ўзроўні 25%, і нават за апошні год зьменшылася да 24%. Дзе ж тая ўвага да малога бізнэсу?

Кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015 і адна зь лідэраў «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч адзначыла ў камэнтары для Свабоды, што гэта вельмі нагадвае праграму, зь якой яна і ейная каманда ішлі на прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары: «Падтрымаць малы і сярэдні бізнэс, ствараць працоўныя месцы, пашырыць тыя кірункі эканомікі, што ўжо разьвіваюцца, — ужо паўтара года гэта чуем пастаянна».

Беларускі малы бізнэс паводле сваіх характарыстык болей падобны да польскага і швэдзкага, чым да ўкраінскага ці расейскага.

Пад «новай эканомікай» напэўна перш за ўсё маюцца на ўвазе ІТ-тэхналёгіі, якімі Беларусь на сёньня ўжо славіцца і якія ў значнай ступені штурхаюць эканоміку наперад. Там ёсьць і вялікія заробкі, і высокая прадукцыйнасьць працы. Ці можа гэта ўсё падцягнуць беларускую эканоміку? Вось нядаўна ў перадачы «Інтэрвію тыдня» кіраўнік TUT.BY Юры Зісер казаў, што дзяржава стварыла найлепшыя ўмовы для ІТ-сфэры, і яна можа выцягнуць усю краіну. Загалоўкам было тое, што Беларусь павінная заняць ледзь ня трэцяе ў сьвеце месца па ІТ-тэхналёгіях пасьля ЗША і Ізраілю.

Але іншыя незалежныя эканамісты глядзяць ня так аптымістычна. Яны пагаджаюцца, што некаторыя напрамкі (насуперак існым умовам) растуць, і некаторыя бізнэсы маюць някепскі патэнцыял для разьвіцьця. Наш беларускі малы бізнэс паводле сваіх характарыстык болей падобны да польскага і швэдзкага, чым да ўкраінскага ці расейскага. Абставіны былі нязручнымі, і ён вымушаны быў змагацца за канкурэнтаздольнасьць. Але гэта два паралельныя сьветы — адзін, дзяржаўны, цягне эканоміку ўніз, другі — дае глебу для аптымізму. Але на сёньня пераважае першы, і ён не дае разьвівацца другому. І дзяржава ня робіць нічога, каб гэта зьмяніць — няма ні пляну рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, ні мадэрнізацыі. Адзінае, што робяць — гэта скарачэньне колькасьці працоўных. Так што трэба аптымістычна вітаць хоць бы словы ўраду, і разам з тым канстатаваць, што пакуль, на жаль, яны не пераходзяць у дзеяньне.

Гурневіч: Калі б нейкія прэміі давалі за словы, канешне, і Кабякоў, і іншыя чыноўнікі маглі б даўно некалькі мець. Гэта вельмі прыгожа ўсё гучыць, можа таму гэта цяжка ўсё ўявіць у рэальнасьці. Можна хваліцца колькі заўгодна рэйтынгамі Doing business, што мы па ўмовах вядзеньня і адкрыцьця бізнэсу расьцем, але калі гэта не праяўляецца на гаманцы людзей, не заўважана на ўзроўні жыцьця, то гэта ўсё ж такі неэфэктыўна. Могуць быць супэрумовы адкрыцьця бізнэсу, але ўмовы вядзеньня яго могуць быць як у пекле.

Я вельмі крытычна стаўлюся да словаў пра рост прадукцыйнасьці працы на ўжо існуючых прадпрыемствах. Вось Кабякоў кажа пра істотнае скарачэньне выдаткаў. Скарачэньне выдаткаў — гэта, відаць, звальненьне людзей, якія пазьней стануць тунеядцамі ці вырашаць паехаць у Расею. Дык каму ад гэтага лепш? Укараненьне новых тэхналёгіяў: за тыя грошы, якія Беларусь атрымлівае ад Расеі ў выглядзе ашчаджаных грошай на газе і нафце, даўно ўжо можна было б мадэрнізаваць многія заводы. На некаторых, магчыма, флягманах, гэта было зроблена. Але дастаткова паехаць у правінцыю, паглядзець, як розныя мясакамбінаты працуюць, на якой тэхніцы, каб зразумець, што гэта проста немагчыма, гэта каштуе мільёны даляраў, і зрабіць гэта ў 2017-м годзе проста нерэальна. Гэта трэба было рабіць 10 гадоў таму.

Праблема беларускага ўраду ў тым, што ён не падыходзіць комплексна да пытаньняў, якія хоча вырашаць.

Здаецца, у гэтым і праблема беларускага ўраду, што ён не падыходзіць комплексна да пытаньняў, якія хоча вырашаць. Можна заявіць сёньня, што яны зьбіраюцца рабіць заўтра, але вельмі мала часу і малая гнуткасьць. Бо патрэбныя крэдыты на гэта, грошай няма, гаворка вядзецца пра тое, каб шукаць грошы на сплату ранейшых крэдытаў, дык за кошт чаго будзе адбывацца гэтае ўкараненьне новых тэхналёгіяў і дзе яны будуць брацца?

Удасканаленьне кіраваньня, больш актыўная і агрэсіўная праца на замежных рынках — як гэта будзе выглядаць на практыцы, калі Беларусь стварыла гэты Мытны зьвяз, калі Беларусі часам невыгодна везьці нешта на Захад, бо гэта страшэнна датуецца, і на Захадзе гэта проста ня прымуць. Гэта вялікія пытаньні, і думаю, што нават спадар Кабякоў ня мае на іх адказу, а ўсе гэтыя заявы пра «новую эканоміку» — пэўны элемэнт прапаганды, каб у сытуацыі, калі навіны пра стан эканомікі вельмі пэсымістычныя, падтрымаць дух насельніцтва, паказаць яму, што мы штосьці плянуем. Але што б мы там не плянавалі, ёсьць рэальнасьць.

Сапраўды, пра малы бізнэс вельмі шмат і доўга гаворыцца. У Беларусі дзяржава — манапаліст амаль што па ўсіх напрамках. І яна разумее, што калі яна страціць манаполію, аддасьць нешта ў рукі малога ці сярэдняга бізнэсу, то пачнуцца яшчэ большыя скарачэньні, эканоміка пакажа ўсю сваю неэфэктыўнасьць.

Таму адказ: не, ня выцягне, таму што няма палітычнага жаданьня праводзіць гэтыя зьмены. Але канешне на ўзроўні заяў — пяцёрка з плюсам.

Глод: Прэм’ер Кабякоў пасьля перапынку зноў загаварыў пра валавы ўнутраны прадукт. Я прасачыў адну тэндэнцыю. Пакуль у беларускай эканоміцы справы былі больш-менш добрымі, прэзыдэнт і ўрад закідвалі насельніцтва лічбамі аб штогадовым росьце валавога ўнутранага прадукту. Пра заробкі, пра цэны тады гаварылі куды меней. Як толькі ВУП пачаў валіцца, Аляксандар Лукашэнка стаў казаць: што вы ўсё пра ВУП ды ВУП, звычайнаму чалавеку гэты ВУП нічога не гаворыць. Зразумела, што кіраўнік дзяржавы, як гэта ён умее, хуценька адрэагаваў на сытуацыю. Але ж што можна прэзыдэнту — нельга ўраду. Урад займаецца сваёй звычайнай працай і велічыня валавога ўнутранага прадукту — гэта найважнейшы паказьнік як працы чыноўнікаў, так і стану эканомікі.

А эканамічнае становішча цяжка назваць добрым. Учора я быў на плянарным паседжаньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У размове з журналістамі міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі прызнаў, што падзеньне валавога ўнутранага прадукту за год чакаецца большым за прагназаванае ягоным ведамствам. Ён сьцьвярджае, што падзеньне ВУП па выніках году можа скласьці ад 2,6% да 3%, калі раней Міністэрства эканомікі прагназавала 2%.

Пакуль у беларускай эканоміцы справы былі больш-менш добрымі, прэзыдэнт і ўрад закідвалі насельніцтва лічбамі аб штогадовым росьце валавога ўнутранага прадукту. Як толькі ВУП пачаў валіцца, Лукашэнка стаў казаць: гэты ВУП нічога не гаворыць.

Атрымліваецца, што міністэрства цяпер ускосна пагаджаецца з Міжнародным валютным фондам, экспэрты якога чакалі ў 2016 годзе падзеньне ВУП на 3%.

Невыкананьне прагнозу Зіноўскі тлумачыць адсутнасьцю канчатковага рашэньня аб куплі нафты ў Расеі:

«Паколькі нафта і нафтапрадукты маюць значную вагу ў ВУП, у аб’ёме мыта, — вось такі прагноз», — заявіў міністар.

Пераглядаць прагноз на наступны год пакуль не зьбіраюцца, хоць пра цэны на транзыт нафты Беларусь і Расея яшчэ не дамовіліся. Але ж і тут ацэнкі МВФ і Міністэрства эканомікі разыходзяцца. На 2017 год МВФ прагназуе падзеньне ВУП на 0,5%. Лукашэнка ж плянуе рост ВУП на 1,7%, а да канца «пяцігодкі» — аж на 12-15%.

А цяпер самы час вярнуцца да таго, пра што казаў Лукашэнка, а менавіта: пакінем незразумелы людзям ВУП і возьмем зразумелы абсалютна ўсім памер заробкаў. Задачу Лукашэнкі давесьці сярэднія заробкі зь цяперашніх 370 даляраў да 500 Зіноўскі ўчора назваў «крайне цяжкай», але «выканальнай у шэрагу галінаў эканомікі», паабяцаўшы дасягнуць у апошніх 500 даляраў налета.

Але пакуль мы бачым зусім адваротнае. Так, паводле афіцыйнай статыстыкі, расьце колькасьць малазабясьпечаных семʼяў. Вось у трэцім квартале гэтага году за мяжой беднасьці апынуліся амаль 158,8 тысячы хатніх гаспадарак. Гэта азначае, што штомесячны прыбытак у гэтых сем’ях не перавышаў бюджэту пражытачнага мінімуму, то бок нацыянальную рысу беднасьці.

Параўнальна з папярэднім кварталам, такіх семʼяў стала на 7700 болей. Прычым, малазабясьпечаных хатніх гаспадарак стала болей абсалютна ва ўсіх абласьцях. І як з усім гэтым справіцца ўрад, я зразумець не магу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG